У Смаленскай вобласці абрынуўся мост над чыгункай, што звязвае Беларусь і Расею


У Смаленскай вобласці Расеі абрынуўся аўтамабільны мост над чыгункай па лініі Масква – Смаленск – Ворша – Менск – Берасце. Гэта галоўная чыгуначная магістраль, якая звазвала дзве краіны. Рух цягнікоў спынены.

Разбураны мост у Вязьме.
Крыніца: Mash / Telegram

Здарэнне адбылося 8 красавіка ў расейскай Вязьме. Падчас абрушэння на мосце было два аўта, яны ўпалі ўніз. У выніку загінула адна жанчына, яшчэ пяцёра чалавек – шпіталізаваныя. Мужчына, які знаходзіўся ў грузавым аўтамабілі, у цяжкім стане.

Сярод пацярпелых ёсць дзіця 2010 года нараджэння, пра гэта паведамляе Міністэрства аховы здароўя Смаленскай вобласці.

Па факце абрушэння заведзеная крымінальная справа.

Месца абрушэння маста:
Фота: Московская межрегиональная транспортная прокуратура / Telegram

Як адзначае тэлеграм-канал «МотолькоПомоги», гэтая чыгуначная галіна – «фактычна адзіны калідор для пасажырскіх цягнікоў напрамкаў Масква – Менск, праз які праходзіць па 14–23 цягнікі ў содні». Чыгуначнікі таксама звяртаюць увагу на тое, што ў момант абрушэння маста на рэйках пад ім знаходзіўся грузавы цягнік.

Пашкоджаны Панінскі мост.
Фота: Московская межрегиональная транспортная прокуратура / Telegram

У расейскіх тэлеграм-каналах пішуць, што адна з магчымых прычын абрушэння – рухомасць грунту пасля зімы з-за раставання снегу, і знос бетоннай канструкцыі.

Вядома, што Панінскі мост быў пабудаваны ў 1980 годзе. У 2018 яго адрамантавалі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў