Буйная геймінгавая кампанія збіраецца закрыць офіс у Менску


Кіраўніцтва ізраільскай кампаніі «Playtika» па распрацоўцы онлайн-гульняў паведаміла беларускую каманду аб закрыцці офіса ў Менску. Гэта мае адбыцца ў лютым.

Адзін з офісаў кампаніі «Playtika». Крыніца фота: app2top.ru

Частку супрацоўнікаў збіраюцца скараціць, яшчэ частцы прапануюць працу на аддаленні, піша выданне «Devby».

Пра закрыццё менскага офісу стала вядома 10 студзеня падчас сходу, на якім камандзе паведамілі, што 29 лютага будзе апошнім днём працы.

Афіцыйнай прычынай закрыцця называюць заканадаўчыя пытанні. Як мяркуе выданне «Devby», маглі з’явіцца праблемы з пералічэннем грошай у Беларусь.

На сённяшні дзень у менскім падраздзяленні «Playtika» працуюць каля 300 чалавек, пад скарачэнне, мяркуецца, можа патрапіць 50% усё каманды.

Паводле адных крыніц выдання, супрацоўнкам, якія патрапяць пад скарачэнне, прапануюць тры варыянты: аддаленая праца (праз Грузію), рэлакацыя (верагодна ў Польшчу) або адкрыццё ІП. Іншыя крыніцы адмаўляюць магчымасць рэлакацыі і дадаюць, што пад канец тыдня будзе больш інфармацыі.

Выданне паведамляе, што ўжо з’явілася інфармацыя пра тое, што супрацоўнікам, якія трапілі пад скарачэнне, ужо закрылі ўсе доступы.

Акрамя таго, ёсць меркаванне, што скарачэнні могуць закрануць не толькі Беларусь, але і офісы ў Польшчы і Румыніі.

Раней кампанія ўжо праводзіла масавыя звальненні: так, у траўні 2022 года было звольнена 250 чалавек у офісе ў Лос-Анджэлесе, Манрэалі і Лондане. Пад канец 2022 года з «Playtika» было звольнена каля 610 чалавек, у тым ліку з менскага і варшаўскага офісаў.

Вядома, што ў 2021–2022 гадах «Playtika» рэлакавала шмат супрацоўнікаў з Менска ў варшаўскі офіс – тады гаворка вялася пра 300 супрацоўнікаў (станам на 2021 год гэта была палова штату кампаніі).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў