Мафія ў Эквадоры падняла мяцеж. На вуліцах і ў турмах – закалоты, у сталіцу сцягваюцца танкі


Эквадорская мафія ў адказ на абвешчанае прэзідэнтам надзвычайнае становішча ўчыніла закалоты і сутыкненні па ўсёй краіне. Бандыты з наркакартэляў захапілі тэлеканал у жывым эфіры, узялі ў закладнікі некалькіх паліцыянтаў і ўчынілі беспарадкі ў некалькіх турмах, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Эквадорскія салдаты патрулююць тэрыторыю ля тэлеканалу TC у Гуаякілі пасля таго, як невядомыя ўзброеныя людзі ўварваліся ў дзяржаўную тэлестудыю ў прамым эфіры 9 студзеня 2024 года. Гуаякіль, Эквадор.
Фота: Marcos Pin / AFP / East News

Новы прэзідэнт краіны Даньель Набоа адказаў тым, што ў аўторак, 9 студзеня, абвесціў 22 мафіёзныя групоўкі тэрарыстычнымі арганізацыямі і заявіў, што краіна цяпер у стане ўнутранага ўзброенага канфлікту.

Дзень раней, пасля знікнення з турмы завадатара адной з мафіёзных груповак, прэзідэнт Набоа абвясціў у краіне надзвычайнае становішча. Такі рэжым прадугледжвае ў прыватнасці пашыраныя паўнамоцтвы для паліцыі ды вайскоўцаў, каменданцкую гадзіну і забарону на публічныя сходы.

Карыстальнікі сацыяльных сетак з Эквадору сталі публікаваць відэа і фотаздымкі ўзброеных бандытаў на вуліцах, падпаленых аўтамабіляў і нават выбухаў. У сутыкненнях загінулі сама меней 10 чалавек.

Узброеныя асобы ў масках уварваліся ў студыю тэлеканалу TC у партовым горадзе Гуаякіль падчас жывога эфіру. Яны загадалі працаўнікам каналу легчы на падлогу, за кадрам былі чутныя стрэлы і крыкі.

Трансляцыя неўзабаве перарвалася. Пазней узброеныя людзі пакінулі будынак тэлеканалу, а яшчэ праз некаторы час паліцыя заявіла, што ўсе яны арыштаваныя, і апублікавала фота асобаў, якія ляжаць на падлозе са звязанымі рукамі.

Шэф эквадорскай паліцыі Сэсар Сапата сказаў журналістам, што затрыманыя 13 чалавек, і ў іх знайшлі некалькі адзінак агнявой зброі, дзве гранаты і выбухоўку.

Як паведамляе эквадорская і міжнародная прэса, у панядзелак, 8 студзеня, і аўторак, 9 студзеня, у розных месцах краіны, у тым ліку ў сталіцы Кіта, у закладнікі былі ўзятыя як мінімум сямёра работнікаў эквадорскай паліцыі.

Эквадорская паліцыя арыштавала некалькіх узброеных людзей, якія ўварваліся на здымачную пляцоўку грамадскага тэлеканалу ТС. Гуаякіль, Эквадор. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Jose Orlando Sanchez Lindao / Anadolu Press / Abaca Press / Eaast News

У горадзе Куэнка невядомыя кінулі самаробную бомбу ў вайсковы цяжкавік. У правінцыі Эсмэральда, як паведаміла паліцыя, выбуховыя прыстасаванні былі задзеяныя тройчы. Выбухі грымелі і ў некалькіх іншых месцах Эквадору.

У некалькіх гарадах бандыты падпалілі машыны. Пры гэтым у Кіта ў адным падпаленым аўце паліцыянты знайшлі газавыя балоны – імаверна, злачынцы разлічвалі, што тыя ўзарвуцца.

Як паведамляе турэмнае ведамства Эквадору SNAI, закалоты выбухнулі ў турмах шасці з 24 правінцыяў Эквадору, пры гэтым у некаторых выпадках наглядчыкаў узялі ў закладнікі.

Спецназу паліцыі і вайскоўцам давялося душыць бунты ў турмах правінцыяў Эль-Ора, Лёха, Чымбараса, Катапаксі, Асўай і Пічынча.

З адной з турмаў у Андах у аўторак вырваліся 32 зняволеныя, у тым ліку лідар мафіёзнай групоўкі «Los Lobos» Фабрысьё Калён Піка. Яго арыштавалі толькі ў пятніцу па абвінавачанні ў рыхтаванні забойства генеральнага пракурора краіны, 20 уцекачоў хутка злавілі, але астатнія, у тым ліку Піка, застаюцца ва ўцёках.

Прэзідэнт Набоа заявіў, што бунты ў турмах – гэта рэакцыя мафіі на спробы аднавіць кантроль над папраўчымі ўстановамі.

Тым часам урад Перу абʼявіў надзвычайнае становішча на паўночнай мяжы з Эквадорам. Прэмʼер-міністр Альбэрта Атараля растлумачыў, што на мяжу на дапамогу паліцыянтам будуць адпраўленыя вайскоўцы.

Перад гэтым міністр унутраных справаў аб’явіў пра адпраўленне на мяжу дадатковых паліцэйскіх падраздзяленняў. Суседзі баяцца, што эквадорцы пабягуць да іх, ратуючыся ад закалотаў і беззаконня.

Агляд
Дзе бабахне ў 2024 годзе? Глядзім, у якіх краінах магчымыя новыя войны
2024.01.03 08:00

Хваля бандытызму

Даньель Набоа, які перамог у выбарах прэзідэнта Эквадору ў кастрычніку 2023 года, абяцае збіць хвалю злачыннасці, якая накрыла краіну.

Эквадор доўгі час быў адносна спакойным астраўком, заціснутым паміж двума буйнымі вытворцамі какаіну з адпаведнымі праблемамі, Калумбіяй і Перу. Але за апошнія гады і ў гэтай краіне набралі сілу групоўкі наркамафіі – як свае, гэтак і калумбійскія, перуанскія ды албанскія.

Колькасць забойстваў у Эквадоры ў 2018–2022 гадах падскочыла ў чатыры разы. У 2022-м у 17-мільённай краіне былі забітыя 7800 чалавек. У тым жа годзе паліцыя сканфіскавала рэкордную колькасць наркотыкаў – 220 тонаў.

Асобную праблему сталі ўяўляць крывавыя разборкі ў турмах: з лютага 2021 года былі забітыя больш за 460 вязняў.

Як адзначае брытанская газета «Financial Times», мафія пачала квітнець у Эквадоры пры левым прэзідэнту Рафаэлю Карэа, які кіраваў у 2007–2017 гадах. Пры ім улады глядзелі скрозь пальцы на наркатрафік праз эквадорскія парты на Ціхім акіяне, клапоцячыся ў асноўным пра тое, каб у краіне было меней гвалтоўных злачынстваў.

Але за наркатрафікам рушыў услед і бандытызм, і з ім пераемнікі Карэа справіцца ўжо не здолелі.

Ася Саковіч, belsat.eu

Стужка навінаў