У выніку землятрусу на захадзе Афганістану загінулі болей за 2 тысячы асобаў, перадае агенцыя The Associated Press. Разбураныя або пашкоджаныя каля 600 дамоў. Землятрус стаў самым смяротным у краіне за некалькі дзесяцігоддзяў.
Талібы, якія кіруюць Афганістанам, паведамілі, што лік ахвяраў землятрусу на захадзе краіны перавысіў 2 тысячы. Магнітуда штуршкоў склала 6,3. Эпіцэнтр знаходзіўся прыкладна ў 40 кіламетрах на паўночны захад ад гораду Гэрат.
Разбураныя або пашкоджаныя каля 600 дамоў. У ААН не выключаюць, што лік загінулых яшчэ вырасце, бо людзі могуць заставацца пад абломкамі.
«Дамы, офісы і крамы пустыя, і маюцца асцярогі новых землятрусаў. Усе людзі выйшлі на вуліцы», – кажуць жыхары.
«Талібан» заклікаў ратавальнікаў і арганізацыі як мага хутчэй дапамагчы пацярпелым, даць прытулак і даставіць ежу. «Мы просім нашых заможных суайчыннікаў аб любой магчымай супрацы і дапамозе нашым братам», – заявіла арганізацыя, прызнаная некаторымі краінамі тэрарыстычнай.
Гэты землятрус стаў самым смяротным у Афганістане за некалькі дзесяцігоддзяў. У 1998 годзе ў выніку падземных штуршкоў на паўночным захадзе краіны загінулі 4700 асобаў.
Сяргей Крот belsat.eu