«Мацней той, хто на баку дабра». Кіраўнік МЗС Украіны адказаў Папе Рымскаму


Кіраўнік МЗС Украіны Дмытро Кулэба дыпламатычна раскрытыкаваў словы Папы Рымскага Францішка пра тое, што Украіна павінна мець мужнасць падняць белы сцяг і пайсці на перамовы з Расеяй. Кулэба заклікаў Папу Рымскага прыехаць ва Украіну і падтрымаць усіх украінскіх каталікоў і хрысціянаў.

Міністр замежных спраў Украіны Дмытро Кулэба на прэс-канферэнцыі. 5 ліпеня 2021 года.
Фота: mfa.gov.ua

«Мацней за ўсё той, хто ў бітве дабра са злом становіцца на бок дабра, а не спрабуе параўнаць іх, назваўшы гэта “перамовамі”», – піша ў «Х» Дмытро Кулэба. – «Што тычыцца белага сцяга, то па гісторыі першай паловы ХХ стагоддзя нам вядомая гэтая стратэгія Ватыкана.

Заклікаю не паўтараць гістарычныя памылкі і паслядоўна падтрымліваць Украіну і яе народ у справядлівай барацьбе за ўласнае жыццё. Наш сцяг – сіне-жоўты. Пад ім мы жывем, паміраем і перамагаем. Мы не будзем падымаць іншыя сцягі.

Мы ўдзячныя Яго Святасці Папе Францішку за пастаянныя малітвы за мір і працягваем спадзявацца, што пасля двух гадоў сакрушальнай вайны ў сэрцы Еўропы ён знойдзе магчымасць здзейсніць Апостальскі візіт ва Украіну, каб падтрымаць больш за мільён украінцаў-каталікоў, больш за пяць мільёнаў грэка-каталікоў, усіх хрысціянаў і ўсіх украінцаў».

Папа Рымскі Францыск заявіў у інтэрв’ю, што Украіна павінна мець мужнасць «белага сцяга» і весці перамовы аб спыненні вайны з Расеяй. Запіс яго інтэрвʼю швейцарскай тэлекампаніі RSI быў у мінулым месяцы.

«Я думаю, што мацней за ўсіх той, хто глядзіць на сітуацыю, думае пра людзей, мае мужнасць белага сцяга і вядзе перамовы», – сказаў Францішак.

На яго думку, перамовы павінны праходзіць з дапамогай міжнародных дзяржаў.

«Слова “перамовы” – гэта мужнае слова. Калі вы бачыце, што церпіце паразу, што справы ідуць не вельмі добра, вы павінны мець мужнасць весці перамовы», – дадаў Папа Рымскі.

Прэзідэнт Турцыі Таіп Эрдаган прапанаваў 8 сакавіка правесці саміт паміж Украінай і Расеяй, каб пакласці канец вайне. Прапанова была агучаная падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Зяленскі адказаў, што хоча міру, ён не мае намеру саступаць украінскую тэрыторыю.

Hавiны
Папа Рымскі пра вайну ва Украіне: Не саромейцеся весці перамовы, пакуль не стала горш
2024.03.09 22:43

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў