news
Агляд
Шантаж, ядравая зброя і ліцвінізм. Спецслужбы Літвы бачаць пагрозы ў Беларусі і беларусах
Яны прадказваюць, што беларускія спецслужбы працягнуць сваю дзейнасць.
11.03.202412:00

Літоўскія спецслужбы заяўляюць пра пагрозы з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які кіруе Беларуссю, а таксама з боку прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія жывуць у Літве. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Другога дэпартаменту аператыўнай службы і Дэпартаменту дзяржбяспекі Літвы аб ацэнцы пагрозаў нацыянальнай бяспецы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Паводле дакладу, «беларускія спецслужбы вядуць інтэнсіўную і агрэсіўную дзейнасць супраць Літвы».

«Беларускі рэжым успрымае падтрыманне Захадам беларускай дэмакратычнай апазіцыі і беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, як галоўную пагрозу сваёй бяспецы. Каб супрацьстаяць гэтым пагрозам і абараніць кіроўны рэжым, беларускія спецслужбы пашырылі свае выведныя аперацыі за мяжой і ўзмацнілі ўнутраную контрвыведку», – гаворыцца ў дакладзе.

У дакуменце падкрэсліваецца, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвае нелегальную міграцыю, каб «адпомсціць ЕЗ і некаторым яго дзяржавам-чальцам». На думку літоўскіх спецслужбаў, спынення міграцыйнага ціску ў кароткатэрміновай перспектыве, хутчэй за ўсё, не будзе.

Адначасова адзначаецца, што вайсковы патэнцыял Беларусі ўзмацняецца коштам значнага павелічэння расейскага вайсковага падтрымання Менску.

«У адказ на сітуацыю з бяспекай у рэгіёне Лукашэнка нарошчвае свае сілы, стварае новыя падраздзяленні і атрымлівае беспрэцэдэнтнае падтрыманне зброяй ад Расеі. Беларускі рэжым захоўвае кантроль над краінай і стабільнасць яе эканомікі», – заяўляюць літоўскія спецслужбы.

Пры гэтым, на іх думку, Расея імкнецца ўзмацніць свой кантроль над Менскам праз нарошчванне патэнцыялу нестратэгічнай ядравай зброі (НСЯЗ). Аднак, паводле дакладу, поўны кантроль над НСЯЗ застанецца ў руках Расеі.

«Расея будзе выкарыстоўваць беларускую тэрыторыю і персанал, але захавае за сабой права вызначаць, ці будзе і якім чынам будзе выкарыстоўвацца НСЯЗ. Размяшчэнне НСЯЗ у Беларусі толькі паглыбіць сувязі паміж дзвюма краінамі і заахвоціць Маскву любой цаной захаваць кантроль над Менскам», – гаворыцца ў справаздачы.

Увага на дыяспары

Згодна з дакладам, выведка Беларусі засяродзіла сваю ўвагу на беларускай апазіцыі ў Літве ды агулам на беларускай дыяспары. У дакуменце адзначаецца, што ў Літве жывуць больш як 62 тысячы грамадзянаў Беларусі і іхная колькасць штогод павялічваецца прыкладна на 15,5 тысячы чалавек.

«Кантакты паміж беларускай выведкай і некаторымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары ствараюць значную пагрозу нацыянальнай бяспецы Літвы, асабліва калі яны захоўваюцца пасля іхнага прыбыцця ў Літву», – адзначаюць літоўскія спецслужбы.

Як заяўляецца, завербаваных прадстаўнікоў дыяспары выкарыстоўваюць для збору інфармацыі пра літоўскія ўстановы, а таксама пра беларускую дэмакратычную апазіцыю і саму дыяспару.

Допыты на мяжы і сачэнне за дыпламатамі

Як заяўляецца, беларуская выведка інтэнсіўна выкарыстоўвае допыты асобаў, якія прыязджаюць з Літвы ў Беларусь, для збору выведнай інфармацыі і выяўлення асобаў, патэнцыйна здольных ажыццяўляць выведную дзейнасць у Літве.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг еднасці з Украінай. Вільня, Літва. 24 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

«Працаўнікі беларускай выведкі правяраюць мабільныя прылады і персанальныя камп’ютары асобаў, якія жадаюць уехаць у Беларусь, правяраюць іхныя спісы кантактаў, акаўнты ў сацыяльных сетках і фотаздымкі на наяўнасць адпаведнай інфармацыі. Падчас допытаў і правяранняў беларускія спецслужбы збіраюць інфармацыю пра мэты візіту падарожнікаў у Беларусь, іхныя палітычныя погляды, працаўладкаванне. Яны таксама высвятляюць, ці маюць асобы, якія перасякаюць мяжу, якія-небудзь сувязі з Дзяржаўнай памежнай службай Літвы, праваахоўнымі органамі, літоўскай выведкай або вайскоўцамі», – гаворыцца ў дакуменце.

У прыватнасці, беларускія спецслужбы спрабуюць выявіць цяперашніх і былых чыноўнікаў, сілавікоў і вайскоўцаў Літвы, а таксама бізнесоўцаў, працаўнікоў стратэгічных кампаніяў, журналістаў і прыватных асобаў, якія маюць дачыненне да незаконнай дзейнасці. Для вербавання могуць выкарыстоўваць псіхалагічны ціск і шантаж.

Як паведамляецца, беларуская выведка назірае таксама за работнікамі амбасады Літвы і збірае інфармацыю пра іхныя кантакты, звычкі і ўсё, што можа іх скампраметаваць. «Сабраная інфармацыя ці адміністрацыйныя захады выкарыстоўваюцца для запалохвання работнікаў. Ажыццяўляючы такую дзейнасць, беларускія спецслужбы імкнуцца завербаваць працаўнікоў літоўскай дыпмісіі і прымусіць іх дзеяць супраць інтарэсаў нацыянальнай бяспекі Літвы», – мяркуюць спецслужбы.

Ліцвінізм як пагроза

Занепакоеныя літоўскія спецслужбы і самымі беларускімі эмігрантамі, бо некаторыя з іх прапагандуюць «ліцвінізм – радыкальнае адгалінаванне беларускага шавінізму». Гэта выражаецца ў адмаўленні балтыйскага паходжання князёў Вялікага Княства Літоўскага і аспрэчванні прыналежнасці Віленшчыны.

«Некаторыя прыхільнікі ліцвінізму, якія жывуць у Літве, актыўна прасоўваюць свае ідэалагічныя погляды ў сацыяльных сетках. Шырокі распаўсюд такіх поглядаў сярод беларускай дыяспары негатыўна ўплывае на інтэграцыю беларусаў у грамадства і можа прывесці да росту міжэтнічнай напружанасці», – гаворыцца ў дакладзе.

Hавiны
Літва апытае 18–20 тысячаў беларусаў. За няправільны адказ можа назваць «пагрозай бяспецы»
2024.02.27 14:27

Як адзначаецца, беларускі рэжым праводзіць інфармацыйныя атакі на тэму ліцвінізму, «каб распаліць канфрантацыю паміж беларусамі, якія жывуць у Літве, і літоўскім грамадствам».

Апрача таго, сярод беларускіх эмігрантаў выяўленыя прыхільнікі ўльтраправых рухаў.

Свядомы абыход санкцыяў

Падчас прэзентацыі дакладу 7 сакавіка дырэктар Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Дарус Яўнішкіс заявіў, што ў Літве ёсць дзясяткі кампаніяў, якія з уласнай ініцыятывы дапамагаюць уладам Расеі і Беларусі абыходзіць санкцыі.

Паводле яго, уладальнікамі некаторых з гэтых кампаніяў ёсць грамадзяне Расеі ці Беларусі, «якія, маючы часовы від на жыхарства, свядома ўдзельнічаюць у гэтых схемах, цалкам усведамляючы, што яны робяць, ці нават наўпрост падаючы гэтыя схемы, тэхналогіі або абсталяванне кампаніям, звязаным з расейскім вайсковым сектарам».

Аднак ёсць і фірмы, якія не ведаюць, што іх камплектавальныя выкарыстоўваюцца пры вытворчасці вайсковай тэхнікі ў Расеі. Іх прадукцыя, неабходная для вытворчасці ракетаў і абсталявання, купляецца праз трэція краіны.

Агулам літоўскія спецслужбы мяркуюць, што ў найбліжэйшай будучыні беларускія спецслужбы працягнуць пераследаваць Літву, яе грамадзянаў у Беларусі і беларускую дыяспару ў Літве.

Hавiны
У Літве распавялі, як літоўцаў вярбуюць шпіёніць для спецслужбаў Беларусі
2024.03.07 16:16

Макар Мыш belsat.eu