Чаканне паўстання, бяспека сям’і Лукашэнкі і дзіўныя выключэнні. Улады рыхтуюць новы закон


Улады рыхтуюцца да прыняцця паправак у законы «Аб надзвычайным становішчы», «Аб ваенным становішчы» і яшчэ ў шэрагу заканадаўчых дакументаў, датычных бяспекі і працы дзяржаўных органаў. Новы законапраект, апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, дапамагае зразумець, да якіх выклікаў рыхтуецца рэжым Аляксандра Лукашэнкі і якія сцэнары імкнецца прадугледзіць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Байцы навучальнай роты палка Кастуся Каліноўскага на занятках інжынернай справы ва Украіне. Люты 2023 года.
Фота: Белсат

Новыя падставы для ваеннага і надзвычайнага становішча

У арт. 4 закону «Аб надзвычайным становішчы» мусіць з’явіцца норма, паводле якой нападам на Беларусь будзе лічыцца «засыланне» іншай дзяржавай або экстрэмісцкімі групамі і арганізацыямі ўзброеных бандаў, ірэгулярных сілаў, наймітаў або падраздзяленняў рэгулярных войскаў, што выкарыстоўваюць зброю супраць Рэспублікі Беларусь. Аналагічная норма існуе і ў дзейным заканадаўстве, але з адным адрозненнем: пра «экстрэмісцкія групы і арганізацыі» там нічога не гаворыцца.

Пасля 2020 года слова «экстрэмізм» трывала ўвайшло ў мову рэжыму Лукашэнкі як абазначэнне любой праявы пратэставых настрояў ды іншадумства. Таму ўключэнне гэтага тэрміну ў закон «Аб ваенным становішчы» ёсць відавочным сведчаннем, што ўлады разглядаюць добраахвотнікаў з палка Каліноўскага або парамілітарныя фармаванні накшталт Паспалітага рушэння як рэальную пагрозу. Зрэшты, не толькі іх, калі ўлічваць, што экстрэмісцкімі ў Беларусі прызнаныя мноства арганізацыяў – ад сродкаў масавай інфармацыі да Рады БНР. То бок прастора для інтэрпрэтацыяў застаецца вялізарная.

Калі замежныя дзяржавы дазволяць выкарыстоўваюць сваю тэрыторыю «экстрэмісцкім групам і арганізацыям» для нападу на Беларусь, такія дзеянні таксама будуць лічыцца нагодай для ваеннага становішча.

Разбор
Як будзе выглядаць апалчэнне Лукашэнкі. Разбіраем рэзанансны законапраект
2023.05.24 16:36

У адпаведнасці з новым папраўкамі, уводзіць ваеннае становішча атрымае права Усебеларускі народны сход (напрыклад, пры бяздзейнасці прэзідэнта). А ў выпадку гібелі прэзідэнта ваеннае становішча ўводзіцца неадкладна на падставе пастановы Савету бяспекі. Толькі старшыняваць на Савеце бяспекі будзе не прэм’ер-міністр, а кіраўнік Савету рэспублікі. То бок, з улікам іхных цяперашніх пасадаў, Наталля Качанава, а не Раман Галоўчанка.

УНС атрымае права ўводзіць таксама надзвычайнае становішча. Падставай для надзвычайнага становішча цяпер могуць стаць «спробы гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, захопу або прысваення дзяржаўнай улады, узброенага мяцяжу». Раней пра мяцеж і захоп улады ў гэтым законе нічога не казалася.

Акрамя таго, улады хочуць змяніць арт. 12 закону «Аб узброеных сілах», які тычацца выкарыстання беларускіх вайскоўцаў у аперацыях за межамі краіны. Цяпер назва самога артыкулу сфармуляваная такім чынам: «Удзел Узброеных сілаў у баявых дзеяннях і міратворчых аперацыях за межамі Рэспублікі Беларусь». Новы варыянт: «Удзел Узброеных сілаў у гарантаванні калектыўнай бяспекі і дзейнасці ў падтрыманні міжнароднага міру і бяспекі». Згадкі пра нейкую «калектыўную бяспеку» з’явяцца і ў законе аб парадку накіравання сілавікоў за межы Беларусі.

Пакуль незразумела, для чаго канкрэтна ўладам спатрэбілася такое перайменаванне. Аднак ясна, што «гарантаванне калектыўнай бяспекі» і «падтрыманне міру і бяспекі» – гэта больш шырокія паняцці, таму імі будзе лягчэй маніпуляваць.

Бяспека для Лукашэнкі і ягонай сям’і

Цікавыя папраўкі прадугледжаныя для закону «Аб дзяржаўнай ахове».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: president.gov.by

Дзяржаўная ахова цяпер будзе давацца не толькі дзейнаму прэзідэнту, прэм’еру і спікерам дзвюх заканадаўчых палатаў, але і старшыні Усебеларускага народнага сходу ды былому прэзідэнту. Больш за тое, спецслужбы павінныя будуць ахоўваць чальцоў сям’і экс-прэзідэнта (бацькоў, жонку, дзяцей). Тэрміны, на якія ім даецца ахова, у дакуменце не вызначаныя. То бок тэарэтычна, з пункту гледжання новага законапраекту, Колю Лукашэнку спецслужбы мусяць ахоўваць усё жыццё, нават калі ён ніколі не будзе займаць дзяржаўных пасадаў.

Функцыі дзяржаўнай аховы разам з іншымі сілавымі структурамі цяпер атрымае Аператыўна-аналітычны цэнтр, прычым у іх задачы афіцыйна ўключаць барацьбу з «экстрэмізмам» – то бок барацьбу з пратэстамі ды іншымі праявамі іншадумства. Органы дзяржаўнай аховы будуць мець фактычна неабмежаваныя правы на атрыманне любой неабходнай інфармацыі ад арганізацыяў і грамадзянаў, у тым ліку тыя звесткі, што складаюць камерцыйную, прафесійную, медычную, банкаўскую ды іншую таямніцу пад аховаю закону. Для гэтага спецслужбам дастаткова проста накіраваць запыт.

Калі раней прававыя асновы дзейнасці «дзяржаўнай аховы» не мусілі супярэчыць міжнародным дамовам, то цяпер гэтае абмежаванне плануецца прыбраць.

Акрамя таго, для супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай аховы ўводзіцца дадатковае патрабаванне: яны не могуць мець другога грамадзянства, а таксам нейкіх ільготаў ад замежных дзяржаваў у сувязі з рэлігійнай або нацыянальнай прыналежнасцю (яўны намёк на «карту паляка»). Асобна забарону на льготы з боку замежных дзяржаваў хочуць прапісаць адпаведнымі папраўкамі ў законах аб КДБ, СК і МНС.

Рэспублікі Беларусь робіцца менш

Цікавыя змены ўносяцца ў закон аб масавых мерапрыемствах. У законе мусіць з’явіцца паняцце «масавага мерапрыемства на платнай аснове» – то бок масавага мерапрыемства, якое праводзіцца з арганізацыяй платнага доступу (удзелу) на яго (у ім) грамадзянаў. Імаверна, пад гэтым маюцца на ўвазе выключна канцэрты і спартовыя спаборніцтвы, аднак у законапраекце адпаведных удакладненняў няма. Сам тэрмін «масавае мерапрыемства» ўключае ў сябе і мітынгі, і дэманстрацыі, і пікеты.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

У закон «Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах» плануецца ўвесці дадатковыя абмежаванні на фінансаванне. Раней рыхтаванне і правядзенне сходаў нельга было фінансаваць толькі замежным дзяржавам, арганізацыямі і грамадзянам. А цяпер гэта хочуць забараніць і беларусам, якія не пражывалі ў Беларусі апошнія 12 месяцаў. То бок фактычна папраўкі накіраваныя на тое, каб адрэзаць палітэмігрантам магчымасць дапамагаць правядзенню палітычных мерапрыемстваў на сваёй Радзіме.

Звяртае ўвагу і яшчэ адна цікавая акалічнасць: з некаторых артыкулаў шэрагу законаў прапануецца прыбраць словы «Рэспубліка Беларусь». Звычайна гаворка ідзе пра абазначэнне розных органаў, структураў і г. д. Напрыклад, дзе-нідзе замест «Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь» пакідаюць проста «Узброеных сілаў», замест «пракурора Рэспублікі Беларусь» – проста «пракурора» і г. д. У межах паправак з закону «Аб дзяржаўнай дактыласкапічнай рэгістрацыі» плануецца выключыць амаль два дзясяткі згадак пра Рэспубліку Беларусь, у тым ліку з прэамбулы дакументу. Пакуль не да канца зразумела, гэта проста бюракратычнае рэдагаванне – або за ім стаіць нешта больш істотнае, напрыклад, карэктаванне заканадаўства ў кантэксце інтэграцыі з РФ.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў