Еўрапарламент заклікаў да новых санкцыяў і расследавання злачынстваў рэжыму


Еўрапейскі парламент 8 лютага прыняў рэзалюцыю ў пытанні парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Тэкст быў прыняты 459 галасамі за, 14 супраць пры 33 тых, хто ўстрымаўся.

Еўрапарламент. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дэпутаты Еўрапарламенту асудзілі нядаўнюю хвалю масавых арыштаў у Беларусі і заклікалі «нелегітымны рэжым Лукашэнкі спыніць рэпрэсіі, нагадваючы рэжыму аб яго міжнародных абавязках». Еўрадэпутаты заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення больш за 1400 палітвязняў і выплаты кампенсацыяў ім, а таксама іхным родным і іншым адвольна затрыманым асобам.

Еўрапарламент заклікаў Еўразвяз і міжнародную супольнасць не прызнаваць вынікі парламенцкіх і мясцовых «выбараў» у Беларусі праз адсутнасць у іх празрыстасці, свабоды і справядлівасці. Дэпутаты хочуць, каб Еўразвяз і краіны-чальцы ўвялі больш жорсткія санкцыі супраць рэжыму і ў дачыненні асобаў, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека.

У рэзалюцыі адзначаецца важнасць падтрымання ахвяраў рэжыму праз адмысловыя інструменты, якія дазваляюць ім атрымліваць візы ЕЗ і віды на жыхарства, а таксама ў выпадках страты грамадзянства. Дэпутаты хочуць ператварыць разгляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ў цалкам незалежны следчы механізм, а таксама захаваць мандат спецыяльнага дакладчыка ААН у правах чалавека ў Беларусі, адначасова ўмацоўваючы падсправаздачнасць праз экстэрытарыяльную і ўніверсальную юрысдыкцыю.

«Натуральна, для нас канкрэтныя дзеянні важнейшыя за словы і заклікі. Але, абапіраючыся, сярод іншага, на такія дакументы, як рэзалюцыі Еўрапарламенту, ПАРЕ і іншых арганізацыяў, мы атрымліваем больш магчымасцяў і важкіх аргументаў для тых самых канкрэтных дзеянняў», – пракаментаваў рэзалюцыю Еўрапарламенту намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Таксама Еўрапарламент прыняў рэзалюцыі ў сувязі з павелічэннем колькасці пакаранняў смерцю ў Іране і тэрарыстычнымі атакамі ў Нігерыі.

Каментар
Чаму КДБ зладзіла рэйды менавіта цяпер – рыхтуюцца да чагосьці кепскага? Разважае Алег Кулеша
2024.01.23 23:01

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў