Дыпламаты еўрапейскіх краінаў сочаць за cправаю беларускага рэжысёра Андрэя Гнёта, экстрадыцыі якога дамагаецца Менск


У Сербіі прайшлі ўжо два судовыя паседжанні ў справе экстрадыцыі ў Беларусь рэжысёра Андрэя Гнёта, які быў затрыманы на запыт Інтэрполу яшчэ летась у кастрычніку. Новыя падрабязнасці ў справе Гнёта «Белсату» распавяла прэс-сакратарка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Юлія Гарачая.

Улады ў Менску абвінавачваюць актывіста і рэжысёра Андрэя Гнёта ў эканамічным злачынстве, але прадстаўнікі грамадскай супольнасці ўпэўненыя, што Менск выкарыстоўвае Інтэрпол у рэпрэсіўных мэтах.

Рэжысёр Андрэй Гнёт.
Фота: andrewgnyot / Instagram

Суд першай інстанцыі ў Сербіі пастанавіў экстрадаваць Гнёта на радзіму. На другім судовым паседжанні, калі апеляцыйны суд разгледзеў скаргу на рашэнне аб экстрадыцыі, прысутнічалі дыпламаты еўрапейскіх краінаў. Паводле Юліі Гарачай, НАУ і Офіс Святланы Ціханоўскай прыкладаюць максімум намаганняў, каб прыцягнуць увагу еўрапейскіх дыпламатаў да справы затрыманага актывіста, якога хочуць экстрадаваць з Сербіі ў Беларусь.

«Каманда НАУ атрымала пацверджанне аб стварэнні працоўнай групы ў Бялградзе з еўрапейскіх дыпламатаў. У працоўную групу ўвайшлі прадстаўнікі Аўстрыі, Даніі, Кіпра, Харватыі, Польшчы, Нямеччыны і яны сочаць за лёсам Андрэя Гнёта», – распавяла Юлія Гарачая.

Каментар
Беларускаму рэжысёру пагражае экстрадыцыя з Сербіі ў Менск. Запыт на арышт напісаў пракурор пад санкцыямі
2024.02.19 19:46

Андрэй Гнёт – беларускі журналіст і рэжысёр, палітычны актывіст. Акрамя таго, паводле неафіцыйных звестак выдання «DW Беларусь», ён сузаснавальнік «Свабоднага аб’яднання спартоўцаў SOS-BY», прызнанага «экстрэмісцкім фармаваннем» у 2022 годзе.

АА belsat.eu

Стужка навінаў