«Якія шэрыя схемы?!» Як Беларусь дапамагае Расеі абыходзіць санкцыі на люксавыя аўты


Праект «Бюро» выпусціў расследаванне пра экспарт люксавых аўтамабіляў з ЕЗ у Расею праз Беларусь у абыход санкцыяў. Сёлета гэтым маршрутам прайшлі каля тысячы машынаў на $ 100 млн. Адзін з беларускіх бізнесоўцаў, які бярэ ўдзел у паралельным імпарце, з мацюкамі адказаў на званок расследавальнікаў і пагражаў ГУБАЗіКам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: DRIVAR / Pixabay

«Беларусь сталася перавалачнай базаю для паставак люксавых еўрапейскіх аўтаў у Расею, нягледзячы на байкот і санкцыі. У шэрых схемах бяруць удзел і бізнесоўцы з сувязямі з рэжымам у Беларусі», – адзначаецца ў расследаванні, якое «Бюро» зладзіла разам з расейскім выданнем «Вёрстка» пры падтрыманні кіберпартызанаў.

Сёлета з краінаў ЕЗ у Расею праз Беларусь перавезлі каля тысячы аўтамабіляў прэміум-класу на $ 100 млн: «Rolls-Royce», «Ferrari», «Lamborghini», «Mercedes-Benz», «Maybach».

Агляд
Дыягназ беларускай эканомікі: як рэжым навучыўся існаваць ва ўмовах санкцыяў
2023.12.03 07:20

Адзін з беларускіх бізнесоўцаў, які бярэ ўдзел у паралельным імпарце, з крыкам і мацюкамі адказаў на званок расследавальнікаў і пагражаў ГУБАЗіКам:

«Якія, бл…, шэрыя схемы?! Ці вы хочаце на возе ездзіць?! Хочаце каня запрагаць?! Вы на каго працуеце?! Вы на Еўразвяз працуеце?! Дык, можа, мне ГУБАЗіКу патэлефанаваць, каб з вамі пагаварылі?! Можа, вы – вораг народу?!»

Hавiны
Ужо пагражалі ГУБАЗіКам: з’явілася новае беларускае расследавальніцкае выданне «Бюро»
2023.12.08 13:30

Пасля расейскага ўварвання ва Украіну шмат якія аўтамабільныя брэнды пакінулі Расею, а экспарт дарагіх машынаў з ЕЗ трапіў пад санкцыі. Аднак заможныя расейцы без гэтых аўтаў не засталіся. Дапамог дазвол на шэры імпарт і беларусы.

Транзітам аўтаў з ЕЗ у Расею займаюцца больш за 30 беларускіх кампаніяў, адзначаецца ў расследаванні. Адна з такіх фірмаў – Прэміяльная транспартавая кампанія, зарэгістраваная ў верасні летась у Менску. Гэтая арганізацыя – партнёр Беларускай федэрацыі барацьбы, Нацыянальнага алімпійскага камітэту і Прэзідэнцкага спартовага клубу.

Уладальнік кампаніі «Зіп-Лайн» Андрэй Піскароў.
Фота: onliner.by

Яшчэ адзін памагаты – «Зіп-Лайн» Андрэя Піскарова, які раней вёў бізнес з сынамі Юрыя Чыжа і Аляксея Алексіна. У сацыяльных сетках маецца фота Піскарова з Наталляй Эйсмант, прэс-сакратаром Аляксандра Лукашэнкі, і «сенатарам» Дзмітрыем Баскавым, падазраваным у датычнасці да забойства Рамана Бандарэнкі.

Колішні работнік адміністрацыі Лукашэнкі Анатоль Котаў у каментары праекту «Бюро» адзначыў, што транзіт аўтаў у сур’ёзных маштабах немагчымы ў Беларусі без ведама наглядных органаў, якія «ўзгадняюць гэта вышэй, не іначай як з Лукашэнкам».

«Гэта сталася проста бізнесам. Рэжым у Беларусі максімальна выкарыстоўвае шчыліну ў санкцыях, каб дадаткова зарабляць грошы», – падсумаваў Котаў.

Аналітыка
У абыход санкцыяў праз Еўропу? Як і чым Беларусь гандлюе з ЕЗ
2023.12.04 14:54

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў