Міністэрства абароны Беларусі заяўляе, што цяперашняе правяранне боегатовасці – адно з найбольш маштабных за апошнія гады. Яго адметнасць – прызыў на зборы вялікай колькасці запаснікоў.
Як паведамляюць у Міністэрстве абароны, цяпер адбываюцца тактычныя вучэнні 120-й зенітнай ракетнай брыгады. Камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Андрэй Лук’яновіч заявіў, што вучэнні працягнуцца двое содняў у пяці раёнах.
«Асаблівасцю вучэнняў ёсць тое, што ўпершыню ў ВПС і войсках СПА такія маштабныя задачы выконваюцца з прыцягненнем вялікай колькасці вайскоўцаў, прызваных з запасу», – заявіў Лукʼяновіч.
Пры гэтым генерал не паведаміў, якая колькасць з запасу была прызваная менавіта ў 120-ю зенітную ракетную брыгаду.
Начальнік галоўнага арганізацыйна-мабілізацыйнага ўпраўлення, намеснік начальніка Генштабу Андрэй Расюк зазначыў, што праверка боегатовасці ў Беларусі працягваецца і вайсковыя камісарыяты «ажыццяўляюць пастаўку мабілізацыйных рэсурсаў».
«Правяранне, якое праводзіцца ва Узброеных сілах, – адно з найбольш маштабных за апошнія гады. І гэта добрая магчымасць для ацэнкі гатовасці сістэмы вайсковых камісарыятаў да выканання задач паводле прызначэння. Вайсковыя камісарыяты паспяхова выконваюць задачы апавяшчэння, камплектавання вайсковаабавязанымі і пастаўкі транспартных сродкаў у злучэнні і вайсковыя часці», – заявіў ён.
Паводле Расюка, «існая сістэма камплектавання злучэнняў і вайсковых часцей паказала сваю эфектыўнасць».
Нагадаем, правяранне баявой гатовасці ва Узброеных сілах Беларусі было абвешчанае 11 сакавіка. Міністр абароны Віктар Хрэнін заявіў 19 сакавіка, што агулам у гэтых мерапрыемствах задзеялі ўжо каля 5000 вайскоўцаў запасу. «Гэта вельмі вялікая колькасць», – зазначыў ён.
Глеб Нержын belsat.eu