Сёлета ў лесе грыбна! Але мы распавядзём вам не пра баравікі і лісічкі, а пра грыбы, якіх вы ніколі не бачылі або якія выглядаюць неядомымі.
Грыбны дыямент расце не толькі ў Італіі і Францыі, яго можна адшукаць і ў Беларусі – напрыклад, у Белавежскай пушчы, Асіповіцкім і Жыткавіцкім раёнах. Але калі вы яго і знойдзеце, то збіраць яго нельга – труфель занесены ў Чырвоную кнігу.
У Беларусі сустракалі толькі некалькі відаў гэтых далікатэсаў, сярод іх летні і чорны труфель. Адшукаць грыбы вельмі цяжка – яны растуць на глыбіні 30 сантыметраў пад зямлёй. Французы, каб знайсці гэты грыб, выкарыстоўваюць тры спосабы: пускаюць у лес свіней (але яны самі любяць паласавацца труфелямі), шукаюць з адмыслова навучаным сабакам або самастойна.
Грыб галавач гіганцкі таксама з Чырвонай кнігі Беларусі. Яго можна сустрэць нават у Менску, а таксама ў Віцебскай вобласці. Галавач можа дасягаць 50 сантыметраў у дыяметры і важыць да 4 кілаграмаў. Есці яго можна падсмажаным – але толькі калі ён малады. А старым ён лопаецца, і з яго вылятаюць споры.
І тут прыгадалася прыказка нашых продкаў: «Еж пірог з грыбамі, а язык трымай за зубамі!»
Гэта ядомы грыб, але праз шэры колер грыбнікі яго часта ігнаруюць. У Беларусі ліска шэрая таксама занесеная ў Чырвоную кнігу. Адмыслоўцы сцвярджаюць, што грыб пахне садавіной.
Калі ласка, не бярыце грыбоў, калі вы не ўпэўненыя. Бо адна памылка можа каштаваць вам здароўя і нават жыцця. Няхай сабе застаюцца ў лесе.
Саркасцыфу пунсовую ў народзе называюць бабуліны вушы. Выглядае небяспечна, але грыб можна есці. Саркасцыфа ёсць своеасаблівым экалагічным індыкатарам – не пераносіць забруджвання. У Беларусі грыб завецца таксама блюдцавік чырвоны і чырвоны капялюшык.
Грыб сустракаецца ад лютага і расце грыбовішчамі (сем’ямі) усю вясну на апалых галінках і пад лісцем.
Смакам і кансістэнцыяй падобны на кальмара. Мы знайшлі цікавы рэцэпт саркасцыфы з вяндлінай і журавінамі.
У народнай медыцыне парашок з сушанай саркасцыфы выкарыстоўваюць як кроваспыняльны сродак.
Вельмі лёгка пераблытаць з воўчым (неядомым) грыбам, а смакам парасон падобны да рыбы. У беларускіх вёсках яго гатуюць так: капялюшык папярэдне не адварваюць, а разразаюць на чатыры часткі і смажаць, укачаўшы ў сумесі з яек і мукі.
Народныя назвы: капялюх, каўпак, драфа, дропа, шарафаён, купак, вужовікі, вужачкі, вужовы грыб, варанок, чапля, панчоха, варона і – ласкава – парасонік.
Гэтыя грыбы называюць таксама рагацікамі. Беларускі знаўца грыбоў Сяргей Сыс распавёў, як гатаваць гэты дзівосны грыб:
«Можна папярэдне вымачыць некалькі гадзін у вадзе, а ўжо потым варыць хвілінаў дзесяць, пасля чаго смажыць ці дадаваць у суп. Смак нечым нагадвае варанае мяса».
Але казіныя бародкі вельмі проста паблытаць з рамарыяй жоўтай, якой лёгка атруціцца. Калі вы сумняваецеся, заўжды пакідайце грыб у лесе.
Напрыканцы нагадаем: усе грыбы ядомыя, але некаторыя – толькі адзін раз.
Аліса Ганчар belsat.eu