Ні перамір’я, ні вялікай вайны. Што цяпер адбываецца на Блізкім Усходзе


Ізраіль адхіліў сустрэчную прапанову «Хамас» наконт перамір’я ў сектары Газа і працягвае настойваюць на поўнай ваеннай перамозе над баевікамі. Паралельна ЗША наносяць серыю ўдараў па праіранскіх сілах у рэгіёне, але пры гэтым стараюцца не справакаваць поўнамаштабную вайну з Тэгеранам. Як доўга ў канфлікце на Блізкім Усходзе будзе захоўвацца стратэгічны статус-кво?

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу прыбывае на пасяджэнне кабінету міністраў. Тэль-Авіў, Ізраіль. 17 снежня 2023 года.
Фота:

Празмерныя патрабаванні «Хамас»

7 лютага прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу публічна адмовіўся ад перамір’я ў сектары Газа на тых умовах, якія высунуў «Хамас». Ён у чарговы раз заявіў, што іншага рашэння праблемы, акрамя поўнай перамогі над баевікамі, быць не можа.

«Калі «Хамас» выжыве ў сектары Газа, новая разня стане толькі пытаннем часу», – падкрэсліў ён.

Разам з тым, палітык падкрэсліў, што гэтая пазіцыя не выключае далейшых перамоваў наконт вызвалення закладнікаў.

Прапанова палестынскай групоўкі, якую каментаваў Нэтаньягу, стала адказам на ініцыятыву аб перамір’і, што першапачаткова зыходзіла ад Ізраілю. 22 студзеня стала вядома, што Ізраіль праз катарскіх і егіпецкіх пасярэднікаў перадаў «Хамасу» прапанову спыніць агонь на два месяцы для вызвалення ўсіх закладнікаў, захопленых тэрарыстамі падчас нападу на краіну ў кастрычніку 2023 года. Ізраіль у сваю чаргу быў гатовы вызваліць значную частку палестынскіх зняволеных, вывесці войскі з шэрагу паселішчаў анклаву, а таксама дазволіць насельніцтву паступова вярнуцца ў паўночную частку сектару і горад Газа.

Хаця Ізраіль не меў на ўвазе згортванне ваеннай аперацыі і поўны вывад войскаў, гэтая прапанова выглядала досыць кампраміснай і прагрэсіўнай. Аднак «Хамас» яе не прыняў. У адказ групоўка выставіла сустрэчную прапанову, якая прадугледжвала спыненне баявых дзеянняў тэрмінам на 135 дзён. Паэтапны план перамір’я прадугледжваў абмен палестынскіх вязняў на ізраільскіх закладнікаў, а таксама поўны вывад падраздзяленняў Цагаль з сектару Газа без якіх-небудзь палітычных умоваў. Акрамя таго, «Хамас» патрабаваў забяспечыць пастаўкі гуманітарнай дапамогі ў анклаў.

Адразу як дэталі мірнай прапановы «Хамасу» трапілі ў медыі, стала зразумела, што бакі наўрад ці здолеюць дамовіцца. Распачынаючы ваенную аперацыю ў сектары Газа, Ізраіль ставіў перад сабой мэтай знішчыць «Хамас», пазбавіць яго кантролю за анклавам. Прыняцце ўмоваў «Хамаса» ў цяперашняй сітуацыі было б раўназначнае прызнанню Ізраілем сваёй поўнай паразы ў канфлікце.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ізраільскі салдат глядзіць на ўзлёт верталёту падчас вайсковых вучэнняў каля мяжы з Ліванам. 7 лютага 2024 года.
Фота: Jalaa Marey / AFP / East News

Бэньямін Нэтаньягу назваў прапановы палестынскай групоўкі «вар’яцкімі». Міністр абароны Ёаў Галянт выказаў меркаванне, што адказ «Хамасу» быў спецыяльна сфармуляваны такім чынам, каб Ізраіль гэтую прапанову не прыняў.

У Вашынгтоне таксама крытычна паставіліся да патрабаванняў «Хамасу», назваўшы іх «трошкі празмернымі».

Нэтаньягу абяцае хуткую перамогу

Адначасова на прэс-канферэнцыі 7 лютага Нэтаньягу заявіў, што поўная перамога Ізраілю над баевікамі магчымая на працягу некалькіх месяцаў.

«Мы на шляху да поўнай перамогі. Яна – у межах дасяжнасці, да яе засталося некалькі месяцаў, а не некалькі гадоў», – падкрэсліў ён.

Калі адхіленне ўмоваў «Хамасу» было прадказальна, то абяцанне поўнай перамогі ў бліжэйшыя месяцы можна лічыць нечаканасцю. Раней ізраільскі прэм’ер не даваў такіх аптымістычных прагнозаў. Наадварот у канцы снежня Нэтаньягу заявіў, што «гэта будзе доўгая вайна, яе канец не блізкі».

Што стала прычынай змены рыторыкі: палітычная неабходнасць або рэальны прагрэс на поле бою? Пакуль адназначнага адказу на гэтае пытанне няма.

З канца снежня галоўныя падзеі ў сектары Газа разгортваюцца вакол гораду Хан-Юніс, які з’яўляецца адной з ключавых базаў баевікоў. 23 студзеня Цагаль заявіў, што ізраільскія вайскоўцы завяршылі атачэнне Хан-Юніс. Аднак, як і прадказвалася адразу, атачэнне паселішча не азначала хуткага завяршэння бітвы. Цяпер Цагаль працягвае весці баі ў заходняй частцы Хан-Юнісу.

Міністр абароны Галянт на гэтым тыдні анансаваў, што ізраільскае войска «дабярэцца да месцаў, дзе мы раней яшчэ не ваявалі, да самага апошняга бастыёна «Хамас», якім служыць Рафах». Нэтаньягу ў сваю чаргу на прэс-канферэнцыі 7 лютага распавёў, што даў загад наступаць на Рафах, што знаходзіцца на поўдні Газы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сонца ўзыходзіць над лагерам бежанцаў у Рафах на поўдні сектару Газа. 1 студзеня 2024 года.
Фота: AFP / East News

Выданне The Jerusalem Post зазначае, што Рафах – ключ да будучыні «Хамасу» ў сектары Газа. Кантроль за Рафахам дазваляе палестынскай групоўцы трымаць у сваіх руках плыні гуманітарнай дапамогі і кантрабанды, што з’яўляецца залогам захавання ўлады «Хамасу» ў сектары Газа.

Палітычная нявызначанасць

Разам з тым, наступ на Рафах – складаная задача і ў ваенным, і ў палітычным сэнсе. Гэты горад знаходзіцца на мяжы з Егіптам і там знайшлі прытулак сотні тысяч мірных палестынцаў, вымушаных пакінуць свае дамы ў зоне баявых дзеянняў. Штурм Рафаху можа прывесці да вялікіх стратаў сярод мірных жыхароў і справакаваць негатыўныя наступствы на міжнароднай арэне.

Высокі ўзровень цывільных ахвяраў падчас аперацыі ў сектары Газа і так выклікае незадаволенасць у свеце, у тым ліку з боку краінаў Захаду. Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен падчас візіту ў Тэль-Авіў назваў страты «занадта высокімі» і выказаў сваю заклапочанасць.

Паводле медыяў, ізраільскі прэм’ер адразу паспяшыў супакоіць свайго саюзніка наконт будучай аперацыі ў Рафаху, даўшы зразумець, што Цагаль будзе дзейнічаць вельмі асцярожна. «Мы не будзем дзейнічаць у Рафаху, калі там так шмат людзей. Ідзе праца над пошукам рашэння па эвакуацыі адтуль цывільнага насельніцтва», – цытуе Нэтаньягу «7 канал». Паводле медыяў, Ізраіль будзе імкнуцца шчыльна каардынаваць свае намаганні з Егіптам, бо без дапамогі гэтай краіны правесці эвакуацыю цывільных амаль немагчыма.

«Цагаль не можа эфектыўна змагацца з батальёнамі «Хамасу» ў Рафаху, пакуль значная частка насельніцтва Газы, калі не большая частка, знаходзіцца ў гэтым раёне. Ён не можа часова перамясціць жыхароў Газы ў Егіпет праз супрацьдзеянне Каіра. І не можа заахвоціць жыхароў Газы, перамешчаных з поўначы сектара, вярнуцца дадому, не даўшы «Хамасу» магчымасці вярнуцца разам з імі», – піша ў сваім артыкуле рэдактар і заснавальнік выдання «The Times of Israel» Давід Горавіц.

Давід Горавіц наракае, што вырашыць гэтую праблему перашкаджае той факт, што ўрад Ізраілю дасюль не вызначыўся са стратэгічным бачаннем будучыні сектару Газу.

«Бясконцая балбатня пра «поўную перамогу» бессэнсоўная без практычных палітычных і ваенных інструментаў яе дасягнення. І адзіным бенефіцыярам такой паралізуючай разʼяднанасці на вяршыні ізраільскага кіравання зʼяўляецца «Хамас», – піша журналіст.

ЗША супраць Ірану: паміж эскалацыяй і асцярожнасцю

Абяцанні Нэтаньягу прагучалі на фоне рэзкай актывізацыі Злучаных Штатаў у рэгіёне.

Дзеянні ЗША былі справакаваныя нападам на амерыканскую вайсковую базу «Tower 22» у Іярданіі, у выніку чаго трое вайскоўцаў загінулі і некалькі дзясяткаў атрымалі раненні. Гэта быў першы выпадак гібелі амерыканскіх жаўнераў пасля пачатку вайны Ізраілю і «Хамас». Белы дом усклаў адказнасць за напад на радыкальныя групоўкі баевікоў, якіх падтрымлівае Іран, і паабяцаў пакараць усіх вінаватых.

Аналітыка
«Ястрабы» заклікаюць Байдэна бамбіць Іран. Ці варта чакаць вялікай вайны?
2024.01.29 18:05

ЗША сапраўды не маглі пакінуць без наступстваў смяротную атаку 28 студзеня, не рызыкуючы пры гэтым аслабіць свае пазіцыі ў рэгіёне. «Ястрабы» ў палітычным істэблішменце Злучаных Штатаў заклікалі Джо Байдэна да самых рашучых варыянтаў адказу – аж да бамбавання Ірану. Аднак пакуль Белы дом вырашыў абмежавацца ўдарамі па аб’ектах іранскага Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі і звязаных з ім узброенымі фармаванням на тэрыторыі Іраку і Сірыі.

Першая серыя авіяўдараў была ўчынена 2 лютага. Агулам былі атакаваныя 85 цэляў: пункты камандавання і кіравання, разведвальныя цэнтры, ракеты, сховішчы беспілотніках, а таксама абʼекты лагістыкі баевікоў і іх спонсараў з КВІР. У Белым доме заявілі, што далейшыя дзеянні ЗША працягнуцца «у той час і тым месцы, якое мы самі абярэм».

8 лютага стала вядома пра новы ўдар: у Багдадзе быў забіты лідар праіранскай групоўкі «Катаіб Хізбула» Абу Бакір аль-Саадзі, якога вінавацяць у арганізацыі нападаў на амерыканскіх вайскоўцаў у рэгіёне. Аўтамабіль Аль-Саадзі быў знішчаны беспілотнікам. Агулам загінулі трое чалавек, двое атрымалі раненні. Мясцовыя групоўкі ў Іраку ўжо заклікалі адпомсціць ЗША, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Тэгеран асудзіў амерыканскія авіяўдары 2 лютага. Прадстаўнік МЗС Ірану Насера Канаані назваў дзеянні ЗША авантурай і стратэгічнай памылкай, якая вядзе толькі да ўзмацнення напружанасці і нестабільнасці ў рэгіёне. «Працяг падобных авантур уяўляе пагрозу рэгіянальнаму і міжнароднаму міру і бяспецы», – падкрэсліў дыпламат.

Раней Тэгеран таксама выступаў з жорсткай крытыкай паветраных удараў ЗША і Вялікай Брытаніі па хусітах – саюзніках Ірану ў Емене, якія працягваюць чыніць напады на марскія камунікацыі ў рэгіёне.

Разам з тым, пакуль што рэакцыя Ірану выглядае досыць стрымана. Актыўных дзеянняў у адказ Тэгеран не распачынае і пагрозамі не раскідваецца. Выглядае на тое, што ні Іран, ні ЗША не хочуць давесці справу да прамога сутыкнення і поўнамаштабнай вайны. Аднак саступаць і губляць свой аўтарытэт у рэгіёне яны таксама не гатовыя. У выніку бакі вымушаны тым ці іншым чынам рэагаваць на дзеянні праціўніка, рызыкуючы справакаваць далейшую эскалацыю.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў