Амаль 200 тыс. асобаў сталі ўцекачамі ў сектары Газа. Ізраіль раіць ім ісці ў Егіпет


Управа Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў для каардынацыі гуманітарных пытанняў (OCHA) абнавіла звесткі пра колькасць ахвяраў новай вайны паміж Ізраілем і сектарам Газа.

Наступствы ізраільскіх авіяўдараў па лагеры бежанцаў у сектары Газа ў адказ на напад ХАМАСу на Ізраіль. 9 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ali Jadallah / Anadolu Agency / abacapress.com / East News

Паводле звестак на вечар 9 кастрычніка, у выніку нападу «Хамасу» на Ізраіль загінулі больш як 900 ізраільцянаў і замежных грамадзянаў. Сама меней 2616 чалавек атрымалі раненні.

У сектары Газа тым часам загінулі 687 палестынцаў і яшчэ 3800 атрымалі раненні. Таксама паведамляецца, што 17 палестынцаў, у тым ліку чацвёра дзяцей, загінулі ў выніку дзеянняў ізраільскай арміі на Заходнім беразе ракі Іярдан, 295 атрымалі раненні.

Масавае перамяшчэнне насельніцтва ў сектары Газа за апошнія 24 гадзіны дасягнула больш за 187 518 чалавек, чакаецца яго далейшае павелічэнне.

Ізраіль сказаў, куды ўцякаць палестынцам

Тым часам ізраільскае войска раіць жыхарам Газы перапраўляцца ў Егіпет.

«Я ведаю, што кантрольна-прапускны пункт «Рафах» усё яшчэ адкрыты», – заявіў на брыфінгу прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю (Цагаль) Рычард Гэхт.

«Усім, хто можа выбрацца, я б параіў выйсці», – дадаў ён.

Пераход на егіпецкай мяжы з сектарам Газа часта выкарыстоўваецца жыхарамі сектару Газа падчас ізраільскіх аперацыяў супраць «Хамасу». Праўда, пасля ізраільскія вайскоўцы ўдакладнілі, што пераход закрыты.

Агляд
Што за арганізацыі «Хамас» і «Хізбула», якія абвясцілі вайну Ізраілю. І хто стаіць за імі
2023.10.10 08:00

Тэрарысты групоўкі «Хамас» з сектару Газа 7 кастрычніка пачалі маштабны напад на Ізраіль, у выніку краіна перайшла ў стан вайны. Ізраіль абвясціў аб аднаўленні кантролю над усімі паселішчамі каля Газы, аднак баі працягваюцца.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў