Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 8 красавіка


«Белсат» падводзіць вынікі 409-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 8 красавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Салдаты ідуць па цэнтры горада. 28 кастрычніка 2022, Бахмут, Данецкая вобласць, Украіна.
Фота: Белсат

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе, што цягам апошніх содняў вайны сілы абароны адбілі больш за 60 атак праціўніка на ўсходзе краіны. Між тым інтэнсіўнасць баявых дзеянняў істотна адрознівалася ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту.

На купянскім кірунку (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, а таксама паўночны захад Луганскай) войскі РФ не праводзілі наземных аперацыяў, пры гэтым працягнулі абстрэльваць пазіцыі ЗСУ з артылерыі.

На суседнім ліманскім кірунку (паўднёвы захад Луганскай вобласці, а таксама поўнач Данецкай) працягваюцца лакальныя баі ўздоўж усёй лініі сутыкнення.

Аналітыкі праекту Deepstate адзначаюць актыўнасць расейцаў у лясах пад Крэмінной, асабліва на поўдні ад Дзібровы.

Генштаб ЗСУ піша, што атакі праціўніка ў Серабранскім лясніцтве не мелі выніку, як і спробы расейцаў наступаць каля Верхнякаменскага.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў узгадвае атакі войскаў РФ каля Цернаў і Неўскага. Ён таксама дадае пра атакі каля Белай Гары і Арэхава-Васільеўкі.

На бахмуцкім кірунку ў ваколіцах аднайменнага райцэнтру ўкраінскае камандаванне фіксуе няўдалыя атакі праціўніка на ўсходзе ад Багданаўкі і Іванаўскага.

У самім Бахмуце расейцы працягваюць ціснуць у бок захаду гораду.

Рэпартаж
«Вайна ва Украіне – толькі прамежкавы этап». Страх і нянавісць каліноўцаў
2023.04.08 09:28

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што Узброеныя сілы РФ наступаюць у ваколіцах чыгуначнага вакзалу, але ЗСУ не дазваляюць праціўніку дасягнуць хуткіх вынікаў.

Між тым кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што ягоныя найміты змаглі ўклініцца ў пазіцыі ЗСУ каля вакзалу.

У Deepstate дапускаюць выраўноўвання лінія баявога сутыкнення па мясцовай чыгунцы.

Агулам за содні на гэтым кірунку ЗСУ адбілі больш за 20 атак праціўніка.

Паводле Генштабу ЗСУ, на аўдзееўскім і мар’інскім кірунках (на поўначы і захадзе ад Данецку) расейцы праводзілі наступальныя дзеянні каля Новакалінавага, Севернага, Первамайскага, Мар’інкі і Пабеды, але поспеху не мелі.

Пегаў адзначае, што інтэнсіўнасць расейскіх атак на абодвух кірунках істотна знізілася.

У Deepstate наадварот пішуць, што расейцы пры падтрымцы артылерыі распачалі маштабны наступ пад Аўдзееўкай, але выніку не мелі.

На шахцёрскім кірунку на паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці войскі РФ засяродзіліся на вядзенні абароны і нанясенні артылерыйскіх удараў па пазіцыях ЗСУ.

Аналагічная сітуацыя назіраецца на запарожскім і херсонскім кірунках у аднайменных вобласцях.

Між тым неспакойна цягам содняў было на тэрыторыі анексаванага Крыму. Ранкам 8 красавіка Збройныя сілы Украіны паспрабавалі нанесці ракетны ўдар з аператыўна-тактычнага комплексу «Гром-2» па расейскіх аб’ектах на паўвостраве. У выніку ўкраінская ракета была збітая сіламі супрацьпаветранай абароны РФ у ваколіцах Феадосіі.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» звязвае такія дзеянні ЗСУ з падрыхтоўкай да маштабнага контрнаступу.

Украінскае камандаванне паведамляе, што за содні было знішчана каля 580 расейскіх вайскоўцаў, у выніку чаго агульныя беззваротныя страты РФ дасягнулі 177 680 чалавек.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Hавiны
Брытанская выведка: Расея праваліла кампанію знішчэння ўкраінскай энергасістэмы
2023.04.08 14:19

ТМ belsat.eu

Стужка навінаў