ЗША прыпыніць дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе з 7 снежня


Злучаныя Штаты абвясцілі намер прыпыніць выкананне абавязкаў у рамках дамовы ДЗУСЕ з 7 снежня. Пра гэта гаворыцца ў заяве Белага дому.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Белы дом, Злучаныя Штаты Амерыкі.
Фота: Matt H. Wade / Wikipedia

Гэты крок стаў адказам на выхад Расеі з Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе (ДЗУСЕ).

У гэтым святле ЗША заявілі, што прыпыняюць усе абавязанні паводле ДЗУСЕ паміж сабой і кожнай іншай дзяржавай-удзельніцай з 7 снежня «ў адпаведнасці з нашымі правамі паводле міжнародных нормаў».

У заяве гаворыцца, што пастанова аб прыпыненні выканання абавязанняў Злучаных Штатаў паводле ДЗУСЕ «была прынятая ў шчыльных кансультацыях і каардынацыі з нашымі саюзнікамі з NATO», многія з якіх таксама ёсць дзяржавамі – удзельніцамі ДЗУСЕ. Акрамя таго, адзначаецца, што шэраг партнёраў ЗША з ДЗУСЕ, якія не ўваходзяць у NATO, таксама выступаюць за прыпыненне выканання абавязанняў паводле ДЗУСЕ ў адказ на дзеянні Расеі.

У заяве сказана, што прыпыненне выканання абавязанняў паводле ДЗУСЕ «ўмацуе патэнцыял стрымлівання і абароны Альянсу шляхам зняцця абмежаванняў, што ўплываюць на планаванне, разгортванне і вучэнні, абмежаванняў, якімі больш не звязаная Расея пасля выхаду Масквы».

У той жа час аўтары заявы падкрэсліваюць, што Злучаныя Штаты, іх саюзнікі з NATO і партнёры «застаюцца прыхільнікамі эфектыўнага кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі як найважнейшага элементу еўраатлантычнай бяспекі».

«Мы будзем працягваць трымацца захадаў, скіраваных на ўмацаванне стабільнасці і бяспекі ў Еўропе шляхам зніжэння рызыкі, перадухілення памылковага ўспрымання, пазбягання канфліктаў і ўмацавання даверу», – такімі словамі завяршаецца заява.

Нагадаем, што сёння намер прыпыніць дзеянне Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Еўропе заявіла Польшча.

Апоўначы 7 лістапада расейскае Міністэрства замежных справаў заявіла пра канчатковы выхад з ДЗУСЕ. Пры гэтым расейская дзяржава абвінаваціла блок NATO ў недамоваздольнасці, а Злучаныя Штаты Амерыкі ў тым, што пашырэнне NATO прывяло да «адкрытага абыходу» краінамі Альянсу групавых абмежаванняў дамовы.

З асуджэннем выхаду Расеі з ДЗУСЕ выступіла NATO, арганізацыя назвала выхад Расеі апошнім крокам у серыі дзеянняў, што сістэматычна падрываюць еўраатлантычную бяспеку.

Дамова аб звычайных узброеных сілах у Еўропе была падпісаная ў 1990 годзе. Удзельнікамі дамовы былі 16 краінаў NATO і 6 краінаў Варшаўскай дамовы. У 1999 годзе быў падпісаны адаптаваны варыянт дакументу. Раней Варшава і Прага паведамілі Менску, што прыпыняюць выкананне ДЗУСЕ ў дачыненні Беларусі. У 2023 годзе з ДЗУСЕ выйшла Расейская Федэрацыя.

Дамова прадугледжвала нацыянальна-тэрытарыяльныя і блокавыя абмежаванні, уводзіла ліміт на прысутнасць на тэрыторыях краінаў-удзельніц войскаў і баявой тэхнікі іншых краінаў. Пра велічыню ўзброеных сілаў гаворкі ў дакуменце не вялося.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў