Пажар у Дубаі. Полымя ахапіла 35-павярховы хмарачос партнёраў Лукашэнкі


У цэнтры Дубая загарэўся 35-павярховы хмарачос кампаніі «Emaar» непадалёк найвышэйшага ў свеце хмарачосу «Burj Khalifa». Ад пажару ніхто не пацярпеў, паведамляе «ABC News». Кампанія рэалізуе маштабны праект у Беларусі.

Людзі назіраюць за пажарам.
Фота: Amr Aalfiky / Reuters / Forum AMR ALFIKY / Reuters / Forum

Пажар успыхнуў раніцой 7 лістапада ў будынку, дзе знаходзіцца штаб-кватэра будаўнічай кампаніі «Emaar», лідара будаўнічага рынку ў арабскім свеце. На яе рахунку шмат заўважных абʼектаў, у тым ліку найвышэйшы ў свеце хмарачос «Burj Khalifa», які ўзняўся на 828 метраў.

Маштаб пажару добра бачны на відэа:

Узгаранне адбылося ў бізнес-цэнтры Дубаю, полымя ахапіла адну з 8 вежаў комплексу хмарачосаў «Emaar». Пазней пажар згасілі. Аб прычыне ўзгарання і пра пацярпелых не паведамляюць.

Кампанія «Emaar Properties», альбо проста «Emaar» – шматнацыянальная кампанія развіцця нерухомасці, размешчаная ў Абʼяднаных Арабскіх Эміратах. Гэта публічнае акцыянернае таварыства, якое каціруецца на Дубайскім фінансавым рынку і мае ацэнку $ 15,5 мільярда на чэрвень 2021 года. «Emaar» прысутнічае на 36 рынках Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі, Азіі, Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

Беларускі след «Emaar»

«Emaar» мае інтарэсы і ў Беларусі: рэалізуе маштабны праект будоўлі так званага разумнага гораду інвестыцыйным коштам $ 4 мільярды, які атрымаў назву «Паўночны бераг». Ён месціцца ў межах МКАД – праспект Пераможцаў – вуліца Арлоўская – Цнянскае вадасховішча ў Менску. У складзе комплексу будуць пабудаваныя жылыя дамы з усёю неабходнай інжынернай і транспартавай інфраструктурай, сацыяльныя абʼекты і абʼекты грамадскага прызначэння агульнаю плошчаю больш за 6 мільёнаў квадратных метраў.

Найперш плануюць узвесці будынкі Нацыянальнага выставачнага цэнтру, Інстытуту штучнага інтэлекту, Менскага цэнтру міжнароднага гандлю. У кастрычніку 2020 года (у самыя пратэсты супраць фальсіфікацыі выбараў прэзідэнта Беларусі) на месцы будаўніцтва Нацыянальнага выставачнага цэнтру прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка і кіраўнік кампаніі Мухамэд Алі аль-Абар заклалі памятную капсулу. У чэрвені 2021 года аль-Абар сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле інфармацыі БелТА, Мухамэд Алі аль-Абар лічыцца адным з найбольш буйных і паспяховых бізнесоўцаў ААЭ. Ён дарадца ў эканамічных і інвестыцыйных пытаннях (асабістых і дзяржаўных) кіраўнікоў Абу-Дабі і Дубаю. Ён фактычна ідэйны натхняльнік і выканаўца канцэпцыі стварэння сучаснага Дубаю. Мухамэд Алі аль-Абар – суўладальнік буйных міжнародных кампаніяў у галіне электроннага гандлю, грамадскага харчавання, моды і дызайну. Ягоны чысты капітал ацэньваюць на $ 4,6 мільярда.

Hавiны
Лукашэнка аддаў поўнач Менску пад забудову арабскаму інвестару. Што вядома і да чаго тут «Дана»
2021.05.16 10:57

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў