Колькасць пацярпелых у Ізраілі беларусаў вырасла да трох


Падчас атакі ХАМАС на Ізраіль былі параненыя тры беларусы, распавёў амбасадар Беларусі Яўген Вераб’ёў.

Наступствы атакі ХАМАС на Ізраіль. Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: Getty images

9 кастрычніка стала вядома, што грамадзянка Беларусі атрымала траўму нагі, калі бегла ў бамбасховішча падчас абстрэлу.

«У ізраільскай лякарні ёй аператыўна была аказаная бясплатная дапамога», – распавёў Яўген Вераб’ёў.

Яшчэ адна беларуска была цяжка параненая падчас ракетнага абстрэлу. Яна знаходзіцца ў лякарні, за ейнае жыццё змагаюцца медыкі. Пацярпеў таксама сын жанчыны – у яго лёгкія раненні. Амбасадар запэўніў, што беларускія дыпламаты падтрымліваюць пастаянны кантакт з хлопчыкам і ягонай маці.

Каментар
Ці будзе вялікая вайна на Блізкім Усходзе? Хто і навошта дапамагаў у нападзе на Ізраіль
2023.10.09 21:56

Вераб’ёў распавёў, што невялікая колькасць грамадзянаў ёсць і на тэрыторыі сектару Газа. Гэта, пераважна, жанчыны з дзецьмі.

«З мэтай атрымання ўсёй магчымай інфармацыі пра пацярпелых, амбасада знаходзіцца ў сталым шчыльным кантакце з МЗС Ізраілю, ізраільскай паліцыяй і іншымі сілавымі структурамі, медычнымі ўстановамі. Нам вельмі дапамагаюць нашыя землякі. У Ізраілі ёсць аб’яднанне выхадцаў з Беларусі са сваімі аддзяленнямі амаль ва ўсіх рэгіёнах. Мы шчыра ўдзячныя ўсім, хто дапамагае нам у высвятленні лёсаў нашых суайчыннікаў», – сказаў амбасадар.

Паводле Яўгена Вераб’ёва, беларуская амбасада ў Ізраілі атрымлівае шмат запытаў адносна таго, як пакінуць краіну. Па стане на 9 кастрычніка было каля 150 зваротаў. Амбасадар кажа, што аэрапорт Бэн-Гурыён у Тэль-Авіве працуе.

«На дадзеным этапе мы рэкамендуем нашым грамадзянам, чые рэйсы адмяняюцца ці адкладваюцца, удакладняць дату пераносу рэйсу. Калі яна не адпавядае, то паглядзець магчымасць выкарыстання ізраільскіх авіякампаніяў, якія працягваюць здзяйсняць рэгулярныя авіярэйсы, у прыватнасці, у Маскву ды Стамбул», – зазначыў Яўген Вераб’ёў.

Беларускі МЗС заклікаў усіх беларусаў, якія цяпер у Ізраілі, падпарадкоўвацца ўказанням мясцовых уладаў і службаў тылу.

Hавiны
«Не будзе ні электрычнасці, ні ежы, ні паліва». Ізраіль заявіў пра поўную блакаду сектару Газа
2023.10.09 18:17

Раніцаю 7 кастрычніка а 6:30 паводле ізраільскага часу ўзброенае крыло «Хамас» абвясціла пра пачатак аперацыі «Паводка Аль-Акса» супраць Ізраілю і атакавала краіну ад поўдня да цэнтру больш як 5000 ракетаў і снарадаў.

Станам на вечар 9 кастрычніка ад моманту пачатку атакі «Хамасу» ў Ізраілі загінулі 800 чалавек, больш за 2500 атрымалі раненні. Палестынскія ўлады паведамляюць пра 413 загінулых і 2300 параненых.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў