Павел Севярынец знайшоўся ў турме ў Горадні


Павел Севярынец цяпер утрымліваецца ў турме ў Горадні. Пра гэта напісала жонка палітвязня Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку».

Павел Севярынец на судзе.
Фота: radiosvaboda / Telegram

Як прайшоў этап са Шклова ў Горадню і ў якім стане цяпер Павел, невядома.

«Але ён жывы, гэта галоўнае, – піша Вольга Севярынец. – Вялікі дзякуй тым, хто гэтыя дні перажываў разам з намі і маліўся».

Вольга папярэдзіла, што лісты Паўлу не ад родных, хутчэй за ўсё, даходзіць не будуць, але пакінула адрас для падтрымання: турма № 1, камера № 16, вул. Кірава, 1, 230023, г. Горадня.

Пра Паўла Севярынца нічога не было вядома цягам двух тыдняў. Маці палітвязня Таццяна Севярынец выказвала думку, што Паўла перад этапам маглі кінуць у ШІЗА калоніі, дзе яшчэ ў красавіку яго паставілі на ўлік як злоснага парушальніка рэжыму.

Паўла Севярынца схапілі сілавікі каля ўласнага дому ў Менску 7 чэрвеня 2020 года, калі ехаў з выбарчага пікету на Камароўскім рынку. Пасля 75 содняў адміністратыўнага арышту яго так і не вызвалілі. Яму выставілі новае абвінавачанне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Удзел у масавых закалотах»).

25 траўня 2021 года Магілёўскі абласны суд прыгаварыў Паўла Севярынца да сямі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Разам з ім судзілі яшчэ шасцёх палітвязняў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, не пускалі нават родных. Пасля абвяшчэння прысуду Севярынец звярнуўся да ўсіх, хто быў у зале: «Беларусь будзе вольнай! Верым! Можам! Пераможам!»

У красавіку бягучага году адміністрацыя папраўчай калоніі № 17 прызнала Севярынца «злосным парушальнікам рэжыму». Яго ўтрымлівалі ў ШІЗА некалькі месяцаў, а потым перавялі ў ПКТ на 3 месяцы. Вядома, што ў яго праз гэта пачаліся праблемы са здароўем. 21 чэрвеня сёлета ў Шклове адбыўся суд, на якім Паўлу Севярынцу змянілі рэжым утрымання. Суддзя Аляксандр Тараканаў пастанавіў перавесці палітыка ў турму тэрмінам на тры гады.

Рэпартаж
«Акрываўленая, лезеш у кармушку». У Варшаве агучылі гісторыі катаванняў у турмах Беларусі
2023.06.27 23:25

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў