Гуляць у камп'ютарную гульню, абдымаць, піць каву з малаком. Шукаем працу мары


Патрабуюцца: гулец у камп’ютарную гульню, лавец перлаў на падводнай ферме, дэгустатар халоднай кавы, адмысловец у мэмах, фатограф зорак і касманаўт-прапагандыст. Вашай увазе – самыя незвычайныя прапановы аб працы з усяго свету.

Прафесійны абдымальнік

Сапраўды існуюць сэрвісы, якія прапануюць сеансы абдымання за грошы. Сярэдняя стаўка такога адмыслоўца – $ 80 за гадзіну. Але можна назваць свой кошт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прафесійны абдымальнік. Крыніца: www.yuup.co / SWNS

Каб падаць заяўку, трэба размясціць у сэрвісе свой здымак, быць пяшчотным і талерантным. Напрыклад, стваральнікі паслугі «Cuddlecomfort» сцвярджаюць, што маюць каля 400 тысячаў патэнцыйных кліентаў толькі ў ЗША.

Попыт на абдымальніц вышэйшы, бо большая частка кліентуры – мужчыны. Звычайна кліенты – самотныя асобы або тыя, хто пакутуе ад траўматычных праблемаў, інваліднасці ці эмацыйнага стрэсу. Ім проста патрэбныя абдымкі.

Абдымальнікі могуць знайсці працу ў такіх службах, як «Cuddle Up to Me», «The Snuggle Buddies», «The Snuggery».

Трэба абсалютна ўсіх раз’юшваць мэмамі і піць каву з малаком

Адукацыйная платформа «Нетология» шукае мэмолага: «Шукаюць гумарнога, з’едлівага і дасціпнага веселуна, які штодня завісае ў рылз, умее быць на чыле і расслабоне, замілоўваецца капібарамі». Патрабуецца «штодня шукаць свежыя мэмы на прасторах інтэрнэту» і «натхняць на неймаверныя дасягненні вучняў платформы».

Абвестка складзеная з цытатаў ды адсылак на мэмы і трэнды. Вы можаце ператварыць сваё пачуццё гумару ў працу і ствараць мэмы.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: memensk / Telegram

Патрабуецца гулец у камп’ютарныя гульні

Шукаюць дасведчанага геймера, які апантана фанацее ад камп’ютарнай гульні «Mortal Kombat» і гатовы гуляць цэлыя дні. Заробак абяцаюць ад $ 725 за месяц.

Праца з дому, у абавязкі ўваходзіць гуляць у «Mortal Kombat», аналізаваць механіку і распрацоўваць стратэгіі для гульні.

Праца на выспе ў Шатландыі

Вакансія першая: праца ў кавярні на пляжы-аэрапорце на выспе Бара.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аэрапорт на выспе Бара ў Шатландыі. Крыніца: aeroo.ru

Пляж на выспе Бара – адзіная ў свеце пляжная ўзлётна-пасадачная паласа пры мясцовым лётнішчы. Аэрапорт працуе паводле графіку прыліваў. Улады выспы пастанавілі адкрыць там кавярню, якая, на іхную думку, можа адыграць значную ролю ў падтрыманні турыстычных аб’ектаў. Калі вы планавалі адчыніць кавярню – магчыма, гэтая прапанова для вас.

На беразе Атлантычнага акіяну, выспах Бара і Ватэрсэй, жывуць каля 1300 асобаў. На першы погляд, гэта ідэальнае месца для размеранага жыцця. Але аддаленасць таксама азначае праблемы з наданнем медычнай дапамогі. Да найбліжэйшага аддзялення неадкладнай дапамогі – гадзіна палёту ці шэсць гадзінаў язды.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Выспа Бара ў Шатландыі. Крыніца: Judith Cutler / wikipedia.org

Вакансія другая: шпіталь Святога Брэндана – малюсенькі шпіталь на тры ложкі, не абсталяваны нават рэнтгенаўскім апаратам. Тут мясцовы доктар спрабуе забяспечыць стабільны стан пацыентаў у экстранай сітуацыі, чакаючы хуткай дапамогі. Улады ўкладаюць вялікія сродкі, каб прыцягнуць сюды часовых спецыялістаў. Калі вы доктар і заўжды хацелі жыць на выспе – магчыма, гэта праца вашай мары.

Вакансія: касманаўт-прапагандыст

У Маскве шукаюць касманаўта ў Цэнтр рыхтавання касманаўтаў імя Юрыя Гагарына. У гэтай аб’яве нас здзівіў пункт у патрабаваннях да патэнцыйнага касманаўта: «удзел у інфармацыйна-прапагандысцкай і камунікацыйнай дзейнасці як на Зямлі, гэтак і падчас касмічных палётаў».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскі касманаўт. Крыніца: www.rbth.com

Вакансія: кансультант у колерах

Міжнародная асацыяцыя IACC-NA рыхтуе кансультантаў/дызайнераў для працы з колерамі.

Кансультант у колеры – гэта асобная прафесія. Такі адмысловец вывучае не проста рэакцыю чалавека на колер. Да тэмы ён падыходзіць з розных гледзішчаў і дысцыплінаў, якія, на першы погляд, могуць падацца не звязанымі паміж сабою. Тэорыя колеру, тэхналогія, біялогія, філасофія, псіхалогія, сацыялогія і мастацтва – усё гэта аспекты прыроды колеру.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: www.lfbcolor.com

Навучальная праграма IACC прадугледжвае паглыбленае вывучэнне ўсіх аспектаў: ад колеру ў маркетынгу да псіхалогіі колеру і стварэння аптымальнага архітэктурнага асяроддзя. Заняткі праходзяць онлайн.

Тры месяцы бясплатнага жыцця на Сардыніі, калі вы журналіст або мастак

Італійская вёска Аллёляй на Сардыніі прапануе да трох месяцаў жыць бясплатна для тых, хто працуе онлайн і гатовы дзяліцца сваймі ведамі з мясцовымі жыхарамі. Рэч у тым, што насельніцтва гэтай вёскі за 100 гадоў скарацілася з 2250 да 1300 асобаў. Мясцовыя ўлады распачалі праграму «Праца ў Аллёляі». Мэта – стварыць прывабнае месца для замежнікаў і спрыяць абмену інфармацыяй ды досведам паміж сельскімі жыхарамі і вялікім светам. Калі вы працуеце ў галіне тэхналогіяў, медыяў, фінансаў, архітэктуры, або вы артыст, пісьменнік, музыка ці навуковец – можаце скласці кароткую заяўку і ўзяць удзел у конкурсе. Асноўнае патрабаванне – мець працадаўцу за межамі Італіі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Італійская вёска Аллёляй. Крыніца: www.willagetravel.com

Напрыканцы прапануем вам нечаканы факт: праца будаўніком сталася самаю шчаслівай у свеце – паводле даследавання «BambooHR» (кампанія, якая займаецца праграмным забеспячэннем для кіравання персаналам). Даследаваўшы каля 57 тысяч работнікаў у 160 арганізацыях, кампанія прыйшла да высновы: шчасце працаўнікоў агулам імкліва падае, што не скажаш пра будаўнікоў. Інфляцыя, крызісы на рынку працы, вяртанне ў офіс… Усё гэта не датычыць толькі сферы будаўніцтва. Выявілася, што работнікі гэтай галіны больш шчаслівыя ў параўнанні з офіснымі працаўнікамі.

А вы маглі б сваю працу назваць працаю мары?

Аліса Ганчар belsat.eu 

Стужка навінаў