9 лістапада спаўняецца 60 гадоў палітычнаму вязню, экс-банкіру і патэнцыйнаму кандыдату на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктару Бабарыку. Суд пазбавіў яго волі тэрмінам на 14 гадоў. Цяпер ён адбывае пакаранне ў Наваполацкай ПК № 1 ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а ўлады ўсяляк спрабуюць схаваць пра яго інфармацыю, нібыта Бабарыкі не існуе. Ад палітыка няма ніякай інфармацыі з красавіка.
Хто такі Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка нарадзіўся 9 лістапада 1963 года ў Менску. Адвучыўся ў звычайнай школе, скончыў механічна-матэматычны факультэт БДУ, пазней – Акадэмію кіравання і магістратуру Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту. У 1995 годзе пайшоў працаваць у банк «Алімп», які праз два гады быў ператвораны ў «Белгазпрамбанк». У 2000-м Бабарыка, якому было толькі 36 гадоў, стаўся старшынём праўлення «Белгазпрамбанку».
Бабарыка атрымаў вядомасць не толькі як банкір, але і як мецэнат, філантроп і публічны выступоўца. Ён зарганізаваў фонд, які дапамагаў лекаваць хворых дзяцей, ініцыяваў фінансаванне выдання кніг Святланы Алексіевіч і адкрыццё культурніцкай прасторы «Oк16», спрыяў вяртанню ў Беларусь арыгіналу Бібліі Францішка Скарыны, карцінаў Марка Шагала, Хаіма Суціна ды іншых славутых мастакоў. У адрозненне ад бальшыні беларускіх топ-менеджараў, Бабарыка актыўна даваў інтэрв’ю на грамадска-палітычныя тэмы, не звязаныя з ягоным бізнесам.
12 траўня 2020 года Бабарыка звольніўся з «Белгазпрамбанку» і абвясціў, што збіраецца браць удзел у прэзідэнцкіх выбарах. Ён выступаў з тым, што называлі «пазітыўнаю павесткаю»: казаў, што выбары не здолеюць сфальсіфікаваць, калі бальшыня прагаласуе супраць Лукашэнкі, а ў магчымасць масавых рэпрэсіяў не верыў.
Хутка сабраў вялізную ініцыятыўную групу – каля 9 тысячаў чалавек (больш было толькі ў Аляксандра Лукашэнкі). Да пунктаў збору подпісаў за яго ды іншых апазіцыйных кандыдатаў выстройваліся чэргі. Ягоны штаб заяўляў, што сабралі рэкордныя для апазіцыйнага кандыдата 425 тысяч подпісаў за вылучэнне, а ў Цэнтральную выбарчую камісію падалі 365 тысячаў правераных подпісаў.
З інтэрнэт-апытанняў незалежных медыяў вынікала, што Бабарыка – самы папулярны патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта.
«Справа Бабарыкі»
11 чэрвеня 2020 года супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю прыйшлі з ператрусам у галоўны офіс «Белгазпрамбанку», ператрусы праводзілі таксама ў асобаў, звязаных з Бабарыкам. Некалькі былых і цяперашніх ягоных супрацоўнікаў былі затрыманыя ў справе аб адмыванні грошай і ўхіленні ад выплаты падаткаў. Віктар Бабарыка назваў гэта атакаю на яго асабіста за ўдзел у выбарах, хоць сам у справе тады не фігураваў, і заявіў пра палітычны характар дзеянняў следчых, якія не маюць беспасярэдняга кампрамату на яго. 15 чэрвеня Нацыянальны банк увёў у «Белгазпрамбанку» часовую адміністрацыю на чале з Надзеяй Ермаковай. Праз некалькі дзён улады без тлумачэнняў арыштавалі выбарчы фонд Віктара Бабарыкі з 100 тысячамі рублёў на рахунку.
Самога Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня разам з сынам Эдуардам, які ўзначальваў ініцыятыўную групу бацькі, калі яны кіраваліся ў ЦВК здаваць подпісы за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнта. Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Цэлы дзень да затрыманых не пускалі адвакатаў: у будынку ДФР «праводзіліся вучэнні». У гэты ж дзень Віктара Бабарыку змясцілі ў СІЗА КДБ. Беларускія праваабаронцы неўзабаве прызналі затрыманых палітычнымі зняволенымі, таксама іх прызналі вязнямі сумлення праваабаронцы «Amnesty International».
Затрыманне Бабарыкі выклікала сярод беларусаў абурэнне – за дзень за ягонае вызваленне сабралі сотню тысяч подпісаў. Людзі выйшлі на акцыі салідарнасці ў розных гарадах, у тым ліку ў сталіцы ўсталі ў ланцуг салідарнасці. Чэргі да пунктаў збору подпісаў толькі павялічыліся – ім працягвалі перашкаджаць сілавікі, але прыхільнікі альтэрнатыўных кандыдатаў дзеялі падкрэслена мірна. За краты ўжо пасля выбараў трапілі таксама іншыя паплечнікі Віктара Бабарыкі: Марыя Калеснікава, якая ўзначаліла ягоны штаб і падтрымала штаб Ціханоўскай, адвакаты Максім Знак і Ілля Салей, шэраг валанцёраў штабу Бабарыкі.
У крымінальнай справе супраць «Белгазпрамбанку» – 20 фігурантаў і 122 тамы. Тым не менш, як падчас суда адзначаў адвакат Бабарыкі Дзмітрый Лаеўскі, у абвінавачанні няма апісання інкрымінаваных дзеянняў з указаннем часу, месца, спосабу, іншых абставінаў іх учынення, то бок засталося няясным, у чым канкрэтна вінавацяць былога банкіра.
Справу разглядаў Вярхоўны Суд у будынку суда Маскоўскага раёну. Віктару Бабарыку выставілі абвінавачанне ў атрыманні хабару арганізаванаю групай у асабліва буйным памеры, «а таксама ў легалізацыі (адмыванні) сродкаў, атрыманых злачынным шляхам у асабліва буйным памеры».
6 ліпеня 2021 года суддзя Вярхоўнага Суда Ігар Любавіцкі засудзіў Віктара Бабарыку на 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам 5 тысячаў базавых велічыняў. Таксама вязень мусіў выплаціць больш за 46 мільёнаў рублёў, каб пагасіць нібыта прычыненую ім шкоду.
Катаванні ў няволі
Неўзабаве Бабарыку этапавалі ў Наваполацкую калонію. Вядома, што палітыка трымалі ў ізаляцыі, часта адпраўлялі ў штрафны ізалятар, з ім нельга размаўляць іншым вязням пад пагрозаю пакарання.
У калоніі працаваў на выпальванні драўнянага вугалю. Поўны працоўны дзень у палітычнага вязня працягваўся 9 гадзінаў. У выніку 6 дзён на тыдзень ён працаваў на дварэ, без доступу да памяшкання, дзе была б магчымасць сагрэцца падчас змены. Да таго ўкладваў хлебабулачныя вырабы: у памяшканні, дзе ён працаваў, не было вентыляцыі, а тэмпература перакрочвала 30 градусаў цяпла. У пэўны момант Бабарыку плацілі за працу 1 рубель 60 капеек за месяц, пазней паднялі заробак аж да 50 рублёў.
26 красавіка 2023 года з’явілася інфармацыя пра шпіталізацыю палітыка з калоніі ў наваполацкі шпіталь са слядамі збіцця і пнеўматораксам (назапашваннем паветра паміж грудною сценкай і лёгкім). Увечары 27 красавіка палітык быў у шпіталі, праходзіў лячэнне ў хірургічным аддзяленні, быў у стане сярэдняй цяжкасці. Пасля Віктара Бабарыку вярнулі ў калонію. З таго часу вестак няма. Да яго не пускаюць сваякоў і блізкіх, ад яго не даходзяць лісты.
Пасля навінаў пра стан Бабарыкі пачаліся масавыя звальненні дактароў, магчыма, звязаныя з выцекам звестак пра стан палітычнага вязня.
У кастрычніку арганізацыя былых сілавікоў «BelPol» паведаміла, што Віктара Бабарыку сур’ёзна збілі людзі, якія «не адносяцца да персаналу Наваполацкай калоніі». Паводле арганізацыі, гэтыя людзі «спецыяльна прыязджалі ў ПК № 1 для правядзення нібыта прафілактычнай гутаркі, якая «перарасла ў жорсткую акцыю запалохвання».
19 кастрычніка еўрапейскія дыпламаты прыйшлі да будынку Вярхоўнага Суда ў Менску, дзе зноў разглядалася «справа Бабарыкі». Мяркуюць, яна звязаная з пытаннем адбыцця пакарання асуджаных былых работнікаў «Белгазпрамбанку». Такім чынам дыпламаты выказалі салідарнасць з Віктарам Бабарыкам.
«Бабарыку прызналі палітычным вязнем, вылучаныя супраць яго абвінавачанні несправядлівыя і матываваныя толькі палітычнымі прычынамі, – нагадвае амбасада Нямеччыны ў Беларусі. – …Ад Віктара Бабарыкі няма вестак ужо шмат месяцаў. Апошняю навіною стала тое, што ў канцы красавіка 2023 года ён быў змешчаны ў шпіталь у Наваполацку, а да гэтага на працягу доўгага часу быў у небяспечных для здароўя турэмных умовах. Федэральны ўрад Нямеччыны патрабуе вызваліць палітычных вязняў у Беларусі».
Тым часам рэжым распрадае на аўкцыёнах маёмасць Віктара Бабарыкі. З малатка пайшоў арыштаваны аўтамабіль «Ford Fiesta». Таксама з аўкцыёнаў прадалі аптычны прыцэл і долі ў статутным капітале трох кампаніяў – «Прыватызінг», «Прававы дыялог» і «Сістэмы апрацоўкі інфармацыі». Сёлета ў верасні прадалі сем наручных хранометраў Віктара Бабарыкі. У кастрычніку з другой спробы прадалі ручныя гадзіннікі палітыка.
Адрас для тэлеграмаў і лістоў: Віктар Бабарыка, ПК № 1, вул. Тэхнічная, 8, 211440 г. Наваполацк, Віцебская вобласць
Як рэжым спрабуе абнуліць палітвязняў
Віктар Бабарыка не адзіны палітычны вязень, інфармацыю пра якога хавае рэжым. У вязніцах шырока ўжываюць палітыку ізаляцыі і забыцця палітзняволеных. Шмат вязняў атрымліваюць лісты выключна ад родных, а пра больш публічных асобаў нават у сваякоў няма інфармацыі месяцамі. Напрыклад, даўно нічога невядома пра блогера Ігара Лосіка, актывістку Вольгу Маёраву, з 6 ліпеня няма ніякіх вестак пра асуджанага журналіста Анджэя Пачобута. 9 месяцаў няма ніякіх вестак пра палітыка Мікалая Статкевіча, адваката Максіма Знака. 8 лістапада паплечнікі Мікалая Статкевіча партыі «Народная грамада» з прадстаўнікамі палітычных партыяў Беларусі зладзілі акцыю салідарнасці каля будынку Еўрапарламенту ў Бруселі, каб звярнуць на гэта ўвагу еўрапейскіх чыноўнікаў.
Чаму рэжым блакуе і хавае інфармацыю пра палітычных вязняў? На думку гісторыка Алеся Пашкевіча, гэта адна з формаў катаванняў.
«Многія палітвязні, якія вызваліліся з турмаў і калоніяў, расказваючы пра перажытае, адзначаюць, што адно з найбольш цяжкіх выпрабаванняў, якое ім даводзілася там перажываць, – гэта адарванне ад крыніцаў інфармацыі, а то і поўны інфармацыйны вакуум. Абмежаванне ліставання дэмаралізуе шмат каго, прымушае адчуваць сябе забытымі і пакінутымі. І адпаведна расчароўвацца ў сабе і ў людзях. Маўляў, у 2020 годзе была такая салідарнасць, такое яднанне, здавалася б, мусіць быць і цяпер магутная падтрымка, але ніхто не піша: усім усё адно, такі народ няўдзячны, і гэтак далей. Такія думкі непазбежна наведваюць палітычных вязняў, асабліва тых, хто менш маральна ды ідэйна загартаваны, слабейшы духам.
А гэта ўладам акурат і трэба. Каб людзі зняверваліся і расчароўваліся. Салідарнасць – магутная сіла, якую ў 2020-м яны на ўласныя вочы пабачылі. І цяпер прыкладаюць усе намаганні, каб яе знішчыць і звесці да мінімуму, а лепш да нуля. Таму і ўводзяць для гэтага ўсе даступныя механізмы, сярод якіх – блакаванне магчымасцяў ліставацца.
Што да адсутнасці інфармацыі пра больш публічных палітвязняў нават для блізкіх сваякоў, то тут мае месца жаданне дадаткова прадэманстраваць: магчымасці сістэмы бязмежныя, ніякіх краёў для яе няма. Гэтым самым апанентам шлецца выразны сігнал: мы, маўляў, можам вашых блізкіх увогуле абнуліць, вывесці ў сферу невядомасці, амаль неіснавання – і вы з гэтым нічога не зробіце. І калі хочаце, каб нешта памянялася, то выхад адзін – пакаяцца. А мы тады, можа, і скажам, што там з вашым родзічам.
Гэта тым больш актуальна, бо сваякі публічных палітвязняў, як правіла, такія ж моцныя і прынцыповыя асобы, як і іхныя зняволеныя родныя. Таму, каб уздзейнічаць на іх з мэтаю маральна зламаць, робяцца захады самай надзвычайнай подласці», – разважае Алесь Пашкевіч у гутарцы з «Белсатам».
Гісторык параўнаў беларускую сітуацыю з сітуацыяй у Туркменістане, дзе такая палітыка забыцця палітычных вязняў практыкуецца даволі даўно:
«Верагодна, што рэжым Лукашэнкі калі і не гатовы пакуль цалкам узяць на ўзбраенне досвед туркменскіх «сяброў і саюзнікаў», то пільна да яго прыглядаецца. І тое, што цяпер адбываецца з адсутнасцю інфармацыі месяцамі пра многіх палітвязняў, – прамацванне глебы адносна таго, ці магчыма ўвесці такую практыку на беларускай глебе. Гэта адна з праяваў ператварэння аўтарытарнай дзяржавы ў таталітарную. І тое, што такая практыка ў нас усё больш шырыцца, сведчыць пра тое, што мы, на жаль, цяпер цвёрда на гэтым шляху».
На думку Алеся Пашкевіча, на жаль, пры рэжымах, якія абапіраюцца пры ўтрыманні ўлады выключна на гвалт, нейкіх рэальных магчымасцяў уплыву на сітуацыю з палітычнымі вязнямі з боку грамадства няма. І так будзе да таго часу, пакуль сістэма не пачне зазнаваць эрозію пад уплывам нутраных ці вонкавых абставінаў.
СП belsat.eu