«Са ста гульцоў прабіваецца толькі адзін». Расказваем пра Мікіту Плюту, які гуляе за нямецкі гандбольны клуб


Кантракт да канца сезону з нямецкім клубам «Wetzlar» падпісаў 22-гадовы Мікіта Плюта. У гэтым сезоне ён стаўся другім беларусам у адной з наймацнейшых гандбольных ліг свету.

Мікіта Плюта. Крыніца: hsg-wetzlar.de

Нарадзіўся ў Нямеччыне, але хацеў выступаць за Беларусь

22-гадовы Мікіта Плюта ў элітны дывізіён нямецкага гандболу прабіваўся праз сетку найніжэйшых дывізіёнаў гэтай краіны. Бацька Мікіты і Максіма Плютаў (двайняты – 2000 года нараджэння) родам з Горадні. У пачатку 1990-х быў у сістэме менскага СКА, але затым з’ехаў у Нямеччыну, дзе, пагуляўшы за клубы мінорных ліг, стаў працаваць трэнерам. Мікіта і Максім маюць нямецкі ды беларускі пашпарты і ўжо гулялі за моладзевую зборную Беларусі. Браты пачыналі ў клубе «Melsungen». Але далей карʼера лепш пайшла ў Мікіты, які выступае на пазіцыі лінейнага гульца. Спачатку ён падпісаў кантракт з «Aurich» з 3-га дывізіёну, дзе згуляў 19 матчаў і закінуў 51 мяч. У выніку Мікіта падпісаў кантракт з клубам элітнага дывізіёну – «Wetzlar», які займае 16-е месца ў лізе. У першых матчах за «Wetzlar» Плюта праявіў сябе даволі добра.

«Шмат для каго дзіўна, што на сёння хлопец захаваў беларускі пашпарт, але яшчэ да 2020 года Мікіта казаў, што хоча быць як Каралёк і гуляць са зборную Беларусі, але цяпер у гэтым няма вялікага сэнсу: ніхто не ведае, калі са зборнай Беларусі знімуць забарону і ці зможа яна правесці афіцыйныя матчы», – кажа «Белсату» спартовы журналіст, які застаецца ў Беларусі.

Журналіст сцвярджае, што для Мікіты гэта шанец, які выпадае не кожнаму: «У Нямеччыне са ста гульцоў на добры ўзровень прабіваецца толькі адзін. І цяпер, згуляўшы пару ўдалых матчаў, хлопец можа забяспечыць сабе годную будучыню. Ён прайшоў праз сіта, ведае нямецкую лепш за расейскую, і гэта таксама важныя фактары, якіх бы не было ў гульца з чэмпіянату Беларусі».

Мікіта Плюта (нумар 27) падчас гульні «TVB 1898 Stuttgart» супраць «HSG Wetzlar». Штутгарт, Германія. 26 сакавіка 2023 года.
Фота: Peter Hartenfelser / imago sport / Forum

Заўважым, што найлепшы клуб Украіны – «Мотор» – выступае ў другой бундэслізе, куды быў афіцыйна запрошаны нямецкім бокам. Цяпер запарожскі клуб займае толькі 17-е месца з дваццаці камандаў.

У Еўропе хапае гандбалістаў з Беларусі

У топ-дывізіёнах Еўропы беларускіх футбалістаў не было ўжо 6 гадоў. А вось гандбалісты ёсць.

Гэтак, колеры нямецкага гандбольнага клубу «Hannover-Burgdorf» абараняе 26-гадовы Уладзіслаў Кулеш. Апошні перабраўся ў Нямеччыну год таму пасля чатырох паспяховых сезонаў у польскім «Vive» (Кельцэ), дзе выгуляў 4 чэмпіянаты і 2 кубкі Польшчы, гуляў у Фінале чатырох Лігі чэмпіёнаў. Стаўся адным з лідараў зборнай Беларусі, пакуль яе не дыскваліфікавалі праз падтрыманне расейскай агрэсіі супраць Украіны. Цяпер клуб Кулеша займае 6-е месца ў элітным дывізіёне чэмпіянату Нямеччыны, а Уладзіслаў мае стабільнае месца ў аснове. Нагадаем, што ў 2020-м Кулеш падтрымаў беларускі народ.

Hавiны
Беларускі гандбаліст Арцём Каралёк пяройдзе ў клуб «Barcelona»
2022.12.26 19:00

У 1/4 фіналу Лігі чэмпіёнаў у сярэдзіне траўня сыдуцца вугорскі «Veszprém» Мікіты Вайлупава і «Vive» (Кельцэ) Арцёма Каралька. Нагадаем, што апошні актыўна падтрымліваў беларускі народ у 2020 годзе. Паведамлялася, што ўлетку Каралёк пяройдзе ў «Barcelona», але цяпер гэты трансфер пад пытаннем праз фінансавыя праблемы каталонскага клубу.

Яшчэ адзін беларускі гандбаліст, які падтрымаў народ у 2020-м, Вадзім Гайдучэнка, цяпер выступае ў Францыі за «Chartres».

Таксама беларускія гандбалісты выступаюць у Швейцарыі, Грэцыі, Сербіі, Партугаліі, Ізраілі ды іншых краінах Еўропы. Толькі гэтак яны могуць рэпрэзентаваць нашую краіну ў Еўропе, бо клубы і зборныя застаюцца пад санкцыямі.

АС belsat.eu

Стужка навінаў