Заробак палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк у калоніі – 28 капеек


Для палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк не прымаюць перадачы, да яе не даходзяць лісты, а яе заробак у калоніі не дасягае нават рубля. Пра гэта паведамляюць яе родныя. Паліна Шарэнда-Панасюк знаходзіцца ў жаночай Папраўчай калоніі № 24 у Гомельскай вобласці.

Паліна Шарэнда-Панасюк.
Фота: асабісты архіў Паліны Шарэнды-Панасюк

«Нам удалося атрымаць выпіску з рахунку Паліны. З гэтай ведамасці відаць, колькі грошай мая жонка можа траціць на «атаварку». Мы бачым, што ў краме на месяц ёй можна набываць тавары толькі на 30 рублёў. Я думаю, гэта здзек з Паліны, за гэтыя грошы можна набыць толькі сродкі гігіены, а набываць прадукты проста немагчыма. Гэта яшчэ адзін з фактараў катавання Паліны. Таксама мы бачым, што за апошнія некалі месяцаў ейны заробак максімальна складаў 61 капейку. Хутчэй за ўсё, яе прыцягваюць да ўборкі кухні і камеры, і пішуць, што яна нібыта працавала і налічваюць такі здзеклівы заробак», – распавёў «Белсату» муж палітзняволеннай.

Заробак Паліны Шарэнды-Панасюк у калоніі. Крыніца: Белсат

Андрэй Шарэнда адзначае, што адміністрацыя калоніі робіць усё, каб умовы для ягонай жонкі былі максімальна невыносныя:

«Мы бачым пазнаку Д18 – гэтым кодам у калоніі пазначаюць вязняў, схільных да ўцёкаў, захопу закладнікаў і нападу на супрацоўнікаў калоніі. Гэта значаць, што яны лічаць маю жонку асобаю небяспечнаю, злачынкаю. Таксама мы бачым, што Паліна пазначаная як зацятая парушальніца рэжыму, і што яна сапраўды застаецца ў Памяшканні камернага тыпу (ПКТ), раней такога пацверджання не было, цяпер яно ёсць. Калонія працягвае ціснуць на Паліну, не прапускаюць лісты да яе, і зноў не прынялі вялікай рэчавай перадачы, хаця яна абавязковая да прыняцца і ў ёй нельга адмовіць. Гэта пасылка 50 кілаграмаў, але зноў маем адмову», – кажа Андрэй Шарэнда.

Нагадаем, што Паліна Шарэнда-Панасюк застаецца ў жаночай Папраўчай калоніі № 24 (Зарэчча), куды яе перавялі з СІЗА № 3 Гомля. 7 красавіка 2021-га Паліне дадалі яшчэ 1 год калоніі да асноўнага тэрміну. Такі вырак прызначыў суддзя суда Чыгуначнага раёну Гомля Мікалай Крупадзёраў. Жанчыну судзілі ў закрытым рэжыме паводле ч. 2 арт. 411 КК («Зацятае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»).

У няволі Паліна застаецца ўжо больш за два гады, яе затрымалі 3 студзеня 2021-га. Яшчэ летась суддзя Яўген Брэган агучыў жанчыне вырак 2 гады зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 368 («Абраза прэзідэнта»), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў»).

Супраць Андрэя Шарэнды таксама завялі некалькі крымінальных справаў, але мужчыну ўдалося ўцячы з Беларусі. Сям’ю пазбавілі арэндавага жытла.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў