«Мы пачынаем доўгую і цяжкую вайну». Ізраіль рыхтуецца да наземнай аперацыі ў Газе


Прэм’ер-міністр Ізраілю заявіў, што краіна «пачынае доўгую і цяжкую вайну». Як запэўніў Бэньямін Нэтаньягу, наступленне будзе трываць да дасягнення пастаўленых мэтаў.

Ізраіль наносіць авіяўдары па сектары Газа. 8 кастрычніка 2023 года.
Фота: AA/ABACA / Abaca Press / Forum

Вайну Ізраілю навязалі баевікі ХАМАСу, адзначыў прэм’ер-міністр Бэньямін Нэтаньягу ў допісе ў сацсетцы X.com:

«Мы пачынаем доўгую і цяжкую вайну. Першы этап завяршаецца знішчэннем большай часткі варожых сілаў, што праніклі на нашу тэрыторыю. Адначасова мы перайшлі ў наступ, які будзе працягвацца без перадышкі да дасягнення пастаўленых мэтаў. Адновім бяспеку грамадзян Ізраілю, і мы пераможам».

Раней кіраўнік ураду заклікаў цывільных неадкладна пакінуць Газу і паабяцаў «ператварыць у руіны» усе месцы, дзе хаваецца ХАМАС.

Акрамя таго, кабінет бяспекі Ізраілю ўхваліў «знішчэнне вайсковага і ўрадавага патэнцыялу ХАМАСу» і пастанавіў прыпыніць пастаўкі ў сектар Газа электраэнергіі, паліва і тавараў, паведаміла ўначы канцылярыя прэм’ера. Габрэйская дзяржава намагаецца пазбавіць баевікоў «здольнасці і жадання пагражаць і наносіць шкоду ізраільскім грамадзянам цягам многіх гадоў».

Уначы большая частка Газы пагрузілася ў цемру пасля таго, як Ізраіль, які амаль цалкам забяспечвае анклаў электраэнергіяй, адлучыў рэгіён ад сетак.

Наступствы атакі ХАМАСу на дом у Тэль-Авіве ў Ізраілі. 7 кастрычніка 2023 года.
Фота: ITAI RON / Reuters / Forum

7 кастрычніка баевікі ХАМАСу атакавалі Ізраіль тысячамі ракетаў і, разбурыўшы агароджу на мяжы, уварваліся на тэрыторыю краіны. Яны нападалі на вайскоўцаў, паліцэйскіх і цывільных, забіваючы і беручы ў палон.

Паводле неафіцыйных звестак выдання The Jerusalem Post, без звестак зніклі 750 ізраільцянаў.

Паведамляецца, што ў выніку атакі загінулі найменей 300 асобаў, больш за 1800 – параненыя.

У Газе паведамляюць, што ў выніку ўдараў Ізраілю загінулі 232 асобы, не меней за 1700 атрымалі раненні.

Hавiны
250 загінулых, амаль 1500 параненых. Як выглядае сітуацыя ў Ізраілі напрыканцы суботы, 7 кастрычніка
2023.10.08 00:37

Тым часам армія Ізраілю заявіла пра абстрэл поўначы краіны з тэрыторыі Лівана і паведаміла пра агонь у адказ.

Hавiны
Ад асуджэнняў да віншаванняў: як розныя краіны адрэагавалі на напад ХАМАС на Ізраіль
2023.10.07 20:39

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў