Ці змогуць турніры ў Азіі ўратаваць беларускіх і расейскіх спартоўцаў?


Міжнародныя спартовыя арганізацыі летась вельмі хутка адрэагавалі на пачатак расейскай ваеннай агрэсіі ва Украіне. У першыя дні варварскага ўварвання пуцінскіх войскаў на тэрыторыю незалежнай дзяржавы цэлы шэраг федэрацыяў адразу парваў усялякія сувязі з Расеяй і Беларуссю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Denis Balibouse / Reuters / Forum

Ужо 25 лютага, на наступны дзень пасля абвяшчэння вайны (паводле прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, «спецыяльнай ваеннай аперацыі на Данбасе»), выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэту заклікаў усе спартовыя арганізацыі адмяніць ці перанесці спаборніцтвы, запланаваныя на тэрыторыях Расеі і Беларусі.

Прычынаю назвалі парушэнне ўрадамі гэтых дзяржаваў алімпійскага перамір’я падзеямі ва Украіне. Яно пачалося 5 лютага 2022 года, у першы дзень спаборніцтваў на зімовых Гульнях у Пекіне, і павінна было скончыцца 20 сакавіка, праз 7 дзён пасля закрыцця зімовых Паралімпійскіх гульняў. Рашэнне было прынятае найперш дзеля бяспекі самых спартоўцаў.

Выканкам МАК заклікаў «не вывешваць нацыянальных сцягоў Расеі і Беларусі на міжнародных спартовых імпрэзах, якія яшчэ не ёсць часткай адпаведных санкцыяў Сусветнага антыдопінгавага агенцтва ў дачыненні Расеі».

Праз тры дні, 28 лютага, МАК рэкамендаваў  міжнародным спартовым федэрацыям не дазваляць выступаць у сваіх турнірах расейскім і беларускім спартоўцам «дзеля абароны сумленнасці глабальных спартовых спаборніцтваў і бяспекі ўсіх іх удзельнікаў».

Але ўжо амаль праз год, 26 студзеня 2023-га, калі ваенныя дзеянні ўсцяж працягваюцца, МАК рэкамендуе спартовым федэрацыям, наадварот, дапусціць расейцаў і беларусаў на міжнародныя спаборніцтвы, толькі з вялікаю колькасцю агаворак. Перш за ўсё, каб гэта было «ў нейтральным статусе» пры ўмове, што атлеты не выступалі супраць міратворчай місіі Міжнароднага алімпійскага камітэту, актыўна падтрымліваючы «ваенную спецаперацыю» Расеі на тэрыторыі Украіны. У МАК адзначылі: «ніводны спартовец не павінен быць адхілены ад удзелу ў спаборніцтвах толькі праз свой пашпарт». Але яны мусяць, па-першае, «цалкам захоўваць Алімпійскую хартыю, а па-другое, жорстка прытрымлівацца Сусветнага антыдопінгавага кодэксу».

Сістэма ўтойвання допінгу ў расейскім спорце выкарыстоўвалася і да сочынскіх Гульняў?

Як вядома, у расейскіх спартоўцаў вялікія праблемы з допінг пробамі. Яны сёння, бадай, чэмпіёны свету паводле колькасці асобаў, дыскваліфікаваных праз ужыванне забароненых прэпаратаў. А цёмная і вельмі сарамлівая ўнікальная методыка падмены «брудных» пробаў на чыстыя, якую ажыццяўляла Маскоўская антыдопінгавая лабараторыя пры падтрыманні Міністэрства спорту РФ падчас Белай алімпіяды ў Сочы ў 2014 годзе, пра што гаворыцца ў больш як 90-старонкавым дакладзе (за 16 ліпеня 2016 года) канадскага прафесара права і спартовага юрыста Рычарда МакЛэрэна, надоўга вывела Расею з прэтэндэнтаў на правядзенне ў сябе больш-менш значных міжнародных спаборніцтваў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Расейскія гульцы святкуюць перамогу над ЗША ў хакейным матчы падчас Зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Лазане, Швейцарыя. 22 студзеня 2020 года.
Фота: Thomas Lovelock / IOC / AFP / East News

Бо практыку начной (калі не было міжнародных працаўнікоў) падмены пробаў у сочынскай лабараторыі пацвярджаюць вынікі эксперыментаў, судова-медычных экспертызаў, аналіз лабараторных спробаў, дакументальныя сведчанні і вусныя паказанні. Больш за тое, было заўважана, што пасля Гульняў у Сочы санкцыянаванае ўладамі выкарыстанне допінгу расейскімі спартоўцамі вярнулася да стандартных практык. Вярнулася, бо, як указваецца ў тым жа дакладзе, сістэма ўтойвання допінгу ў расейскім спорце выкарыстоўвалася і да сочынскіх Гульняў (у 2013 годзе на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Маскве, а таксама на Універсіядзе-2013 у Казані), і пасля іх (на чэмпіянаце свету па водных відах спорту – 2015 у той жа сталіцы Татарстану).

Не чакаючы аніякай міласцівай спагады ад міжнародных спартовых арганізацыяў, прадстаўнікі расейскіх федэрацыяў пастанавілі, што час паглядзець на Азію. Нібыта там лепей зразумеюць, прабачаць і ўладкуюць расейскіх спартоўцаў для выступу на міжнароднай арэне значна хутчэй, а працэдура будзе прасцейшая. Першымі кінулі свой канкрэтны погляд на Азію футбалісты. Але выканкам Расейскага футбольнага саюзу ў канцы мінулага года так і не прагаласаваў за радыкальнае рашэнне змяніць канфедэрацыю. Галоўная мэта пакуль у падвешаным стане. Расея жадае згуляць у адборы на чэмпіянат свету – 2026, што пройдзе на стадыёнах ЗША, Канады і Мексікі. Але менавіта адсутнасць гарантыяў, што расейцаў залучаць у кваліфікацыйны турнір на чэмпіянат планеты, а гэта ёсць прэрагатыва FIFA (Міжнародная федэрацыя футболу), вымусіла перанесці разгляд гэтага пытання на вясну, якая ўжо пачалася.

Для пераходу ў Азію зборнай Расеі і клубных камандаў гэтай краіны існуе шмат нюансаў. Гэта і ніжэйшы ўзровень футболу, і значна меншыя, чымся ў Еўропе, прызавыя, і шмат яшчэ чаго драбнейшага.

Шахматы не футбол

Зусім іншая рэч – шахматы. У найстаражытнейшай гульні азіяцкі ўзровень вельмі канкурэнтаздольны з еўрапейскім (мужчынская зборная Узбекістану летась упершыню стала пераможцаю Шахматнай алімпіяды, якая прайшла ў Індыі, кітайскія спартоўцы некалькі разоў выгульвалі чэмпіянат свету (апошні – жанчыны ў 2019 годзе), а жаночая зборная Індыі ўзяла срэбра на чэмпіянаце планеты – 2021 у Іспаніі. І першыя канкрэтны вызначальны крок у змене федэрацыі зрабілі самыя разумныя і разважлівыя – расейскія шахматысты. Расея ў шахматах станецца афіцыйна азіяцкаю краінаю з 1 траўня 2023 года. Трэнер моладзевай зборнай Расеі, намеснік выканаўчага дырэктара Федэрацыі шахматаў Расеі, гросмайстар Міхаіл Кабалія, які прысутнічаў на Азіяцкім шахматным саміце, што прагаласаваў за прыняцце Расеі, патлумачыў гэты крок так:

«Заяўку мы падалі яшчэ ў красавіку мінулага года, і яна амаль год чакала свайго разгляду. Мы падалі шэраг аргументаў, з якімі цяжка спрачацца. У прыватнасці пра тое, што 77 % тэрыторыі Расеі – у Азіі. А тэмпы развіцця шахматаў у Індыі, Казахстане, Узбекістане, Кітаі ды Іране вельмі бурлівыя. Канкурэнцыя ў Азіі вышэйшая, чымся ў Еўропе. Асабліва сярод дзяцей. Там і больш насычаны каляндар. У шахматах ёсць панятак тэрытарыяльных зонаў, і Расея – гэта асобная зона, якая будзе перанесеная з Еўропы ў Азію».

Беларусы першыя намацалі азіяцкі вектар

Ці збіраецца такім чынам зрабіць і Беларуская федэрацыя шахматаў, пакуль невядома.

Але менавіта беларусы першыя намацалі азіяцкі вектар. Прычым прывучаць да нязвыклай для нашых шыротаў атмасферы адразу пачалі школьнікаў. Беларуская зборная ўзяла ўдзел у Другіх зімовых міжнародных спартовых гульнях «Дзеці Азіі», што адбыліся ў Кемераве, Новакузнецку, Міжрэчанску і Таштагольскім раёне Кемераўскай вобласці. Там выступілі 814 спартоўцаў, сярод якіх 68 беларускіх хлопчыкаў і дзяўчатак. Усяго былі рэпрэзентаваныя 12 краінаў. З нашых абшараў асобна, акрамя беларусаў, была каманда Масквы. У 10 відах спорту вызначылі лёс 57 камплектаў узнагародаў. І зборная нашай краіны вярнулася з золатам, якое выгуляла капітан каманды, 14-гадовая канькабежка з Менску Паліна Сівец на дыстанцыі 3000 метраў.

Таксама ў скарбонцы зборнай Беларусі – 5 срэбных і 5 бронзавых медалёў у тых жа каньках, фігурным катанні, шорт-трэку, скачках на лыжах з трампліна, лыжных гонках. Як паведамляе сайт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі, нашая зборная заняла трэцяе месца ў медальным заліку пасля Расеі і Казахстану. Як лічылі медалі зборнай Расеі нашыя чыноўнікі, невядома. Але ў афіцыйнай табліцы Гульняў Беларусь з 11 медалямі толькі 9-ая. Да Кемерава ад Менску больш за 4500 кіламетраў. Але ў наступным годзе нашым школьнікам трэба будзе дабірацца яшчэ далей. Дзявятыя летнія гульні «Дзеці Азіі» прыме іхная радзіма – Якуцк. Ад Менску да сталіцы Рэспублікі Саха – больш за 9000 кіламетраў. Такія рэаліі.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў