На «Берлінале» прэзентуюць 10 кінапраектаў беларускіх аўтараў


Кінапраекты беларускіх аўтараў, над якімі ідзе праца, асобна пакажуць на Еўрапейскім фільмавым маркеце ў межах Берлінскага міжнароднага кінафестывалю 17 лютага. Гэта стане часткаю імпрэзы Беларускай незалежнай кінаакадэміі на галоўнай пляцоўцы фільмавага маркету Martin Gropius Bau, дзе аб’яднанне кінематаграфістаў прэзентуе сябе як новую арганізацыю. Далучыцца і міністарка Нямеччыны ў пытаннях культуры і медыяў Кляўдыя Рот.

На фестывалі прэзентуюць 10 кінапраектаў: «Да гэтага лета» Дар’і Жук, «У чаканні Бэрнаў» Аляксея Палуяна, «8 гадоў і 3 месяцы» Мары Тамковіч, «Лісты» Андрэя Куцілы, «Чыясьці жонка» Волі Чайкоўскай, «Чацвёрты шлях» Сашы Кулак, «Юркі» Улады Сяньковай, «Я зрабіў памылку, калі сюды прыехаў» Ксеніі Галубовіч, «Саўрамэн» Мікіты Лаўрэцкага і «Алесь Родзін. Арт-мэсідж» Марты Верас.

Гледачы і ўдзельнікі фестывалю беларускага кіно «Bulbamovie». Варшава, Польшча. 19 лістапада 2022 года.
Фота: Белсат

«Мы спыталі ў прадстаўнікоў супольнасці, хто над чым працуе, і выбралі з гэтага дзесяць кінапраектаў, – кажуць сябры ініцыятыўнай групы кінаакадэміі Ірэна Кацяловіч і Ігар Сукманаў, што адбіралі праекты для прэзентацыі. – Палова з іх рознымі спосабамі, наўпрост ці апасродкавана, закранае падзеі ў Беларусі пасля 2020 года. Ёсць ужо амаль гатовы фільм пра бежанцаў у Беларусі Ксюшы Галубовіч. Дзеянне карціны Сашы Кулак увогуле тэрытарыяльнай Беларусі не датычыць і адбываецца ў розных кропках Узбекістану. Дакументальная стужка Марты Верас паказвае мастака Алеся Родзіна, які нядаўна пайшоў з жыцця. Так, у нашых аўтараў дастаткова рэфлексіі на сучасныя падзеі ў Беларусі, але іх інтарэсы гэтым не абмяжоўваюцца. І самае цікавае, гледзячы з заявак, якія мы атрымалі, у працы ў беларускіх рэжысёраў застаецца не менш за 20 кінапраектаў, і гэта толькі поўнаметражныя работы і толькі тыя, што да нас адгукнуліся».

Чатыры з названых праектаў належаць сябрам ініцыятыўнай групы Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Аўтары будуць прэзентаваць кінапраекты, над якімі працуюць, асабіста. Гэта мастацкае і дакументальнае кіно – як на стадыі напісання сцэнару, гэтак і на этапе постпрадукцыі. Захада скіраваная перадусім на патэнцыйных партнёраў, а таксама мае на мэце даць уяўленне, над чым сёння працуюць сучасныя беларускія фільммэйкеры.

belsat.eu

Стужка навінаў