Больш за 130 тысяч тон боепрыпасаў былі вывезеныя з Беларусі ў Расею цягам года


Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі паведамляе, што ўдзел Беларусі ў вайне ва Украіне не абмяжоўваецца толькі прадстаўленнем Расеі тэрыторыі для наступу і абстрэлаў. Беларусь таксама перадае Расеі вялізныя колькасці боепрыпасаў.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: officelife.media

Па чыгунцы з Беларусі ў Расеі ў перыяд са студзеня 2022 года да студзеня 2023 года былі вывезеныя 131 535 (±5-10%) тон боепрыпасаў, сцвярджае супольнасць чыгуначнікаў. Адпраўкі працягваюцца і па сённяшні дзень – у сярэднім ад 5 да 10 тысяч тон на месяц.

Супольнасць чыгуначнікаў прыводзіць разбіўку па колькасці вывезеных з Беларусі боепрыпасаў па месяцах. Найбольш было вывезена ў красавіку 2022 года – 29 741 тона. Найменш – у лютым 2022 года – усяго 50 тон. Ужо з сакавіка 2022 года аб’ёмы пачынаюць вылічацца тысячамі і дзясяткамі тысяч тон.

Асноўныя станцыі пагрузкі боепрыпасаў: Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункі (праз яго вывезена 67 976 тон), Менскае аддзяленне (8798 тон), Берасцейскае аддзяленне (28 507 тон), Баранавіцкае аддзяленне (1064 тоны), Магілёўскае аддзяленне (25 190 тон).

Асноўныя арсеналы захоўвання боепрыпасаў, з якіх ажыццяўляецца вываз у РФ:

  • 1393 артылерыйскі склад боепрыпасаў в/ч52208 каля станцыі Цэнтраліт (Гомельскае аддзяленне чыгункі)
  • 2271 база інжынерых боепрыпасаў (в/ч 22403) і 4970 база інжынерных боепрыпасаў (в/ч 52957) каля станцыі Рэчыца (Гомельскае аддзяленне)
  • 43 арсенал ракет і боепрыпасаў (в/ч 11724) каля станцыі Добруш (Гомельскае аддзяленне)
  • 1868 артбаза ўзбраення (в/ч 63604) каля станцыі Новабеліцкая (Гомельскае аддзяленне)
  • 391 артылерыйская база боепрыпасаў (в/ч29253) каля станцыі Бобр (Менскае аддзяленне)
  • 46 арсенал ракет і боепрыпасаў (в/ч 67878) каля станцыі Бронная Гара (Берасцейскае аддзяленне)
  • 1405 артылерыйская база боепрыпасаў (в/ч 42707) каля станцыі Асіповічы-1 (Магілёўскае аддзяленне)

Вагоны з боепрыпасамі з Беларусі ідуць на станцыі Паўднёва-Усходняй, Паўночна-Каўказскай, Крымскай, Маскоўскай, Горкаўскай, Паволжскай, Свярдлоўскай, Паўночнай чыгунак РФ.

Да 31 снежня 2022 года вываз боепрыпасаў у Расею са станцый Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункі ажыццяўляўся праз Бранск, але праз нестабільнасць рэгіёну з 1 студзеня 2023 года боепрыпасы вывозяцца праз Смаленск.

Супольнасць чыгуначнікаў папярэджвае, што прадстаўленая інфармацыя мае дакладнасць у межах 90-95%.

«Прыведзеныя звесткі аб аб’ёмах вывазу боепрыпасаў з Беларусі ў РФ і на акупаваныя тэрыторыі Украіны, уключаючы Крым, сведчаць пра нашмат большую, чым паказвае прапаганда, уцягнутасць рэжыму Лукашэнкі ў вайну на баку агрэсара, і зʼяўляюцца доказам поўнамаштабнага ўдзелу ў ёй», – падкрэсліваюць беларускія чыгуначнікі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў