Эканамічны суд Берасцейскай вобласці аштрафаваў мясцовага жыхара на 1200 рублёў за дзейнасць, «накіраваную на сістэматычнае атрыманне прыбытку ад аказання паслуг для спрыяння заезду без чаргі ў пункт пропуску».
Як паведамляе прэс-служба суда, 7 сакавіку 2024 года мужчына ў аўтамабільнай чарзе ў пункце пропуску «Берасце» прапанаваў дапамогу ў хутчэйшым мінанні мяжы працаўніку падатковай інспекцыі, які акурат праводзіў кантрольнае правяранне. Берасцеец прасіў за свае паслугі 170 долараў.
У судзе зазначылі, што мужчына сістэматычна аказваў такія паслугі. У перыяд са жніўня 2022 да сакавіка 2024 года парушальнік «увесь час быў на тэрыторыі, прылеглай да кантрольна-прапускнога пункту «Варшаўскі мост», на што паказвалі больш за 20 тысяч ягоных тэлефонных злучэнняў з гэтай мясцовасці».
Дзейнасць мужчыны была кваліфікаваная паводле артыкулу аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці (частка 2 артыкула 13.3 КаАП).
Гэта ўжо не першы выпадак, калі падаткавікі штрафуюць беларусаў, якія прадаюць месца ў мяжы.
Нагадаем, на выездзе з Беларусі ў Польшчу апошнімі днямі не знікаюць вялізныя чэргі з аўтамабіляў і аўтобусаў. 8 красавіка чэргі з легкавікоў склалі больш чым 500 машынаў. 9 красавіка ўвесь дзень стабільна больш за 300 машынаў усё яшчэ чакаюць заезду ў Польшчу. Людзям даводзіцца стаяць у чэргах больш за содні.
Пра тое, што адбываецца цяпер на мяжы, чытайце ў рэпартажы «Белсат» з памежнага пераходу «Тэрэспаль – Берасце».
Глеб Нержын belsat.eu