На дзяржканале ОНТ анансавалі «пакаяннае» інтэрв’ю з лёгкаатлеткай Надзеяй Астапчук


«Пакаяннае» інтэрв’ю ў прызёркі чэмпіянату Еўропы Надзеі Астапчук узяў прапагандыст Марат Маркаў, які ў 2021 годзе запісваў аналагічную размову з блогерам Раманам Пратасевічам. Яно выйдзе ўвечары 9 лютага.

Скрыншот з відэа: ATN_BTRC / Telegram

Беларускую спартоўку, бронзавую прызёрку летніх Алімпійскіх гульняў 2008 года ў штурханні ядра Надзею Астапчук затрымалі 15 снежня 2022 года. Прычыны затрымання невядомыя, але раней Астапчук неаднаразова публічна асуджала палітыку Аляксандра Лукашэнкі – у прыватнасці, выказвалася супраць гвалту да пратэстоўцаў. Яна падпісала адкрыты ліст спартоўцаў «за сумленныя выбары і супраць гвалту».

Вядома, што пэўны час яе трымалі на Акрэсціна. Дакладна невядома, ці заводзілі на Астапчук крымінальную справу.

Надзея Астапчук. Крыніца: viasna96 / Telegram

Таксама вядома, што Астапчук прадала за 11 100 долараў з аўкцыёну залаты медаль, здабыты ёю на чэмпіянаце Еўропы 2005 года. Атрыманыя грошы яна перадала на дапамогу спартоўцам, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў, і палітзняволеным, якія застаюцца за кратамі праз удзел у масавых пратэсных акцыях.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў