Калі бацькі не працуюць тры і больш месяцы, дзіця паставяць на ўлік СНС (сацыяльна-небяспечнае становішча)


У Беларусі змяніліся крытэры, паводле якіх прызнаюць, што сям’я знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы (так званы ўлік СНС). Адпаведная пастанова Савету Міністраў з’явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: brest.mvd.gov.by

Згодна з новай пастановай, дзіця змогуць паставіць на ўлік СНС, калі бацькі (абодва ці адзін, калі дзіця выхоўвае толькі маці ці бацька) не працуюць ці не атрымліваюць іншы законны даход больш за тры месяцы.

Таксама крытэрам для прызнання, што дзіця знаходзіцца ў СНС, будзе няправільны расход пенсіяў, дапамогаў, выплатаў на дзяцей, у выніку чаго не задавальняюцца жыццёвыя патрэбы дзяцей у ежы, вопратцы, месцах для адпачынку, заняткаў і гульняў.

На ўлік паставяць таксама ў тым выпадку, калі бацькі ці адзін з бацькоў здзейснілі правапарушэнне ў стане наркатычнага ап’янення, а таксама калі абодва ці адзін з бацькоў ухіляюцца ад дыспансернага назірання пры наяўнасці ў іх хранічнага ці зацяжнога псіхічнага разладу ці сіндрому залежнасці ад алкаголю ці наркатычных сродкаў.

Будзе прызнана, што сям’я знаходзіцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, калі будуць выяўленыя факты жорсткага абыходжання з дзецьмі, фізічнага, псіхалагічнага ці сексуальнага гвалту.

Таксама падставай для ўліку СНС можа стаць здзяйсненне дзіцём правапарушэння і распачатая ў дачыненні да яго індывідуальная прафілактычная праца. Раней гаворка ішла пра дзяцей старэйшых за 14 гадоў, якіх прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці. Цяпер узрост не канкрэтызуецца.

Агляд
Як у беларусаў адбіраюць дзяцей – з палітычных і непалітычных прычынаў
2023.10.20 14:45

Як і раней, у СНС можна будзе трапіць у выпадку, калі бацькі дапускаюць пражыванне дзяцей у жылых памяшканнях, у якіх печы, агрэгаты, якія генеруюць цяпло, газавае абсталяванне, газаправод, электрасеткі, электрапрыборы не адпавядаюць патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў ці эксплуатацыйнай дакументацыі і прадстаўляюць пагрозу жыццю і бяспецы. Таксама крытэрам для СНС лічацца выпадкі, калі дзіця атрымала цялесныя пашкоджанні ў выніку ўздзеяння вонкавых фактараў і пагрозаў, у тым ліку ў выніку пажару, падзення з вышыні, атручвання псіхаактыўнымі рэчывамі.

Пастанова ўступіла ў сілу з дня апублікавання 7 снежня 2023 года.

Пачынаючы з 2020 года сем’і ў Беларусі ставяць на ўлік СНС пасля затрымання абодвух ці аднаго з бацькоў па палітычных артыкулах. Пра такія выпадкі распавядала педыятарка з Бабруйску, якая была вымушаная з’ехаць у Польшчу праз пераслед, Мая Церакулава.

«Лекарам не тлумачаць, чаму адпраўляюць. Проста прыходзіць дырэктыва: пэўны адрас, прозвішча, загад праверыць на СНС. Задача педыятра – ацаніць стан здароўя дзіцяці, ці ёсць нейкія станы і хваробы, якія сведчаць пра дрэнны дагляд. І калі да 2020 года ты прыходзіў па такіх адрасах і насамрэч бачыў праблемы, то пасля 2020 года гэта былі цалкам нармальныя сем’і, – казала Мая. – Нават у паліклініках проста казалі паміж сабой, што гэта палітычныя. Я пісала, што дзіця здаровае, дагляд добры. Што далей адбывалася, не ведаю. То бок гэта факт, што палітычных падаюць на СНС і камісіі да іх ходзяць. Але наколькі я ведаю, з майго ўчастку да майго ад’езду прынамсі нікога з дзяцей не забралі».

Hавiны
У дзіцячым лагеры Беларусі вучаць гульні «Суд над экстрэмізмам»
2023.12.06 10:57

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў