Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў: Лукашэнка баіцца паўтарэння 2020 года


Лукашэнка рыхтуецца да парламенцкіх выбараў, якія маюць адбыцца ў лютым, і ўжо абмеркаваў гэта са старшынёй Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай. Палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў лічыць паказальным вельмі частае ўзняцце Лукашэнкам гэтай тэмы, што даказвае ягоную заклапочанасць надыходзячай падзеяй. Пра гэта ён распавёў нашаму тэлеканалу ў жывым эфіры.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Ёсць дзве такія лініі. Першая лінія – гэта як павядзе сябе наменклатура ў шырокім сэнсе, усе тыя выбарчыя камісіі, каб усё там было ціп-топ, каб не здарылася тое, што здарылася ў 2020 годзе, калі выдалі выбарчыя камісіі на некаторых участках сапраўдныя вынікі. А другое – каго правесці ў гэтыя дэпутаты, бо, сапраўды, наперадзе такія падзеі… Магчыма, там роля дэпутатаў, калі Лукашэнка вырашыць сыходзіць з улады, будзе даволі важнай, і гэтых жа дэпутатаў пасля будзе выбіраць Беларускі народны сход, прызначаць. Таму важна, каб не было нейкіх памылак», – тлумачыць Віталь Цыганкоў гэтую заклапочанасць Лукашэнкі парламенцкімі выбарамі.

Эксперт падкрэслівае, што Лукашэнка ўжо мае вопыт у тым, калі ў 80-90-х гадах ён быў дэпутатам і падчас развалу СССР усе камуністы ў Вярхоўнай Радзе галасавалі і за абарону камуністычнай партыі, і за незалежнасць. Таму Лукашэнка добра разумее, што ў нейкі момант падобная здрада можа здарыцца і цяпер.

А вось жаданне сустрэцца з прадстаўнікамі палітычных партыяў, якія збіраюцца ўдзельнічаць у выбарах, паводле палітычнага аглядальніка, для Лукашэнкі ўзнікла ўпершыню. Віталь Цыганкоў мяркуе, што прычына ранейшага нежадання знаёміцца з кандыдатамі ў парламент – тое, што збольшага палітычныя партыі былі апазіцыйнымі.

«Лукашэнка не любіць сустракацца з людзьмі, якія могуць казаць яму нешта непрыемнае. Але зараз такая складаная задача, я б сказаў, перад ім, што адначасова трэба зрабіць імітацыю выбараў і адначасова, як я ўжо казаў, трэба зрабіць так, каб было ўсё шыта-крыта, каб не было ніякіх непажаданых ні кандыдатаў, ні дэпутатаў», – кажа эксперт, падкрэсліваючы, што гэтая сустрэча – не проста знак даверу, але і своеасаблівая пагроза адабраць пернік за магчымыя дрэнныя паводзіны ў далейшым.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў