Алігарх беларускага паходжання Мазепін не змог пераканаць суд Еўразвязу зняць санкцыі


Еўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі пакінуў у моцы санкцыі супраць былога ўладальніка расейскага «Уралхіму» Дзмітрыя Мазепіна, адхіліўшы 8 лістапада ягоны пазоў.

Дзмітрый Мазепін
Дзмітрый Мазепін на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным. Масква, Расея. 13 студзеня 2022 года.
Фота: Kremlin.ru

Паводле суда, Рада Еўразвязу падала неабходнае абгрунтаванне сваіх рашэнняў для ўвядзення санкцыяў, а Дзмітрый Мазепін – асноўны бізнесовец у сектары, што застаецца істотнай крыніцай даходу расейскага ўраду. Расейскі ж урад вядзе вайну ва Украіне – санкцыі маюць на мэце зрабіць тую вайну даражэйшай. Суд, сярод іншага, згадаў, што Мазепін разам з яшчэ 36 бізнесоўцамі быў на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у першы дзень поўнамаштабнага ўварвання.

Санкцыі супраць Мазепіна ўвялі 9 сакавіка 2022 года, замарозілі ягоныя актывы ў Еўропе і забаранілі ўезд у Еўразвяз. Мазепін неўзабаве прадаў кантрольны пакет акцыяў «Уралхіму», пакінуў кіроўныя пасады і папрасіў зняць з яго неабгрунтаваныя (на ягоную думку) абмежаванні.

Мазепін нарадзіўся ў Менску, але паехаў вучыцца ў Расею, дзе заснаваў свае першыя кампаніі, у тым ліку ТАА «Белнафта». У 2004 годзе пачаў купляць акцыі хімічных камбінатаў, у выніку аб’яднаў камбінаты ў кампанію «Уралхім», у 2013 годзе купіў буйны пакет акцыяў «Уралкалію» і стаў фактычным кіраўніком кампаніі.

Сярод іншага, быў старшынём Расейска-беларускай бізнес-рады пры расейскай Гандлёва-прамысловай палаце. Ад імя гэтай рады заклікаў праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі да стварэння «Камітэту нацыянальнага ратавання». Хадзілі чуткі пра тое, што Мазепін фінансаваў сетку каналаў «Nexta», але гэтыя чуткі зняпраўджваў і сам Мазепін, і Крэмль. З другога боку, некалі Мазепіна называлі і «гаманцом Лукашэнкі».

Аб’ектыў
З’явілася міжнароднае расследаванне пра «рыбнага караля»
2023.08.04 22:03

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў