Хочацца вярнуць «савок»? Але можа не з таго пачалі?

Мабыць, нават праз 100 гадоў даследчыкі будуць вяртацца да гэтай падзеі, на якую тады, 8 снежня 1991 года, мала хто звярнуў асаблівую ўвагу. Падпісалі ў Віскулях пагадненне аб стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаў (СНД). Яно стала рэальнасцю толькі 24 снежня.

Я нават памятаю выступ па тэлебачанні Міхаіла Гарбачова. Ён заявіў тады з экрана, што складае з сябе паўнамоцтвы прэзідэнта СССР. У той дзень над купалам Сенацкага палаца Крамля апошні раз спусцілі чырвоны сцяг і ўпершыню ўзнялі расейскі трыкалор. Толькі тады стала зразумела, што Савецкага Саюза як краіны больш не існуе.

Але спрэчкі паміж прыхільнікамі рэанімацыі СССР і іх супернікамі аб прычынах развалу «імперыі зла» не сціхаюць да гэтага часу. Апалагеты «адраджэння» СССР у развале краіны абвінавачваюць Леаніда Краўчука, Станіслава Шушкевіча і Барыса Ельцына. Яны на поўным сур’ёзе лічаць, што можна было ўтрымаць гэтае абʼяднанне 15 рэспублік у адзінай дзяржаве, дзе фармальна Канстытуцыяй быў гарантаваны добраахвотны выхад любой рэспублікі. Каб зразумець чаго каштавала гэтая гарантыя, дастаткова ўзгадаць ноч сапёрных лапатак у Тбілісі, танкі на вуліцах Вільні. Савецкія спецслужбы імкнуліся збіць хвалю дэмакратычных настрояў. Пачалі ўспыхваць з хуткасцю ланцуговай рэакцыі нацыянальныя канфлікты. Гэта і не спынены дагэтуль карабахскі канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам. Тады ў Баку ўвялі савецкія войскі, былі забітыя і параненыя, сутыкненні з вайскоўцамі адбываліся і ў Ерэване. Як па камандзе жорсткая Ошская разня ў Кіргізіі. У той жа час Паўднёвая Асеція выходзіць са складу Грузінскай ССР. Новы канфлікт – Прыднястроўе абʼяўляе аб сваёй незалежнасці, што прыводзіць да ўзброеных сутыкненняў вайскоўцаў з малдаўскім народам. Да гэтага часу гэтыя рэгіёны зʼяўляюцца гарачымі кропкамі. І дагэтуль там дзейнічаюць марыянетачныя рэжымы ў інтарэсах Расеі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наведнікі выставы амерыканскіх тавараў у парку Сакольнікі. Масква, СССР. 1959 год.
Фота: Thomas J. O’Halloran / U.S. News & World Report Magazine Photograph Collection.

Тады ў 1990-м «братэрскія» саюзныя рэспублікі адна за адной прынялі дэкларацыі аб суверэнітэце, а прыбалтыйскія так і наогул заявілі аб незалежнасці і аднаўленні былой дзяржаўнасці.

Як жа гэта стала магчыма? Прапагандыстам у абарону СССР зразумелы чыста вонкавы бок жыцця ў той краіне. Маўляў, людзі жылі амаль аднолькава бедна, уплыву на ўладу ніякага не аказвалі, але пры гэтым уладам безумоўна падпарадкоўваліся. Разумелі, што жыццё несправядлівае, але пры гэтым не бунтавалі. На бунт былі здольныя адзінкі, якіх бязлітасна пераследавалі.

І раптам… 25 лютага 1986 года абвяшчаецца палітыка галоснасці. Яе мэта – дэмакратызацыя палітычнай сістэмы. Гаворка ішла аб празрыстасці сістэмы кіравання і індывідуальнай свабодзе грамадзян. Але, калі 26 красавіка 1986 года адбылася найбуйнейшая атамная аварыя ў гісторыі чалавецтва, нягледзячы на абвешчаную палітыку галоснасці, Савецкі Саюз замоўчвае маштабы Чарнобыльскай катастрофы. Яшчэ праз два гады Гарбачоў абʼяўляе аб скарачэнні ўзброеных сіл СССР у краінах Варшавскай дамовы. А ў 1989 годзе ў Чэхаславаччыне, Вугоршчыне, ГДР, Румыніі, Польшчы і Балгарыі адбыліся дэмакратычныя рэвалюцыі. Савецкі Саюз вывеў войскі з Афганістану, а праз год амерыканскі прэзідэнт Джордж Буш і Міхаіл Гарбачоў абвясцілі аб заканчэнні «халоднай вайны», якая працягвалася 40 гадоў.

Ці чакаў хто-небудзь, што адбудуцца ўсе тыя падзеі, якія наступілі на тэрыторыі вялізнай краіны? Ці можна гэта было прадказаць і нешта зрабіць, каб пазбегнуць кровапраліцця? Ці мог Гарбачоў спыніць тых, якія стаялі за распальваннем міжнацыянальных канфліктаў? Ці спрабаваў ён перадухіліць распад імперыі? Адказы на гэтыя пытанні даследнікі будуць шукаць яшчэ доўга. Магчыма рэферэндум аб будучым ладзе СССР, які адбыўся 17 сакавіка 1991 гады быў той самай спробай. СССР тады прапаноўвалася пераўтварыць у федэрацыю незалежных рэспублік з шырокай аўтаноміяй. Падпісанне новай саюзнай дамовы было запланавана на 20 жніўня 1991 года. Але здарыўся ГКЧП і на наступны дзень у Маскву ўвайшлі танкі. Гарбачоў заблакаваны на дачы ў Крыме, ГКЧП бярэ на сябе ўладу, Барыс Ельцын становіцца лідарам дэмакратычных сіл, а «Лебядзінае возера» – сімвалам рэакцыйнага дзяржаўнага перавароту або, як зараз прынята казаць, мемам.

Ці быў шанец у Беларусі стаць такой жа незалежнай дзяржавай, як у Літвы ці Украіны. Напэўна быў. Чаму ж наша краіна амаль з дзесяцімільённым насельніцтвам апынулася ў становішчы сепаратысцкіх Паўднёвай Асеціі, Абхазіі, Прыднястроўя, розных тамака ДНР-ЛНР? Цяпер ужо адказ усім відавочны.

25 жніўня 1991 года Беларусь стала незалежнай ад СССР.
Фота: БелаПАН

Дастаткова пачытаць выказванне праўладнага палітолага Аляксандра Шпакоўскага на сваёй старонцы ў Фэйсбуку наконт сённяшняй даты. Ён напісаў: «Якія яшчэ «каментар» патрэбныя адносна Белавежскіх пагадненняў? Іх неабходна дэнансаваць. У Беларусі для гэтага ёсць усе ўмовы. Каву нальём, бяспеку забяспечым. Ад Украіны падпіша Алег Цароў».

Менавіта так. Ці не з гэтай мэтай у Менску яшчэ ў самым пачатку вайны ва Украіне быў заўважаны яе былы беглы прэзідэнт Віктар Януковіч? А якая ўласна розніца хто менавіта ад імя Украіны падпіша гэтую запаветную для Пуціна паперку – Януковіч, або Цароў, або Пушылін, або Пасечнік? Галоўнае, што ад Беларусі, дзе ў кабінетах сілавікоў ужо вісяць расейскія трыкалоры, подпіс Лукашэнкі нават не абмяркоўваецца ягонымі ж прапагандыстамі. Гэта свайго роду дэманстрацыя жадання служыць новаму гаспадару. Бо ад старога зусім няшмат ужо залежыць.

Здавалася б, усе разумеюць, што адрадзіць краіну, якой даўно няма на карце, нават у выглядзе абʼяднання трох рэспублік, немагчыма. Але нехта хоча паказаць, што ў СССР было ўсё па-іншаму, але пачаў урок гісторыі са сталінскіх рэпрэсій. Цяпер нават маладое пакаленне ў нас ведае не па чутках што такое савок. І, што гэта нават не пра дэфіцыт. Мы заплацілі і працягваем плаціць занадта вялікі кошт за гэты досвед. Але ў нас яшчэ застаецца надзея на вызваленне. Трэба свабоду захацець і яна тады абавязкова прыйдзе.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў