Як дапамагчы дзіцяці апанаваць стрэс у ваенны час?


Цяпер шмат якія сем’і перажываюць стрэс, у той ці іншай ступені. У гэтай сітуацыі важна надаць увагу стану дзяцей, бо яны, як губка, убіраюць настрой бацькоў і грамадства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уцекачы на памежным пункце пропуску «Карчова – Кракавец», Украіна. 5 сакавіка 2022 года.
Фота: Яна Сідач / Белсат

Сімптомы стрэсу ў дзіцяці (гэта кароткі спіс)

1) Эмацыйная няўстойлівасць – плач, які ўзнікае лёгка і знянацку, раздражняльнасць, узмацняецца неспакой, непаслядоўнасць учынкаў, капрызнасць, страхі.

2) Рознага роду парушэнні – кепскі сон, нейрадэрміт, дзіця пакрываецца плямамі, патлівасць, заіканне, энурэз або нетрыманне кала, нервовы цік, паўтараныя дзеянні (напрыклад, пастаяннае шморганне носам, папіскванне або перарывістая гаворка), падвышаная ўзбуджальнасць або затарможанасць і іншае.

Як дапамагчы дзіцяці?

Калі вы дома:

  • Арганізуйце дзіцяці адкрыты доступ да вады і пяску. Менавіта яны дапамогуць максімальна супакоіць і нармалізаваць дзіця.
  • Вада. Наліць вады і купацца доўга з любімымі цацкамі, пераліваць ваду з розных пасудзін або піпеткай, фарбаваць ваду фарбавальнікамі і гуляць з ёю, даць дзіцяці мыць падлогу, праць, выціраць пыл, паліваць кветкі і мыць лісточкі ў раслінаў, можна зрабіць гідрагель у вялікім тазіку і дадаць туды дробныя прадметы для гульні (рабіць гэта толькі пад наглядам, есці нельга!).
  • Пясок. Насыпце пясок або манку (каля 3 кг) у кантэйнер або скрыню (падыдзе пластыкавая скрыня для цацак). Пакладзіце туды дробныя фігуркі і потым шукайце іх разам з дзіцем. Няхай рукі дзіцяці будуць цалкам у пяску/манцы.
  • Арганізуйце прасейванне манкі (змяшайце манку і гарох і выкарыстоўвайце для прасейвання сіта).
  • Пафарбуйце манку і рыс. Для гэтага неабхоўна ўзяць дзве сталовыя лыжкі воцату ці спірту на адзін кілаграм крупаў, дадайце пяць кропель харчовага фарбавальніка ці гуашы – насыпайце каляровыя крупы і малюйце ўзоры.
  • Расказвайце гісторыі падчас перасыпання пяску/манкі. Самастойна зрабіце і выкарыстоўвайце фігуркі з кардону для гісторыяў.

    Дапамогуць таксама гліна, пластылін, фарбы.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пшэмысьль, Польшча. 26 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Калі вы ў эвакуацыі ці пераехалі:

  • У дзіцяці вялікі стрэс з-за перамены ўмоваў, нават калі вы ў бяспецы. Як дапамагчы дзіцяці?
  • Працуйце над тым, каб вярнуць звыклы для дзяцей расклад, наколькі тое магчыма.
  • Аднавіце хатнія рытуалы (як вы клаліся спаць, елі, чыталі). Гэта супакоіць дзіця.
  • Імкніцеся даць дзіцю звыклае для яго адзенне, ежу, цацкі і іншыя асабістыя і знаёмыя рэчы.
  • Вядзіце дзяжурства чытання навінаў. Напрыклад, чытайце іх толькі ў вызначаны час і ўсталюйце ліміт чытання навінаў. Выдзеліце для дзіцяці час – не глядзячы ні на што. Дайце зразумець, што дом змяніўся, але вашая любоў засталася нязменная.
  • Калі вы ведзяце нейкую актыўную дзейнасць (напрыклад, працуеце валанцёрам), то пастарайцеся адвесці дзіця ў госці, дзе за ім прыглядзяць, пакуль вы дапамагаеце іншым. Не бярыце дзіцёнка туды, дзе ён можа атрымаць дадатковы стрэс.

Калі вы ў бамбасховішчы ці іншай хованцы:

  • Загарніце дзіця ў плед або коўдру шчыльна, пакіньце незагарнутай толькі галаву. Вазьміце дзіця на рукі і гладзьце па пледзе. Гэта дапаможа дзіцяці вярнуцца ў стан спакою і бяспекі.
  • Старайцеся самі супакоіцца, вазьміце дзіця і пагушкайце, каб яно чула стук вашага сэрца. Спявайце калыханкі, яны супакойваюць, запавольваюць сэрцабіцце і пульс.
  • Чытайце кнігі з дзецьмі, калі ў вас ёсць такая магчымасць. Лепш за ўсё падыдуць добрыя бытавыя гісторыі пра жывёлінаў і людзей.
  • Прыдумляйце гісторыі з дзецьмі: напрыклад, падобную на вашую сітуацыю, але змяніце імёны герояў. Прадумайце гісторыю так, каб яна скончылася добра. Звяртайце ўвагу дзяцей на гукі прыроды: спевы птушак, цурчанне вады, гук кропель вады.
  • Калі можаце, прынясіце галінку ці цыбуліну, пастаўце іх у ваду. Назірайце за ёй, кожную раніцу адзначайце, ці ёсць змены: ці зʼяўляюцца пупышкі, ці зелянее цыбуліна.
  • Спытайце дзіця аб ягоных пачуццях, прыміце іх і падтрымайце.
  • Стварайце новыя прыемныя адчуванні: уяўляйце лес, возера, прагулкі і іншыя месцы, якія супакойваюць. Прасіце дзяцей запомніць прыемныя адчуванні з гэтых месцаў.
  • Стварыце з дзіцем псіхалагічнае сховішча: няхай дзіця ўявіць бяспечнае месца. Спытайце, што гэта за месца. Папрасіце дзіця ўявіць побач сябра, які дапаможа развязаць усе праблемы. Запытайце, як выглядае гэты сябар. Папрасіце дзіця запомніць гэтыя адчуванні і месца.
  • Растлумачце яму, што ён можа вяртацца ў гэтае месца, калі яму страшна.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. На чыгуначным вакзале ў горадзе Пшэмысьль ля польска-ўкраінскай мяжы зарганізавалі пункт дапамогі ўцекачам. 25 лютага 2022 года.
Фота: Белсат

Памятайце, чым больш малодшае дзіця, тым вастрэй яно рэагуе на стрэс, нават калі яно нічога не разумее. Гэтыя парады дапамогуць мінімізаваць шкоду дзіцячаму здароўю і псіхіцы.

Артыкул падрыхтавала: Ася Смаляк. Мантэсоры педагог 3-6.

 

Стужка навінаў