«BYPOL»: Лукашэнка падрыхтаваў у Беларусі надзвычайныя захады, тры падазроныя законы


Супольнасць былых сілавікоў Беларусі «BYPOL» звярнула ўвагу на рыхтаванне да падпісання законаў «Аб надзвычайным становішчы», «Аб ваенным становішчы» і «Аб органах дзяржаўнай бяспекі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супольнае рыхтаванне беларускіх і расейскіх вайскоўцаў. Беларусь. 10 сакавіка 2023 года.
Фота: Ян Гарбанюк / «Ваяр»

Паводле «BYPOL», у закон «Аб надзвычайным становішчы» збіраюцца ўнесці «спробы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваення дзяржаўнай улады, узброенага мяцяжу» як нагоду для ўвядзення надзвычайнага становішча. Такія спробы Аляксандр Лукашэнка бачыць пастаянна.

У закон «Аб ваенным становішчы» як падставу да ўвядзення такога становішча збіраюцца, паводле «BYPOL», дадаць «дзеянні іншай дзяржавы, якія дазваляюць выкарыстоўваць сваю тэрыторыю экстрэмісцкім групам і арганізацыям для нападу на Рэспубліку Беларусь, або засылка экстрэмісцкіх групаў і арганізацыяў». Пра тое, што такое здаралася, Лукашэнка таксама неаднаразова заяўляў у апошнія гады.

Агляд
Чортаў тузін справаў, «сенсацыйна раскрытых» Лукашэнкам
2023.03.09 14:48

Закон «Аб органах дзяржаўнай бяспекі», як сцвярджае «BYPOL», хочуць дапоўніць забаронай цывільнаму персаналу Камітэту дзяржаўнай бяспекі быць чальцамі палітычных партыяў, займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю асабіста або праз іншых асобаў, атрымліваць ад іншых дзяржаваў дакументы, што даюць права на перавагі і льготы (напрыклад, карту паляка). Цяпер такія абмежаванні датычаць толькі дзяржаўных службоўцаў КДБ.

«Названыя новаўвядзенні ў заканадаўстве сведчаць аб рыхтаванні нелегітымнага да ўвядзення ў Беларусі надзвычайных захадаў», – робіць выснову «BYPOL».

Іншыя крыніцы не паведамлялі пра такія змены заканадаўства. Але ў Беларусі апошнім часам сапраўды прымаюць шэраг рэпрэсіўных законаў – гэтак, 9 сакавіка Лукашэнка падпісаў закон, які дазваляе расстрэльваць чыноўнікаў за «дзяржаўную здраду».

«BYPOL» жа таксама анансаваў змены ў законы аб ахове сям’і Лукашэнкі і аб «народным апалчэнні».

Беларусы нярэдка кажуць, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі прыводзяць да фактычнага неабвешчанага ваеннага становішча, аднак эксперты даводзяць, што надзвычайнае ці ваеннае становішча прывядзе да яшчэ больш жорсткага прававога рэжыму і большай свабоды сілавікоў.

Аналітыка
У Беларусі мяняюць палітычную сістэму? Будзе таталітарызм? Што значыць шэраг новых законаў
2023.02.28 07:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў