Каментар дырэктаркі «Белсату» адносна сітуацыі з фінансаваннем медыя


Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі на падставе меркавання чальцоў Рады Праграмы супрацы ў галіне развіцця прыняў План супрацы ў галіне развіцця на 2024 год. Згодна з дакументам, на фінансаванне тэлеканалу «Белсат» сёлета плануецца вылучыць 40 мільёнаў злотых. Дакумент апублікавалі ўвечары 7 сакавіка.

Агнешка Ромашевская-Гузы, телеканал Белсат
Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы ў рэдакцыі. Варшава, Польшча. 8 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

У каментары «Белсату» дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы адзначыла, што гэта ўся наяўная інфармацыя адносна далейшага фінансавання медыя. Пры гэтым менавіта ў аналагічных дакументах цягам усіх 17 гадоў існавання «Белсату» прапісваліся сродкі, якія вылучаюцца на яго дзейнасць:

«Іншых звестак на гэты конт я пакуль не маю, бо дасюль з намі ніхто канкрэтна не размаўляў і не даваў нам ніякай інфармацыі».

Калі гэта адзіныя сродкі, якія плануецца сёлета вылучыць на «Белсат», то «гэта азначала б рэзкае скарачэнне бюджэту амаль удвая, што вельмі небяспечна, бо ў кожнай установе ёсць такія рэчы, як фіксаваныя выдаткі». Напрыклад, на абсталяванне, якія не зменшацца нават ад скарачэння колькасці працаўнікоў.

«Гэта азначае, што на сайце могуць працаваць 15 журналістаў або 7 журналістаў, але гэта не зменшыць выдаткаў на ўтрыманне самога сайту», – адзначыла Агнешка Рамашэўская-Гузы.

Дырэктарка «Белсату» не выключае, што асобная крыніца фінансавання можа быць прызначаная для расейскамоўнай рэдакцыі, але не ясна, на якіх падставах і з якіх крыніцаў гэта можа адбыцца:

«У любым выпадку ніхто нічога не казаў дасюль, таму я вельмі занепакоеная. Спадзяюся, гэта не спрычыніцца да ліквідацыі «Белсату».

Агнешка Рамашэўская-Гузы адзначыла, што цягам існавання «Белсату» польская дзяржава – як МЗС, гэтак і Польскае тэлебачанне – вылучылі больш за паўмільярда злотых на яго дзейнасць. На ейную думку, «гэта вельмі значныя сумы, і іх варта было б не змарнаваць».

Агнешка Ромашевская-Гузы, телеканал Белсат
Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы ў рэдакцыі. Варшава, Польшча. 8 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Дырэктарка асабліва падкрэсліла, што «Белсат» – гэта «не проста малюсенькае медыя, арыентаванае на Беларусь». Яго надзвычай важным элементам ёсць і расейскамоўная рэдакцыя:

«Гэта агулам медыя, скіраванае на Усход. Такі кангламерат беларускамоўнага і расейскамоўнага элементаў утварыўся між іншага таму, што мы разглядаем рэгіён у цэлым. Гэты рэгіён звязаны, і яго часткі ўзаемна ўплываюць адна на адну. І я думаю, што для гэтага ўсяго мае быць эквівалент у выглядзе тэлебачання».

Агнешка Рамашэўская-Гузы адзначыла, што вялікую частку карыстальнікаў «Белсату» складаюць таксама жыхары Украіны, бо значная частка, не зважаючы на вайну, працягвае спажываць інфармацыю на расейскай мове. І за найбліжэйшыя гады гэта наўрад ці зменіцца:

«І таму мы таксама ёсць пэўным адказам на ўкраінскія праблемы. У нас таксама ёсць прапанова для гэтых людзей. У той жа час у нас ёсць прапанова для расейцаў, зацікаўленых у перамозе над рэжымам Пуціна. І вельмі важна, што гэтае медыя ствараюць менавіта беларускія, расейскія і ўкраінскія журналісты для гэтай аўдыторыі, для гэтых адрасатаў».

Дый агулам, дадала кіраўніца, «Белсат» цяпер – гэта не проста тэлебачанне, а мультымедыйная платформа на розных мовах, якая транслюе на Усход. І паміж усімі моўнымі версіямі, рэдакцыямі і рэсурсамі «Белсату» дзеіць сінергія, у тым ліку таму, «што на гэты момант гэта адзін рэгіён не толькі геаграфічна, але і палітычна». І гэтую сінергію неабходна захаваць, нават калі плануецца, напрыклад, стварыць два асобныя тэлеканалы – беларуска- і расейскамоўны.

«Галоўнае ядро гэтай шматмоўнай мультымедыйнай платформы – беларуская частка, але гэта не адзіная яе частка. І моцная гэтая платформа менавіта сваёй шматколернасцю», – падкрэсліла дырэктарка «Белсату».

«Белсат», першы незалежны тэлеканал у Беларусі, пачаў трансляцыю 10 снежня 2007 года, у Сусветны дзень правоў чалавека. Праект рыхтаваўся Польскім тэлебачаннем пад кіраўніцтвам Агнешкі Рамашэўскай-Гузы з чэрвеня 2006-га. Канал быў створаны як структурная адзінка Польскага тэлебачання.

Польскае тэлебачанне супрацоўнічала, сярод іншага, з сябрамі Беларускай асацыяцыі журналістаў, якую за дзейнасць у галіне правоў чалавека Еўрапейскі парламент адзначыў Міжнароднаю прэміяй імя Андрэя Сахарава. Фармальна стварэнне тэлеканалу сталася вынікам дамовы, падпісанай у 2007 годзе паміж польскім Міністэрствам замежных справаў і Польскім тэлебачаннем. У дамове прадугледжвалася шматгадовая супраца і фінансаванне тэлеканалу «Белсат».

belsat.eu

Стужка навінаў