Як Офіс Ціханоўскай пераконвае «Google» і «Facebook» падтрымаць беларусаў. Расказвае Вячорка


Еўразвяз заклікаў «Google» і «Facebook» не падгульваць Лукашэнку і прасоўваць незалежныя медыі Беларусі. Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка расказаў «Белсату», пра што размаўлялі з IT-гігантамі ў час ранейшага візіту ў Злучаныя Штаты.

Галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падчас візіту абранай прэзідэнткі Беларусі ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Як згадаў Франак Вячорка, кантактаў з «Alphabet» і «Meta» – карпарацыямі, адказнымі за пашукавік «Google» і сацсетку «Facebook» – дэмакратычныя сілы пачалі актыўна шукаць паўтара года таму, ужо ладзілі шэраг сустрэчаў. Таксама звязваліся з сацсеткай «Twitter» (цяпер – «X») і відэасэрвісам «Netflix».

«Усе разумеюць, што Беларусь – асобная краіна, але ніхто не гатовы траціць грошы, калі яны не бачаць у гэтым сэнсу, – кажа Вячорка пра IT-гігантаў. – Тэхкампаніі мысляць інакш, чым палітыкі: яны думаюць, колькі мы з гэтага можам зарабіць, ці гэтыя 9 млн беларусаў прынясуць нам прыбыткі, якія акупяць інвестыцыі ў пераклады ці падтрымку».

Тым не менш, кампаніі ідуць насустрач у пэўных справах. Найбольш эфектыўны аргумент, як кажа суразмоўца, такі: інвестыцыя ў падтрымку беларускай аўдыторыі палепшыць рэпутацыю ў свеце.

З «Netflix» размаўлялі аб размяшчэнні беларускіх фільмаў і серыялаў, а таксама аб лакалізацыі замежных стужак на беларускую мову. І калі пераклад стужак – складаны і дарагі працэс, якім сам «Netflix» зараз не будзе займацца, то размяшчэнне кантэнту ўжо магчымае, працу ў гэтым напрамку пачалі.

З «TikTok» дэмакратычныя сілы сярод іншага размаўлялі пра трэнінгі для беларускіх блогераў і інфлюэнсераў, якіх стала вельмі шмат. Паводле Вячоркі, на «TikTok» цяпер ідзе барацьба між незалежнымі беларускімі блогерамі з аднаго боку і «рускамірскімі і лукашысцкімі» з другога, таму важна, каб беларускі кантэнт быў якасны, мацнейшы.

Hавiны
ЕЗ заклікае «Google» і « Facebook» не падгульваць Лукашэнку, а прасоўваць незалежныя медыі
2024.01.08 12:44

З «Google» і «Facebook» размаўлялі пра шмат тэмаў: ад беларускага інтэрфейсу да недыскрымінацыі беларускамоўнага кантэнту.

У «Google» больш актыўная пазіцыя адносна Беларусі: паводле Вячоркі, за мінулы год кампанія вылучыла двух чалавек, якія працуюць толькі па беларускіх пытаннях. Але гэтага мала, бо па Украіне і на ўкраінскі рынак працуюць сотні людзей.

Так, на «Youtube» (які, як і «Google», уваходзіць у карпарацыю «Alphabet») вельмі цяжка рэкламаваць беларускія ролікі: іх рэкламу адразу блакуюць, бо беларуская мова не падтрымліваецца сістэмай. Мадэрацыю на «Youtube» робіць старонняя кампанія, якая не належыць «Alphabet» – але рашэнні абяцалі пашукаць, арганізаваць шэраг трэнінгаў.

На «Youtube» таксама намагаюцца блакаваць прапаганду рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ужо заблакавалі каля 400 ролікаў – пераважна «пакаянныя відэа», якія размяшчае ГУБАЗіК. Штомесяц на «Youtube» блакуюць новыя каналы, звязаныя з ГУБАЗіК.

Але, па словах Вячоркі, з блакаваннем дзяржаўных медыяў праблемы, бо ёсць падставы меркаваць, што рэжым Лукашэнкі выставіў «Youtube» ультыматум: калі заблакуюць дзяржаўныя тэлеканалы, то ў Беларусі заблакуюць доступ да «Youtube». Пра гэта цяпер ідзе дыскусія, кажа Вячорка, і магчыма, яна павінна быць больш шырокая: ці праўда ўплывовыя тыя каналы, бо колькасць праглядаў іхных відэа «смешная», ды і аўдыторыя там не беларуская.

Сярод мэтаў таксама стварэнне беларускага інтэрфейсу на прадуктах «Google» кшталту пошты «GMail» – аб’ём працы вялікі, праца можа заняць да года.

Hавiны
Падчас навагодняга звароту Ціханоўскай у Беларусі блакавалі YouTube
2024.01.01 13:44

 

У 2024 годзе дэмакратычныя сілы Беларусі, расказаў Вячорка, плануюць супольную канферэнцыю з тэхналагічнымі кампаніямі, каб разам пашукаць магчымасці падтрымкі беларускамоўнага кантэнту і блакавання прапагандысцкіх рэсурсаў рэжыму Лукашэнкі.

Офіс Ціханоўскай мае базу кантактаў у тэхналагічных кампаніях і чалавека, адказнага за ўзаемадзеянне з імі. Калі журналісты ці грамадскія арганізацыі маюць нейкія запыты да іх, Вячорка заклікаў звяртацца на пошту tech@tsikhanouskaya.org.

Але і беларусы, адзначыў Вячорка, павінны паказаць, што «ім гэта патрэбна»: калі магчыма, выбіраць беларускую мову інтэрфейсу або актыўней падпісваць онлайн-петыцыі.

Разбор
Каб паўплываць на алгарытмы «Google», трэба змяніць мадэль паводзінаў у інтэрнэце цэлай нацыі
2023.11.04 08:00

Алесь Наваборскі, Яраслаў Сцешык belsat.eu

Стужка навінаў