Расея нанесла чарговы ўдар па энергетычнай інфраструктуры Украіны


У ноч 9 на 10 красавіка Расея ўчыніла паветраную атаку на ўкраінскія гарады з выкарыстаннем ракетаў і дронаў-камікадзэ. Цэллю нападу зноў была энергетычная інфраструктура Украіны.

Пажар у выніку расейскай атакі ў Мікалаеўскай вобласці.
Фота: Головне управління ДСНС України у Миколаївській області / Facebook

Як паведамляюць у кампаніі «Укренерго», у выніку расейскай атакі было пашкоджана абсталяванне на адной з падстанцыяў, з-за чаго ладзіліся аварыйныя адключэнні ў Мікалаеўскай і Херсонскай абласцях. Па стане на 08:23 усе абмежаванні былі скасаваныя.

Кіраўнік Адэскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Кіпэр заявіў, што расейцы тэрарызавалі жыхароў Адэскай вобласці дронамі і ракетамі ўсю ноч.

«У дзень вызвалення Адэсы ад фашысцкіх захопнікаў расейцы ўдарылі па абʼектах крытычнай і транспартна-лагістычнай інфраструктуры. У цяперашні час вядома пра двух пацярпелых супрацоўніках транспартнага прадпрыемства.

Таксама пашкоджаны энергетычны абʼект, прыватны будынак, некалькі аўтамабіляў. Людзі цудам не пацярпелі», – дадаў ён.

Кіраўнік Мікалаеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Кім паведаміў, што ў выніку расейскага ўдара пашкоджаны абʼект энергетычнай інфраструктуры ў Мікалаеўскім раёне. Таксама ў выніку падзення абломкаў «Shahed 131/136» узнік пажар на абʼекце адпачынку ў горадзе Ачакаў. Пацярпелых няма.

Як сцвярджаюць Паветраныя сілы ЗСУ, усяго расейцы запусцілі 17 дронаў-камікадзэ «Shahed-131/136», дзве кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59, дзве крылатыя ракеты «Іскандэр-К» і адну балістычную ракету «Іскандэр-М». 14 беспілотнікаў і дзве Х-59 былі знішчаны сіламі супрацьпаветранай абароны Украіны.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў