У Сцепанакерце заявілі пра дамоўленасці з Азербайджанам наконт касавання блакады Нагорнага Карабаху


Улады непрызнанага Нагорнага Карабаху заявілі, што дамовіліся з Азербайджанам аднавіць перавоз гуманітарнай дапамогі па лачынскім калідоры – адзінай дарозе, якая злучае гэты рэгіён з Арменіяй. Пакуль жа першы цяжкавік выправіўся ў Сцепанакерт з тэрыторыі Расеі праз Азербайджан, перадае агенцтва «Armenpress».

Цяжкавік з гуманітарным грузам для жыхароў Нагорнага Карабаху на расейска-азербайджанскай мяжы. 9 верасня 2023 года.
Фота: «Азертадж» / azertag.az

З ініцыятываю cкіраваць у Нагорны Карабах гуманітарны груз выступіла Расея. Як гаворыцца ў паведамленні ўладаў непрызнанай рэспублікі, яны «дазволілі ўвозіць дапамогу праз Аскеран, зыходзячы з неабходнасці зліквідаваць вострыя гуманітарныя праблемы, выкліканыя ўведзенай Азербайджанам блакадаю».

У Баку пацвердзілі інфармацыю, што прапусцілі на сваю тэрыторыю цяжкавік Расейскага Чырвонага Крыжа, каб «задаволіць харчовыя патрэбы армянскага насельніцтва, якое пражывае ў Карабахскім эканамічным раёне Азербайджану».

Пры гэтым у Сцепанакерце сцвярджаюць, што дасягнутыя дамоўленасці наконт рэгулярнага транспартавання гуманітарных грузаў па лачынскім калідоры. Дапамогу будуць вазіць сіламі расейскіх міратворцаў і Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа.

Напружанасць паміж Арменіяй і Азербайджанам абвастрылася, калі Баку закрыў рух па лачынскім калідоры – адзінай дарозе, якая злучае Нагорны Карабах з Арменіяй. Блакада прывяла да сур’ёзнага гуманітарнага крызісу ў рэгіёне, там не стае харчоў і лекаў.

Аналітыка
Што трэба ведаць пра гуманітарны крызіс у Нагорным Карабаху
2023.09.10 08:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў