Выканайце прысягу, абараніце Беларусь

Што мне падабаецца ў паводзінах ураду Польшчы як ураду здаровага чалавека, дык гэта тое, што адначасова з тым, як ідзе праца дзеля недапушчэння панікі сярод цывільных грамадзянаў («Хай прыходзяць і пабачым, хто каго», кажа міністр замежных справаў Радослаў Сікорскі), адбываецца і фонавая падрыхтоўка да таго, што пагрозы Лукашэнкі гэтым разам могуць быць рэальнымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працаўнікі АМАПу перакрываюць дарогу падчас шэсця на Дзяды на праспекце Незалежнасці. Менск, Беларусь. 1 лістапада 2020 года.
Фота: Stringer / TASS / Forum

Польскі ўрад без гучных анонсаў і надзявання прэзідэнтам Анджэем Дудам мундзіра, паціху рыхтуе інтэрнэт-рэсурсы да процідзеяння правакацыям, уварванню войска Лукашэнкі ці расейскага войска альбо нейкім гібрыдным нападам. У сувязі з гэтым у мяне, і, мне здаецца, ва ўсіх беларусаў ёсць вялікая тэма для размовы, якая называецца «здрада» або «здрада Радзіме». Гэта сур’ёзнае абвінавачанне, у нас у Беларусі паводле гэтага артыкулу цяпер людзі дзесяцігадовыя тэрміны ў турмах адбываюць.

Неяк так сталася, што Лукашэнка і ягоныя прапагандысты захапілі гэты тэрмін, актыўна яго эксплуатуюць, а мы нават і адказаць нічога не можам. То бок, у нас чалавек, які незаконна захапіў уладу праз збіванне дзясяткаў тысячаў людзей і прымусовае выкіданне з краіны соцень тысяч людзей, гэта як быццам і ёсць Радзіма. Як быццам Радзіма – гэта Лукашэнка і ягоныя сябры. А тыя людзі, што бясплатна абаранялі збітых беларусаў, дапамагалі грашыма, лячылі, кармілі, хавалі ад бандытаў, – гэта як быццам здраднікі Радзімы.

У нейкі момант гэта стала так распаўсюджана, што нават звыкла.

Цяпер хочацца звярнуць увагу на тое, што радзіма – гэта не кіраўнік дзяржавы. Гэта не Лукашэнка, не Машэраў, не Кебіч, не Шушкевіч і не Ціханоўская. Радзіма – не краявіды, не бярозкі, не Горадня і не Магілёўшчына. Гэта не дзяржаўная мяжа, не Нарач і не Полацкая Сафія. Радзіма – гэта 9 млн беларусаў. Радзіма – гэта найперш тыя, хто робіць нешта, каб гэтым дзевяці мільёнам жылося не так балюча і страшна, як мы прызвычаіліся жыць у апошнія гады.

Дык вось, мне хочацца звярнуцца да тых у беларускай міліцыі і беларускім войску, хто там яшчэ жывы і разумны:

Калі вы атрымлівалі ад дзяржавы кватэры і льготныя крэдыты, вы атрымлівалі іх і ад мяне ў тым ліку. Я плаціў падаткі, з якіх вы гэта мелі. Я гэтыя грошы зарабляў, падаткі з іх плаціў, і вы з гэтых грошай атрымлівалі фінансавыя выгады. Вы сыходзілі на пенсію ў сорак гадоў, атрымлівалі льготы і медычную дапамогу. За што? За тое, каб берагчы краіну ад небяспекі, за тое, каб у нейкі цяжкі момант стаць на яе абарону.

Дык вось ён, гэты момант, надышоў. Нават не цяпер, а яшчэ раней, калі Лукашэнка аддаў свой народ, аддаў сваю краіну і вырашыў застацца ва ўладзе коштам забойства дзясяткаў тысяч сваіх грамадзянаў, коштам збіванняў, кідання ў турмы і выгнання з краіны тысяч беларусаў.

Гэта трэба было зрабіць у 2020 годзе, гэта трэба было зрабіць у 2022 годзе, калі Лукашэнка дзеля ўтрымання сваёй улады аддаў нашую краіну як плацдарм для нападу на Украіну, якая нічога кепскага нам не зрабіла.  Але вы і тады нічога не зрабілі. Вы проста заткнулі свае языкі ў тое месца, на якім сядзіце ў мяккіх крэслах.

Hавiны
Ваяваць не хочам, але да вайны рыхтуемся. Лукашэнка заявіў пра «падрыхтоўку адпаведных фармаванняў»
2024.04.02 14:17

Цяпер Лукашэнка абяцае ўцягнуць у вайну нашую краіну, дзе больш за ўсё загінула людзей у час Другой сусветнай адносна агульнай колькасці насельніцтва. Дзеля чаго?

Каб зноў утрымаць уладу і грошы. Каб сваю сям’ю пакінуць пры паўнамоцтвах. Ён гатовы ладзіць правакацыі на межах з Польшчай і Літвой, якія не толькі нічога кепскага нам не рабілі, але яшчэ і далі прытулак нашым людзям, якія беглі з уласнай краіны, надалі ім дапамогу, далі магчымасць вывучыць мову, надалі абарону закону, якой яны не маглі атрымаць у сваёй краіне.

І вось ён гатовы на гэтыя краіны нападаць і забіваць іх грамадзянаў, і адкрыта пра гэта кажа. І міністры гэтых краінаў не ўспрымаюць гэта як нейкае глупства, браваду ці блеф, яны сур’ёзна рыхтуюцца да вайны, нарошчваюць абарончы бюджэт, раскансервоўваюць свае вайсковыя запасы, мяняюць ваенныя планы і стратэгіі, запускаюць інтэрнэт-рэсурсы для дапамогі грамадзянам.

Дык вось, я звяртаюся да ўсіх беларусаў, якія ўвесь гэты час атрымлівалі дадатковыя грошы, кватэры, крэдыты, ільготы, пенсіі за тое, што яны павінны абараняць Беларусь і беларускі народ:

Цяпер ваш час, цяпер вы павінныя выступіць, зрабіце што-небудзь, апраўдайце хоць неяк сваё існаванне! Калі вы гэтага не зробіце цяпер, значыць, усё, што вас чакае, – гэта вечная ганьба.

Цяпер трэба зрабіць усё магчымае, каб спыніць яго. Усё, што заўгодна, каб не зацягнуць нашую краіну ў вайну. Дзеля гэтага прыйдзецца рызыкаваць сваёй кар’ерай. Магчыма, дзеля гэтага давядзецца рызыкаваць сваёй свабодай. Магчыма, дзеля гэтага трэба рызыкаваць сваім здароўем і жыццём. І ведаеце што? Мы, беларусы, маем права гэтага ад вас патрабаваць.

Сотні тысячаў з нас гэта ўжо зрабілі, не маючы ад дзяржавы нічога! Рызыкавалі і рызыкуюць жыццём, здароўем, свабодай, блізкімі, не маючы і дзясятай часткі вашых бонусаў і льготаў. Губляючы маёмасць і магчымасці бачыць родных. Мы маем права гэтага ад вас патрабаваць, бо мы самі гэта рабілі, і таму што мы ўвесь гэты час вам за гэта плацілі.

Так, вам давядзецца страціць частку даходаў, маёмасці. Вашае жыццё ніколі не будзе ранейшым. Яно будзе нашмат цяжэйшае. Але калі ў чалавека ёсць зброя, значыць, ён даваў клятву абараняць Радзіму нават коштам свайго жыцця. Хіба гэтыя словы нічога не значаць?

Радзіма – гэта паспяховае мірнае жыццё беларусаў. Абараняць радзіму цяпер – стаць супраць Лукашэнкі, які гэтае жыццё знішчае. Падняцца супраць Лукашэнкі, супраць якога і так выступае большасць беларусаў, і вы пра гэта выдатна ведаеце.

Калі вы гэтага зараз не зробіце, я лічу, што маю поўнае права назваць вас здраднікамі Радзімы. Вы – здраднікі Радзімы, тыя, хто цяпер са зброяй у руках носіць герб Лукашэнкі і сцяг Лукашэнкі, а не тыя беларусы, якія, ратуючыся ад смерці і несправядлівай турмы, ад збіцця і катаванняў, беглі ў іншыя краіны, і не тыя запалоханыя вашымі саўдзельнікамі, што перасталі адкрыта казаць пра ўласныя палітычныя погляды, седзячы ў краіне ў страху.

Вы – здраднікі Радзімы, але ў вас ёсць шанец перастаць імі быць.

Я вельмі хачу, каб такіх людзей, якія ў нейкі момант памянялі свае погляды і перайшлі з лагеру зла на бок дабра, стала як мага больш.

Як кажа Біблія, горад выстаіць, калі ў ім ёсць дзесяць праведнікаў. Дык вось, нашая краіна можа быць выратаваная толькі тады, калі здраднікаў сярод людзей у мундзірах стане нашмат менш. У адваротным выпадку нас не чакае нічога добрага.

Стаць на абарону Радзімы цяпер – гэта быць на баку Украіны. Калі спатрэбіцца – Літвы і Польшчы. Усяго цывілізаванага свету. Лукашэнка і Пуцін не могуць выйграць гэтае вайны. Пытанне ў тым, колькі жыццяў яны яшчэ паспеюць загубіць. Для вас гэта пытанне, ці хочаце вы загінуць разам з імі цяпер, і зрабіцца разам з імі здраднікамі Радзімы.

Выканайце прысягу, абараніце Беларусь.

Меркаванні
Калі заўтра вайна
2024.04.02 15:31

belsat.eu / ЮК

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў