Ціханоўская заклікала польскіх парламентарыяў падтрымаць «Белсат»


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 9 студзеня падчас сустрэчы ў Варшаве з чальцамі Камітэту замежных справаў Сейму Польшчы заклікала падтрымаць тэлеканал «Белсату». Гэтае пытанне яна ўздымала таксама на сустрэчах з кіраўніцтвам МЗС, маршалкам Сейму і Сенатам Польшчы.

Святлана Ціханоўская выступае з прамовай перад медыямі падчас візіту ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Палітык падзякавала парламентарыям за падтрыманне беларускіх дэмакратычных сілаў на міжнароднай арэне, за салідарнасць з грамадзянскай супольнасцю і медыямі і за тое, што прынялі дзясяткі тысяч беларусаў.

«Беларусь цяпер перажывае жудасныя часы, і без вашай салідарнасці і падтрымання мы не зможам дабіцца поспеху. У турме сядзяць тысячы людзей, у тым ліку і наш герой Анджэй Пачобут. І мы мусім узмацніць ціск на рэжым, каб вызваліць усіх», – сказала Святлана Ціханоўская.

Яна прывітала тое, што тэма Беларусі «аб’яднала ўсе групы і партыі ў Польшчы», што «мае вырашальнае значэнне для нашай перамогі». У прыватнасці, палітык выказала спадзеў, што пасля гэтай сустрэчы ў Сейме і Сенаце з’явяцца парламенцкія групы «Дэмакратычная Беларусь», што зробіць супрацу «больш сістэматычнай і эфектыўнай».

Рэпартаж
Святлана Ціханоўская расказала пра вынікі першага дня візіту ў Варшаву
2024.01.08 19:14

«Я таксама прапаноўваю ініцыяваць у польскім парламенце ўсёабдымную рэзалюцыю аб Беларусі, якая падтрымае еўрапейскі выбар Беларусі. Якая запатрабуе ўзмацнення санкцыяў супраць Лукашэнкі і прыцягнення яго да адказнасці. Якая будзе прызнаваць уплыў беларускіх дэмакратычных сілаў і Абʼяднанага пераходнага кабінету. Якая запатрабуе падтрымання беларускіх незалежных медыяў, у тым ліку тэлеканалу «Белсат», – сказала яна.

Ціханоўская заклікала парламентарыяў «называць рэчы сваімі імёнамі»:

«Лукашэнка не прэзідэнт; ён злачынец, які чыніць тэрор супраць свайго народу. Мы не апазіцыя – бо мы выйгралі выбары, якія ў нас скралі. На жаль, не многія на Захадзе разумеюць розніцу паміж Беларуссю і Расеяй – нагадайма ім пра гэта».

Ціханоўская завяршыла прамову напамінам пра тое, што «вольная, дэмакратычная, незалежная і еўрапейская Беларусь адпавядае інтарэсам Польшчы і ўсёй Еўропы».

Рэпартаж
Маршалак Сейму Польшчы: «Мы мусім сёння думаць аб Беларусі як аб нашым партнёры»
2024.01.09 16:03

Ціханоўская праводзіць афіцыйны візіт у Польшчу. 8 студзеня яна сустрэлася з прэзідэнтам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім, міністрам замежных справаў Польшчы Радославам Сікорскім (якога яна ўганаравала Крыжам добрасуседства) і з міністрам еўрапейскіх справаў Польшчы Адамам Шляпкам, міністрам адукацыі і навукі Дар’юшам Вечоркам, а таксама правяла паседжанне Аб’яднанага пераходнага кабінету. Абраная прэзідэнтка Беларусі ўганаравала дырэктара і намесніка дырэктара «Белсату» Агнешку Рамашэўску-Гузы і Аляксея Дзікавіцкага «Знакам Гонару» дэмакратычных сілаў.

Другі дзень візіту – 9 студзеня – пачаўся з сустрэчы з маршалкам Сейму Польшчы (спікерам ніжняй палаты парламенту) Шыманам Галоўнем. Пазней Ціханоўская і прадстаўнікі Кабінету сустрэліся з маршалкам Сенату Малгажатай Кідава-Блоньскай, з камітэтамі замежных справаў Сейму і Сенату, з міністаркай адукацыі і міністрам спорту і турызму Польшчы. Святлана Ціханоўская разам з прэзідэнтам Анджэем Дудам правядзе прыём для беларускай супольнасці ў Польшчы.

Hавiны
Святлана Ціханоўская ўручыла «Знак Гонару» кіраўнікам «Белсату»
2024.01.08 11:52

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў