Праект «пашпарта Новай Беларусі» крыху зменяць: няма правоў на карціны Шагала


Аб’яднаны пераходны кабінет 6 жніўня прадставіў праект альтэрнатыўнага пашпарта для беларусаў. Чакаецца, што яго прызнаюць прынамсі некаторыя еўрапейскія краіны – з Еўракамісіяй дасягнулі паразумення і атрымалі станоўчы водгук. Узор пашпарта ўжо зрабілі, але, як расказаў «Нашай ніве» кіраўнік Геральдычнай рады, яшчэ дапрацоўваюць.

Выява альтэрнатыўнага беларускага пашпарта на II канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, Польшча. 6 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Геральдычная рада з чатырох дзясяткаў спецыялістаў, што распрацоўвала ўзор «пашпарта Новай Беларусі», разглядала ўсе заўвагі грамадскасці да пашпарта, расказаў кіраўнік рады, які застаецца ананімны.

«Пашпарт будзе адным з найпрыгажэйшых у свеце, – абяцае ён. – Для яго стварэння давялося пералапаціць больш за 100 пашпартоў і ўзяць з іх найлепшыя візуальныя і сімвалічныя рашэнні».

Ды пагадзіліся не з усімі заўвагамі.

Адна з заўваг была да выкарыстання класічнага правапісу («тарашкевіцы» – ад імя мовазнаўцы Браніслава Тарашкевіча), які быў распрацаваны да сталінскіх рэпрэсіяў, дапрацоўваўся пасля стварэння бальшавікамі ў 1933 годзе новага правапісу («наркамаўкі» – бо яго распрацоўвалі не мовазнаўцы, а народныя камісары), шырока ўжываўся беларускай дыяспарай.

Паводле кіраўніка Геральдычнай рады, аўтары рэформы правапісу 1933 года «не хавалі мэты збліжэння нашай мовы з рускай», таму рада палічыла, што з вызваленнем Беларусі ад «расейскай гібрыднай дыктатуры» пытанне двух правапісаў будзе вырашанае на карысць «тарашкевіцы» і адмовы ад «наркамаўкі» як «штучнага палітычна навязанага правапісу».

Аб ужыванні ў пашпарце расейскай мовы нават не думалі, кажа кіраўнік Геральдычнай рады:

«Усе людзі, якія ўваходзяць у Геральдычную раду, на адной хвалі, яны ўсе беларусацэнтрычныя. У нас будзе адзіная дзяржаўная мова, але ніхто нікога не ўціскае. Карыстайцеся гэтай [расейскай] мовай для зносін, калі ласка».

Надпісы па-беларуску прыведзеныя ў праекце пашпарта на кірыліцы і лацінцы. Кіраўнік Геральдычнай рады адзначае, што беларуская лацінка – «наш важны нацыянальны набытак, наймагутнейшы інструмент супраць графічнага разнабою», на лацінцы пісалі ўсе класікі беларускай літаратуры XIX ст, на ёй выйшла першая беларуская граматыка для школ.

Суразмоўца адзначае, што прынятай цяпер транслітарацыяй паводле расейскага ГОСТу («міліцэйскай лацінкай», як называе яе суразмоўца), у адрозненне ад беларускай лацінкі, цяжка пісаць прозвішчы: Shushkevich і Tsikhanouskaya транслітам супраць Šuškievič і Cichanoŭskaja лацінкай.

Разбор
Тры алфавіты, два правапісы, унікальная Ў: топ фактаў пра беларускую мову
2023.02.21 13:26

Таму ў пашпарце пакінулі абодва варыянты: першы патрэбны, каб ідэнтыфікаваць чалавека адносна ягонага «афіцыйнага» пашпарта, другі – які «потым застанецца ў пашпарце як асноўны».

Ці дазволяць атрымальнікам пашпарта ўжыць беларускую форму імя замест запісанай у «афіцыйным» пашпарце расейскай формы (як то Зміцер замест Дзмітрый), яшчэ не вырашылі канчаткова.

Але дапускаюць, што давядзецца ахвяраваць запісам імя па бацьку, якое ў беларускай гісторыі «то знікала, то зноў вярталася ва ўжытак»: на яго проста не хопіць месца на «біяметрычнай» старонцы пашпарта.

Hавiны
Імя па бацьку ў дакументах можа стаць добраахвотным
2019.01.17 16:52

Кіраўнік Геральдычнай рады звяртае ўвагу на тое, што «неафіцыйны» ў праекце пашпарта не толькі правапіс, але таксама нацыянальныя сімвалы: сцяг (бел-чырвона-белы), герб (Пагоня) і гімн («Ваяцкі марш» або «Мы выйдзем шчыльнымі радамі…», што лічыцца гімнам Беларускай Народнай Рэспублікі).

Але законы Еўразвязу, у якім чакаецца шмат патэнцыйных уладальнікаў пашпарта, давядзецца выконваць. А згодна гэтым законам у пашпарце не змогуць надрукаваць карціну Марка Шагала «Палёт над горадам», што была ў пачатковым праекце. Са смерці аўтара яшчэ не мінула 70 гадоў, таму правы на карціну належаць расейскай Траццякоўскай галерэі, якой тую карціну некалі прадалі. Шагала ў выніку замянілі ў пашпарце на карціну «На Купалле» Міхася Філіповіча. Але, адзначае кіраўнік Геральдычнай рады, карціну ўсё роўна будуць бачыць збольшага памежнікі, якія будуць правяраць пашпарт пад ультрафіялетавым святлом.

Сярод іншага кіраўнік Геральдычнай рады адзначыў, што не любіць назву «пашпарт Новай Беларусі» і наогул панятак «Новая Беларусь»: маўляў, Беларусь адна, няма старой і новай.

А таксама расказаў, што ў новым пашпарце будзе 52 старонкі супраць 32 у цяперашнім «афіцыйным».

Hавiны
Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» прэзентавалі альтэрнатыўны беларускі пашпарт
2023.08.06 18:54

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў