У Беларусі пашыраць спіс выпадкаў, пры якіх можа быць абвешчанае надзвычайнае і ваеннае становішча


Узброены мяцеж і засыланне ўзброеных групаў экстрэмісцкімі арганізацыямі ў Беларусь з тэрыторыі іншых дзяржаваў можа стаць падставай для ўвядзення надзвычайнага або ваеннага становішча. Праект закону афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. У найбліжэйшы час яго разгледзяць парламентарыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: modmilby / Telegram

Савет міністраў прапануе ўнесці змены ў закон «Аб надзвычайным становішчы». Калі раней яго маглі ўвесці праз «беспарадкі», то цяпер падставай могуць паслужыць «спробы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваення дзяржаўнай улады, узброенага мяцяжу, масавых і іншых беспарадкаў».

Таксама прапануецца дапоўніць дзейны закон «Аб ваенным становішчы» новымі падставамі для ўвядзення ваеннага становішча:

  • «дзеянні іншай дзяржавы (кааліцыі дзяржаваў), якая дазваляе (дазваляюць) выкарыстоўваць сваю тэрыторыю трэцяй дзяржаве (трэцім дзяржавам), экстрэмісцкім групам і арганізацыям для нападу на Рэспубліку Беларусь»;
  • «засыланне іншай дзяржавай (кааліцыяй дзяржаваў) або ад імя іншай дзяржавы (кааліцыі дзяржаваў), экстрэмісцкімі групамі і арганізацыямі, размешчанымі на тэрыторыі іншай дзяржавы (іншых дзяржаваў), на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь узброеных бандаў (групаў), ірэгулярных сіл, наймітаў або рэгулярных падраздзяленняў, войскаў, што выкарыстоўваюць узброеную сілу супраць Рэспублікі Беларусь».

Змены прадугледжваюць таксама, што «ў выпадку бяздзейнасці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» рэжым надзвычайнага або ваеннага становішча мае права ўвесці Усебеларускі народны сход.

Законапраект ужо паступіў у парламент. Цяпер ён мусіць быць ухвалены ў Палаце прадстаўнікоў, потым у Савеце Рэспублікі, а пасля яго павінен будзе падпісаць Аляксандр Лукашэнка.

Hавiны
«BYPOL»: Лукашэнка падрыхтаваў у Беларусі надзвычайныя захады, тры падазроныя законы
2023.03.10 15:36

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў