Зяленскі заявіў, што смерць Прыгожына – справа Уладзіміра Пуціна


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі публічна выказаў сваё меркаванне, што за гібеллю заснавальніка ПВК Вагнэра Яўгена Прыгожына стаіць Крэмль. Ён згадаў пра гэта ў кантэксце размовы пра расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, перадае карэспандэнт рускай службы «Бі-бі-сі».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас выступу 8 верасня 2023 года ў Кіеве.
Фота: president.gov.ua

«Пуцін здуўся – як чалавек, як палітык. Ён забіў Прыгожына – прынамсі, такая інфармацыя ў нас ёсць», – сказаў прэзідэнт Украіны падчас выступу ў Кіеве.

Аднак ён не ўдакладніў, на падставе якіх дадзеных была зроблена выснова аб тым, што Пуцін мог быць датычны да гібелі заснавальніка ПВК Вагнэра.

«Маральны дух расейцаў упаў, таму што яны прыкрываліся вагнэраўцамі, кідалі наперад, ім вяртацца назад [было] нельга. Я думаю, што гэтую абарону, якая прыкрываецца жыццямі наймітаў, вагнэраўцаў, – яны гэта страцілі. Для нас гэта дакладна плюс», – заявіў Уладзімір Зяленскі.

Таксама ўкраінскі прэзідэнт дадаў: «У нас ва Украіне жалобных дзён, калі неба пазбавілася Прыгожына, не было. Для нас гэта на аднаго тэрарыста менш».

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў 25 жніўня назваў «хлуснёй абсалютнай» заявы прадстаўнікоў заходніх краін, якія сцвярджаюць, што Прыгожын мог быць забіты «па заданні Крамля».

Нагадаем, што самалёт, у якім быў Яўгеній Прыгожын, трапіў у авіякатастрофу ў Цвярской вобласці. Расейскія ўлады пацвердзілі, што на борце ляцеў сам Прыгожын і ягоны паплечнік Дзмітрый Уткін. Экіпаж і ўсе пасажыры самалёта загінулі (10 чалавек). Следчы камітэт РФ пацвердзіў смерць кіраўніка ПВК Вагнэра. 29 жніўня адбылося пахаванне Прыгожына на Парахаўскіх могілках на поўначы Санкт-Пецярбургу побач з ягоным бацькам. Цырымонія прайшла ў закрытым рэжыме, на ёй прысутнічалі каля 30 чалавек.

Hавiны
Яўгена Прыгожына пахавалі на Парахаўскіх могілках у Санкт-Пецярбургу
2023.08.29 21:22

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў