Спазненне ад 3 да 5 гадзінаў. Як ходзяць цягнікі паміж Беларуссю і Расеяй?


8 красавіка ў расейскай Вязьме абрынуўся мост, перагарадзіўшы галоўную чыгуначную магістраль паміж Беларуссю і Расеяй. Цягнікі пусцілі альтэрнатыўным маршрутам, а пасажыры хуткасных электравікоў «Ластаўка» вымушаныя рабіць перасадку на аўтобусы.

Аварыйныя работы на чыгунцы пасля абвалу мосту ў Вязьме, Расея. 9 красавіка 2024 года.
Скрыншот: mzd_rzd / Telegram

Абломкі мосту ў Вязьме пашкодзілі рэйкі, кантактны провад ды іншую інфраструктуру. На месцы здарэння працягваецца ліквідацыя наступстваў. Як паведамляе Маскоўская чыгунка, працуюць чатыры адмысловыя аднаўленчыя цягнікі, 20 адзінак тэхнікі і больш за 300 асобаў.

Кіраўнік Смаленскай вобласці Васіль Анохін заявіў, што абрынуліся 6 з 7 пралётаў – аднаўляць няма чаго, там пабудуць новы пуцеправод.

Мост, што абрынуўся, перагарадзіў галоўную чыгуначную магістраль паміж Беларуссю і Расеяй. Там штодня праходзіць ад 14 да 23 пасажырскіх цягнікоў і 10–15 параў грузавых, падлічыла суполка «Live. Сообщество железнодорожников Беларуси».

Пасажырскія цягнікі для чыгуначнікаў – галоўны прыярытэт, таму былі хутка знойдзеныя альтэрнатыўныя варыянты.

Хуткасныя электравікі «Ластаўка», што ходзяць паміж Менскам і Масквою, спыняюцца ў Смаленскай вобласці. Пасажыраў перасаджваюць у аўтобусы, давозяць да наступнай чыгуначнай станцыі і зноў саджаюць у цягнік. Аўтобусы курсуюць паміж Вязьмаю і Сямлёвам.

Аўтобусы МАЗ, на якіх возяць пасажыраў «Ластавак» паміж Вязьмаю і Сямлёвам. 9 красавіка 2024 года.
Фота: vyazmaonline / «ВКонтакте»

Онлайн-табло станцыі «Менск-Пасажырскі» сведчыць, што такі шлях забірае на 3 гадзіны болей, чымся звычайна. Менавіта з такім спазненнем у беларускай сталіцы чакаюць «Ластаўку», якая мелася прыбыць а 13:10.

Альтэрнатыўны маршрут чыгуначнага руху ў Смаленскай вобласці Расеі.
Графіка: Белсат

Астатнія цягнікі пусцілі ў аб’езд праз Калужскую вобласць Расеі:

  • № 1 Масква – Менск,

    № 2 Менск – Масква,
  • № 3 Масква – Берасце,

    № 8 Берасце – Масква,
  • № 27 Масква – Берасце,

    № 28 Берасце – Масква,
  • № 29 Масква – Калінінград,

    № 30 Калінінград – Масква,
  • № 55 Масква – Гомель,

    № 56 Гомель – Масква.
Альтэрнатыўны маршрут чыгуначнага руху ў Смаленскай вобласці Расеі.
Графіка: Белсат

Такі вымушаны маршрут вымагае дадатковага часу для падарожжа. Напрыклад, цягнік № 27 Масква – Берасце прыбыў сёння ў Менск са спазненнем на 4 гадзіны, цягнік № 1 Масква – Менск адхіліўся ад раскладу на 4 гадзіны 20 хвілінаў, а цягнік № 3 Масква – Берасце – на 4 гадзіны 45 хвілінаў.

Колькі часу давядзецца трываць такія нязручнасці, невядома. У кантакт-цэнтры Беларускай чыгункі кажуць, што ўсё залежыць ад расейскага боку, а там аніякай інфармацыі на гэты конт, маўляў, пакуль не даюць:

«Проста цяпер такой інфармацыі няма. Гэта залежыць не ад Беларускай чыгункі, чакаем на інфармацыю з боку Расеі. Цягнікі будуць адпраўляцца, магчымыя адхіленні ад графіку, імаверна, падвоз будзе на тэрыторыі Расеі наладжаны ці расчысцяць адзін пуць. На гэты момант такой інфармацыі ў нас няма пакуль што».

Фота
У Смаленскай вобласці абрынуўся мост над чыгункай, што звязвае Беларусь і Расею
2024.04.08 19:32

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў