Законапраект «Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці» 9 сакавіка падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Згодна яму, смяротнае пакаранне за дзяржаўную здраду можа прымяняцца да ваеннаслужачых, а таксама службовых асоб, якія займаюць дзяржаўныя пасады.
Асноўная мэта дакументу на думку беларускіх уладаў – «узмацненне супрацьдзеяння злачынствам экстрэмісцкай (тэрарыстычнай) і антыдзяржаўнай накіраванасці».
Дакумент прадугледжвае крымінальную адказнасць за здраду дзяржаве, здзейсненую службовай асобай, і распаўсюджваецца на ўсіх асоб, якія займаюць дзяржаўныя пасады. Ён таксама прадугледжвае прымяненне смяротнага пакарання за здраду дзяржаве ў адносінах да ваеннаслужачых і службовых асоб, якія займаюць дзяржаўныя пасады.
Таксама ўводзіцца крымінальная адказнасць за прапаганду тэрарызму, дыскрэдытацыю Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фармаванняў, арганізацый і г.д. За шэраг злачынстваў антыдзяржаўнай накіраванасці ўстанаўліваецца дадаткова штраф – да 50 тысяч базавых велічынь.
Раней прэс-служба Палаты прадстаўнікоў указвала, што законапраект «Аб змене кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці» патрэбны для «стрымліваючага ўздзеяння на дэструктыўныя элементы» і «дэманстрацыі рашучай барацьбы са здрадай дзяржаве».
Раней, у траўні 2022 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў папраўкі да Крымінальнага кодэксу Беларусі, якія ўвялі смяротнае пакаранне за замах на здзяйсненне акту тэрарызму.
Алена Рувіна belsat.eu