У чарзе больш за содні, месцы прадаюць за 150 еўраў. Як беларусы едуць у Польшчу


На выездзе з Беларусі ў Польшчу апошнімі днямі не знікаюць вялізныя чэргі з аўтамабіляў і аўтобусаў. 8 красавіка чэргі з легкавікоў склалі больш чым 500 машынаў. 9 красавіка ўвесь дзень стабільна больш за 300 машынаў усё яшчэ чакаюць заезду ў Польшчу. У гэтыя два дні аўтобусаў у чарзе было ад 30 да 40 штук. «Белсат» адправіўся да памежнага пераходу «Тэрэспаль – Берасце», і даведаўся, чаму людзям даводзіцца стаяць больш за содні, чакаючы заезду ў Польшчу, колькі каштуе месца на мяжы і ці працягваецца ўсё яшчэ кантрабанда цыгарэтаў.

Памежны пераход «Тэрэспаль – Берасце». Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

26 гадзінаў у чарзе, гадзіна сну

Аўтобусныя і аўтамабільныя чэргі стаяць толькі з беларускага боку. Пасля абеду ля памежнага пераходу з польскага боку пуста. Працаўнік польскай памежнай службы кажа, што гэта назіраецца ўжо некалькі дзён.

Затое чэргі з фураў велізарныя. Чаргу заўважаем яшчэ за 66 кіламетраў да Берасця. Фуры стаяць астраўкамі – з разрывамі ў тых месцах, дзе населеныя пункты і дзе нельга стаяць на дарозе.

За кіламетраў пятнаццаць ад Тэрэспалю ўздоўж дарогі таксама расцягваецца чарга, у якой дальнабойнікі стаяць шмат гадзінаў. На ўзбочыне праз кожныя метраў дваццаць – мяхі са смеццем. Двое мясцовых знайшлі спосаб зарабіць – ідуць з роварам побач з машынамі і прапануюць кіроўцам тавары. Далей чарга цягнецца да Казловічаў, а мы ідзём у бок Берасця.

Машына польскіх памежнікаў на пераходзе «Тэрэспаль – Берасце». Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Пакуль з польскага боку каля Берасця пуста, у Беларусі ўвесь дзень чакаюць 300 аўтаў. Колькасць аўтобусаў з раніцы ледзь зменшылася да вечара: з 35 да 30. Паводле звестак беларускага боку, уся закавыка ў павольнай працы польскага пункта пропуску.

«За содні польскі бок прыняў усяго 67 са 170 аўтобусаў, што складае 39 % ад нормы», – распавядае раніцай 9 красавіка прэс-служба Дзяржпамежкамітэту.

Польская памежная служба раней паведамляла, што прапускная здольнасць знізілася, бо частку працаўнікоў давялося накіраваць на стрымліванне плыні мігрантаў, што ідзе з Беларусі.

Каментар
«Адказ на міграцыйны крызіс». Польшча абвінаваціла ўлады Беларусі ў чэргах на мяжы
2024.04.05 12:53

У Беларусь едзе пусты аўтобус «Менсктранс». Каля шлагбауму яму не даводзіцца чакаць і хвіліны, каб праехаць на пашпартны і мытны кантроль.

Сустракаем жанчыну на легкавым аўце, якая прыехала з Берасця. Гэта дальнабойніца Вікторыя (імя змененае). У Польшчы яна перасаджваецца на сваю працоўную машыну. Пытаемся, як абставіны з беларускага боку. Яна кажа, што не зразумела, чаму давялося стаяць у чарзе 26 гадзінаў, бо абодва памежныя пераходы яна прайшла вельмі хутка.

«Нічога нават не правяралі. Проста дзверы адчынялі і ўсё. Я жанчыну падвозіла, яна сказала, што ў палякаў ноччу толькі адзін канал працаваў. Мабыць, праз гэта доўга чакалі. Зразумела, нашыя таксама пусціць не могуць, бо няма куды. У мяне пайшло 26 гадзінаў з таго моманту, як я трапіла ў чаргу, і да таго, як перад нашымі памежнікамі стала. Паспала гадзіну», – кажа Вікторыя.

Днём з польскага боку працавалі ўжо тры каналы пропуску, адзначае жанчына.

150 еўраў – і месца для аўта вашае

Бывае і такое, што месцы на мяжы прадаюць, нягледзячы на прэцэдэнт, калі месца купіў беларускі падаткавік і выпісаў штраф прадаўцу.

Аўтобус «Менсктранс» пад’язджае да памежнага пераходу «Тэрэспаль – Берасце». Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Ёсць такое. Звычайна месцы прадаюць максімальна блізка да зоны чакання ля мяжы. За мной стаялі расейцы. Яны хацелі адпачыць, доўга ехалі сям’ёй, двое дзяцей – складана пацягнуць дарогу. Пыталіся: “Можаце патрымаць чаргу?”. Я кажу, што я патрымаю, проста вас потым не пусцяць, калі вы не будзеце стаяць. І праз нейкі час нейкі мужычок кажа: “Магу прадаць вам чаргу. 150 еўраў”. Яны параіліся і купілі. Вядома, яны праехалі 1700 кіламетраў, ну куды яму», – кажа Вікторыя.

Дальнабойніца падкрэслівае, што няма ніякай сістэмы на мяжы – як пашанцуе:

«Я езджу кожны месяц. Кожны раз усё па-рознаму. То палякі хутка прапускаюць, а нашыя стаяць. То палякі трымаюць, а нашыя нават наогул дзвярэй не адчыняць – раптам я там нешта вязу. Я б з задавальненнем, як цяпер, паехала ў Беларусь, калі тут нікога няма».

Аўтобусныя чэргі таксама вельмі вялікія, працягвае Вікторыя. Яшчэ адзін мужчына, які прыехаў з Берасця, гэта пацвярджае. Ён кажа, што сеў у аўтобус проста ля мяжы, але ўсё роўна прачакаў восем гадзінаў.

Памежны пераход «Тэрэспаль – Берасце». Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Цяпер дорага каштуе зайсці ў аўтобус – 40 еўраў. Гэта проста перайсці мяжу. Некаторыя кажуць: “Колькі дасце”. Не магу сказаць, што шмат правяраюць. Цыгарэты ўжо даўно ніхто не возіць. Ну блок, два. Вось у мяне маці таксама пенсіянерка. Усё ніяк не прымушу яе ўдома сядзець. І працуе, і на Польшчу ездзіць з Берасця. Я кажу: “Табе гэта трэба? 20 гадзінаў у маршрутцы за гэтыя 50 долараў”. Для пенсіянераў гэта грошы», – кажа ён.

Тым часам быў толькі адзін аўтобус, які выехаў з беларускага боку амаль за дзве гадзіны. На шляху да мяжы за тры гадзіны мы заўважылі толькі адзін аўтобус, які ехаў з Беларусі.

Hавiны
Мігранты актыўна «фарсіравалі» беларуска-польскую мяжу падчас велікодных святаў
2024.04.02 16:25

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў