Менск трапіў у рэйтынг гарадоў свету, найлепшых для жыцця


Менск трапіў у рэйтынг 100 найлепшых для жыцця гарадоў свету, складзены кансалтынгавай кампаніяй «Resonance».

Славутасць «Вароты Менску» каля чыгуначанага вакзалу ў Менску, Беларусь. 22 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

Беларуская сталіца заняла ў гэтым рэйтынгу 77-е месца, абагнаўшы такія гарады, як Кракаў, Бухарэст, Новы Арлеан, Атава і іншыя.

У першай дзясятцы можна знайсці Лондан, Парыж, Нью-Ёрк, Токіа, Сінгапур, Дубай, Сан-Францыска, Барселона, Амстэрдам і Сеул.

Рэйтынг складаецца кожны год, пачынаючы з 2016-га, з гарадоў-мільённікаў. Пры яго складанні ўлічваюцца водгукі з сайта «TripAdvisor», а таксама адзнакі ў «Instagram».

Гарады ацэньваюцца па такіх крытэрах, як зручнасць для жыцця, працы і вядзення бізнесу, турыстычная прывабнасць, збалансаванае развіццё, культурнае асяроддзе і інш.

Цікава, што ў мінулым годзе Менск займаў 86-е месца. Такім чынам, атрымліваецца, што за год палепшыў свой вынік на 9 пунктаў.

Паводле выдання «Bloomberg», рэйтынг кампаніі «Resonance Consultancy» з’яляецца «самым усебаковым даследаваннем у сваім родзе; ён вызначае гарады, найбольш камфортныя для мясцовых жыхароў, гасцей і бізнесу, а не проста разглядае іх турыстычную прывабнасць».

Не меншую цікавасць выклікае і само апісанне Менска, якое падаецца ў рэйтынгу. Так, каля беларускай сталіцы пазначана наступнае: «Горад камуністычнай эпохі сёння змагаецца з іншым тыранам у сваім імкненні да свабоды».

У больш разгорнутым апісанні даецца кароткая характарыстыка змагання жыхароў беларускай сталіцы з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, згадваецца Марыя Калеснікава, якая знаходзіцца ў зняволенні, прыгадваецца тое, што беларускі рэжым стаў хаўруснікам Расеі ў поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны.

Напрыканцы ж даецца даволі пазітыўнае заключэнне: «Калі расейскі аўтарытарызм у рэшце рэшт разбурыцца ў рэгіёне, менчукі, якія і так лідзіруюць па колькасці працоўнай сілы, гатовыя пераасэнсаваць свой горад як наступную вялікую еўрапейскую сталіцу».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў