Што трэба ведаць пра гуманітарны крызіс у Нагорным Карабаху


Больш за восем месяцаў Азербайджан ажыццяўляе блакаду Нагорнага Карабаху, намагаючыся канчаткова падпарадкаваць сабе сепаратысцкі рэгіён. Абмеркаванне гуманітарнага крызісу выйшла на ўзровень Рады бяспекі ААН, аднак перспектывы мірнага ўрэгулявання застаюцца туманнымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ветэраны вайны і армейскія добраахвотнікі размаўляюць з супрацоўнікамі праваахоўных органаў на дарозе непасрэдна перад Лачынскім калідорам пасля спробы разблакаваць Лачынскі калідор – адзіную дарогу, якая злучае сепаратысцкі рэгіён Нагорны Карабах з Арменіяй. 9 жніўня 2023 года.
Фота: Karen Minasyan / AFP / East News

Блакада Лачынскага калідору

Са снежня 2022 году рух па дарозе ў Лачынскім калідоры, які вядзе з Нагорнага Карабаха ў Арменію, быў абмежаваны. Спачатку Азербайджан блакаваў транспартнае злучэнне пад выглядам «пратэстаў экаактывістаў» (хутчэй за ўсё, ролю «экаактывістаў» выконвалі чальцы праўладных арганізацыяў і пераапранутыя сілавікі). Потым на дарозе ўжо афіцыйна паставілі памежны і мытны кантрольна-прапускны пункт, фактычна перакрыўшы свабоднае перамяшчэнне людзей і грузаў. Сітуацыя яшчэ больш пагоршылася пасля таго, як 12 ліпеня памежная служба Азербайджану паведаміла аб часовым спыненні дзейнасці памежна-прапускнога пункта «Лачын». Афіцыйная прычына – «неаднаразовыя спробы кантрабанды з дапамогай транспартных сродкаў, якія належаць Міжнароднаму камітэту Чырвонага Крыжа» (у Чырвоным Крыжы гэтыя абвінавачванні зняпраўджваюць).

Сепаратысцкі рэгіён пазбавіўся адзінага маршруту, па якім ён забяспечваўся рэсурсамі з Арменіі. У выніку каля 120 тысяч жыхароў Нагорнага Карабаху зазналі востры дэфіцыт прадуктаў харчавання, лекаў, сродкаў гігіены і паліва.

Улады самаабвешчанай рэспублікі спрабуюць размяркоўваць прадукты першай неабходнасці па талонах, аднак праблему гэта не вырашае. «Мы хоць і атрымліваем талоны, але набыць на іх нічога не паспяваем. Крамы не забітыя прадуктамі, а ахвочых вельмі шмат. Звычайна ўсё цалкам раскупляюць за некалькі гадзін», – распавяла Бі-Бі-Сі адна з жыхарак Сцепанакерта.

Жыхары Карабаху казалі журналістам Reuters, што могуць харчавацца толькі тым, што вырабляецца ў рэгіёне, але нават гэтыя прадукты трапляюць у Сцепанакерт нячаста, паколькі мясцовым фермерам не хапае паліва, каб даставіць іх на рынак. Людзі скардзяцца, што ўжо даўно не бачылі мяса, малочных прадуктаў і яек. Некаторыя сцвярджаюць, што не хапае нават хлебу. Акрамя таго, у дамах няма газу, рэгулярна здараюцца веерныя адключэнні электрычнасці.

У жніўні Упаўнаважаны па правах чалавека ў непрызнанай Нагорна-Карабахскай рэспубліцы Гегам Сцепанян заявіў аб першым выпадку смерці ад голаду: паводле яго, ад хранічнага недаядання памёр 40-гадовы мужчына. МЗС Арменіі сцвярджае, што 30 тысяч дзяцей у рэгіёне пакутуюць ад дэфіцыту харчавання, дзве тысячы цяжарных жанчын не маюць базавага доступу да аховы здароўя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наступствы азербайджанскай блакады: дэфіцыт у крамах і жыццёвыя цяжкасці жыхароў Сцепанакерта ў Нагорным Карабаху. 1 лютага 2023 года.
Фота: Marut Vanyan / Zuma Press / Forum

Афіцыйны Ерэван лічыць, што Азербайджан такім чынам праводзіць палітыку этнічных чыстак і хоча прымусіць армянаў пакінуць рэгіён.

Паміж гуманітарнай катастрофай і падрывам суверэнітэту

Арменія яшчэ ў пачатку 2023 года звярнулася з іскам у Міжнародны суд ААН, якія абавязаў Баку забяспечыць бесперашкодны рух па Лачынскім калідоры. Гэтае рашэнне было праігнараванае азербайджанскімі ўладамі.

Група незалежных экспертаў ААН у галіне правоў чалавека ў жніўні заявіла, што дзеянні Азербайджану прывялі да «надзвычайнай гуманітарнай катастрофы». Праваабаронцы кажуць, што існуе пагроза для жыцця дзяцей, людзей з інваліднасцю і людзей з рознымі захворваннямі, а таксама пажылых людзей і цяжарных жанчын. З-за недахопу паліва праблемай становіцца нават прыезд машыны хуткай дапамогі на тэрміновы выклік.

Улады Азербайджану не прызнаюць гуманітарны крызіс у Карабаху і адмаўляюць сам факт блакады. Афіцыйны Баку прапаноўвае правозіць грузы праз дарогу Агдам-Ханкенды (Сцепанакерт) – 29 жніўня азербайджанцы накіравалі па ёй у Карабах 40 тонаў мукі. Армянаў такая альтэрнатыва не задавальняе: яны настойваюць на аднаўленне руху менавіта па Лачынскаму калідору, бо гэта адзіны шлях, які злучае Арменію і Нагорны Карабах. Аднак Азербайджан наракае на тое, што Лачынскі калідор Арменія выкарыстоўвае для забеспячэння незаконных узброеных фармаванняў у Карабаху. Па словах прадстаўнікоў афіцыйнага Баку, тое, што Арменія спрабуе прадставіць у якасці гуманітарнага пытання, «з’яўляецца правакацыйнай і безадказнай палітычнай кампаніяй па падрыве суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці» Азербайджану.

16 жніўня па ініцыятыве Арменіі гуманітарны крызіс у Карабаху абмяркоўваўся ў Радзе бяспекі ААН. Большасць удзельнікаў дыскусіі выступілі ў падтрымку армянаў, заходнія краіны выказвалі сваю занепакоенасць сітуацыяй і заклікалі разблакаваць Лачынскі калідор. Аднак далей за размовы справа не пайшла: ніякай рэзалюцыі Рада бяспекі па выніку не ўхваліла.

Hавiны
У Нагорным Карабаху адбылася перастрэлка паміж армянамі і азербайджанцамі. Ёсць забітыя
2023.03.05 16:20

Бескампраміснасць Баку і пытанне гарантыяў

Цяперашні крызіс з’яўляюцца лагічным працягам шасцітыднёвай армяна-азербайджанскай вайны ў Нагорным Карабаху 2020 году. Армянскай армія пацярпела тады поўную паразу. Сепаратысцкае ўтварэнне радыкальна скарацілася тэрытарыяльна і было адрэзана ад Арменіі. Разам з тым, самаабвешчаная Нагорна-Карабахская рэспубліка існаваць не перастала і яе будучыня ў дамове аб спыненні агню ніяк акрэслена не была. То бок дэ-факта канфлікт застаўся не развязаным.

Перамога ў вайне дазволіла прэзідэнту Азербайджану Ільхаму Аліеву дзейнічаць у далейшым з пазіцыі сілы. Перарэзаўшы Лачынскі калідор, афіцыйны Баку хоча прымусіць сепаратысцкі рэгіён да поўнай інтэграцыі ў дзяржаўную сістэму Азербайджану і пераўтварэнне Нагорнага Карабаху ў шараговую адміністратыўную адзінку.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Неразарваная ракета БМ-30 «Смерч» на ўскраіне Сцепанакерта падчас ваеннага канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам за сепаратысцкі рэгіён Нагорны Карабах. 12 кастрычніка 2020 года.
Фота: Aris Messinis / AFP / East News

Арменія, пацярпеўшы паразу ў 2020 годзе, дэманструе гатовасць ісці на саступкі. У красавіку прэм’ер-міністр Нікол Пашыньян заявіў, што Арменія прызнае тэрытарыяльную цэласнасць Азербайджану ў межах часу СССР. У траўні армянскі прэм’ер увогуле заявіў пра гатовасць прызнаць Нагорны Карабах часткаю Азербайджану, аднак толькі пры ўмове, што армянскае насельніцтва атрымае гарантыі сваіх правоў і бяспекі. Прычым абмяркоўвацца гэта пытанне, лічыць Пашыньян, мусіць з удзелам Сцепанакерту.

Пытанне гарантыяў для армянскага насельніцтва Нагорнага Карабаху – гэта галоўнае, што цяпер тармазіць мірнае ўрэгуляванне канфлікту. Афіцыйны Баку заняў тут бескампрамісную пазіцыю: улады краіны лічаць, што Арменія павінна без нейкіх умоў прызнаць Нагорны Карабах неад’емнай часткай Азербайджана.

«Мы неаднаразова заяўлялі, што не будзем абмяркоўваць свае ўнутраныя справы ні з адной краінай. Карабах – наша ўнутраная справа. Армяне, якія пражываюць у Карабаху, альбо павінны прыняць грамадзянства Азербайджану, альбо павінны шукаць для сябе іншае месца пражывання», – яшчэ ў студзені заявіў Ільхам Аліеў.

Пры гэтым намеснік старшыні камітэту па абароне і бяспецы азербайджанскага парламенту Хікмет Бабаоглу нядаўна даў зразумець, што азербайджанскі пашпарт выдадуць далёка не ўсім. Паводле яго, пакінуць краіну павінны ўласнікі расейскіх пашпартоў з Карабаху, «10 тысяч тэрарыстаў» (маюцца на ўвазе байцы армянскіх узброеных фармаванняў), а таксама ўсе, хто перабраўся жыць у Карабах за апошнія 30 гадоў. «Рашэнне аб тым, хто будзе мець права застацца і жыць у Карабаху, будзе прынята ў адпаведнасці з законамі Азербайджану. Папярэднія ўмовы заключаюцца ў тым, што ў першую чаргу такі шанец можа быць у армянаў, якія не парушаюць законы Азербайджану», – заявіў ён у інтэрв’ю APA.

Чаму армяне баяцца рэінтэграцыі

Аліеў і ягоныя чыноўнікі абяцаюць, што армяне Карабаху, якія атрымаюць азербайджанскі пашпарт, будуць мець тыя ж правы, што і ўсе іншыя грамадзяне Азербайджану. Аднак варта ўлічваць, што Азербайджан – гэта аўтарытарная краіна, дзе існуюць сур’ёзныя праблемы з правамі чалавека, палітычнымі і грамадзянскімі свабодамі. Клан Аліевых (да Ільхама прэзідэнтам быў ягоны бацька Гэйдар) знаходзіцца ва ўладзе з 1993 году. Свабодных выбараў і незалежных судоў у краіне даўно няма. Пераследуецца апазіцыя і незалежная прэса, парушаюцца правы нацыянальных меншасцяў. У рэйтынгу «Freedom House» Азербайджан (статус Not Free) знаходзіцца значна ніжэй не толькі за Арменію, але і за непрызнаную Нагорна-Карахахскую рэспубліку (статус Partly Free).

З улікам гэтага армянам у прынцыпе не выпадае разлічваць, на тое, што дзяржаўныя інстытуту Азербайджану здольныя забяспечыць іх правы і свабоды. Акрамя таго, існуе і суб’ектыўны фактар. Шматгадовы ўзброены канфлікт у Карабаху, які ў пачатку 90-х суправаджаўся выгнаннем са сваіх дамоў сотняў тысячаў азербайджанцаў спрыяў фармаванню нецярпімасці да армянаў. Узнікаюць цалкам натуральныя асцярогі наконт таго, што жыхары сепаратысцкага рэгіёну пасля яго рэінтэграцыі ў дзяржсістэму Азербайджану зазнаюць дыскрымінацыю, а можа і проста стануць ахвярамі помсты.

У ліпені Нікол Пашыньян заявіў, што новая вайна з Азербайджанам вельмі верагодная, пакуль мірнае дамова не будзе падпісаная. Пра магчымасць эскалацыі раней казалі ў інтэрв’ю «Белсату» палітолагі з Азербайджану і Арменіі. У выпадку новага ўзброенага канфлікту пераможцу прадказаць не складана: сіла цяпер яўна на баку Азербайджану.

Аналітыка
У Баку і Ерэване адкрыта кажуць, што галоўная прычына вайны ў Нагорным Карабаху – палітыка Крамля
2023.07.24 17:52

Міжнароднае пасярэдніцтва і цана гарантыяў Крамля

Ініцыятыву міжнароднага пасярэдніцтва ў перамовах Ерэвана і Баку ўзяў на сябе Еўразвяз. Брусель заклікае Азербайджан дэблакаваць Лачынскі калідор, аднак падтрымлівае таксама і сустрэчную прапанову запусціць дарогу Агдам-Ханкенды. «Я лічу, што важныя абодва варыянты, і падтрымліваю гуманітарныя пастаўкі з абодвух бакоў», – заявіў старшыня Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль, які правёў ужо некалькі раўндаў перамоваў паміж Аліевым і Пашыньянам.

Акрамя таго, Мішэль заклікаў Азербайджан гарантаваць правы і бяспеку карабахскіх армянаў.

Да перамоўнага працэсу далучыліся таксама і Злучаныя Штаты. Напрыклад, у траўні кіраўнікі МЗС Арменіі і Азербайджану некалькі дзён правялі ў Вашынгтоне, абмяркоўваючы пад эгідай Дзярждэпартаменту ЗША ўмовы мірнага пагаднення.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі міратворац правярае дакументы ў кіроўцы на кантрольна-прапускным пункце ў сепаратысцкім рэгіёне Нагорны Карабах. 17 лістапада 2020 года.
Фота: Sergei Grits / AP Photo / East News

Прэтэндуе на ролю пасярэдніка ды арбітра таксама Расея. У Карабаху цяпер знаходзяцца расейскі міратворчы кантынгент, ягоны мандат сканчаецца ў 2025 годзе. Аднак прысутнасць міратворцаў не забяспечыла Расеі ключавую ролю ў мірным урэгуляванні. Актыўнасць і палітычны ўплыў Масквы на сітуацыю ў рэгіёне значна знізіліся на фоне поўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны.

Паводле дамовы паміж Арменіяй, Азербайджанам і РФ ад 10 лістапада 2020 года, бесперабойнае функцыянаванне Лачынскага калідора павінны былі забяспечыць менавіта расейскія міратворцы. А Азербайджан, у адпаведнасці з дасягнутым пры пасрэдніцтве Крамля пагадненнем, мусіў гарантаваць «бяспеку руху па Лачынскім калідоры грамадзян, транспартных сродкаў і грузаў у абодвух напрамках». Нягледзячы на гэта, пазіцыя Крамля ў цяперашнім крызісе застаецца на здзіўленне пасіўнай.

Масква нібыта і заклікала разблакаваць Лачынскі калідор, але зрабіла гэта ў максімальна асцярожнай форме, каб не пасварыцца з Азербайджанам. Паказальна, што падчас дыскусіі ў Радзе бяспекі ААН прадстаўнік РФ пры ААН Дзмітрый Палянскі заявіў, што «праблемы ў любым выпадку павінны вырашаць паміж сабой Баку і Ерэван, і ніякія навязаныя звонку схемы і развязкі іх дыялог не заменяць».

Пашыньян раней публічна абвінаваціў Расею ў тым, што яна не выконвае ўзятых на сябе міратворчых абавязкаў. Пазіцыя Крамля наконт крызісу ў Нагорным Карабаху прывяла да таго, што Арменія перастала прымаць удзел у супольных вучэннях АДКБ і задумалася аб выхадзе з гэтай арганізацыі.

Аналітыка
«Тактыка салямі». Арменія прапанавала Азербайджану мір, але ёсць шмат нюансаў
2023.04.20 11:20

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў