Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын планаваў дзяржаўны пераварот у Малдове яшчэ на пачатку бягучага года, але яго атрымалася перадухіліць, сцвярджае прэзідэнтка Малдовы Мая Санду.
Што Расея плануе здзейсніць у Малдове дзяржаўны пераварот з дапамогай пратэстаў апазіцыі і з прыцягненнем людзей з вайсковай падрыхтоўкай, Мая Санду казала яшчэ на пачатку 2023 года, 13 лютага. Цяпер прэзідэнтка паведаміла, што за гэтымі намерамі стаяў кіраўнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын. Паводле ягонага плану, у Малдове павінны былі адбыцца гвалтоўныя антыўрадавыя пратэсты. Пасля таго, як гэтыя падзеі атрымалася перадухіліць, Расея працягвае спробы павялічыць свой ціск на Малдову, кажа Санду:
«Яны спрабавалі выкарыстоўваць газ, але ў іх не выйшла. Яны спрабавалі зрынуць уладу, і ім гэта не ўдалося. А цяпер яны спрабуюць масава ўмяшацца ў нашы выбары, выкарыстоўваючы вялікія сумы грошай».
У траўні 2023 года Еўразвяз увёў санкцыі супраць прарасейскага алігарха Ілана Шора «за дэстабілізацыю сітуацыі ў Малдове». Праз месяц ягоную партыю «Шор» прызналі неканстытуцыйнай. Санду звярнулася да еўрапейскіх лідараў з просьбай увесці санкцыі супраць кампаніяў, звязаных з Шорам, якія ён выкарыстоўвае для пераводу грошай у краіну.
«Мы не можам гуляць у шахматы з рускімі, калі яны носяць баксёрскія пальчаткі», – заявіла Мая Санду.
Прэзідэнтка распавяла, што спецслужбы Малдовы адсачылі прынамсі €20 мільёнаў, якія Расея завезла ў краіну для выкарыстання ў палітычных мэтах, але рэальная лічба яшчэ вышэйшая.
«Інструменты, якія яны выкарыстоўвалі для ўвозу грошай, вельмі разнастайныя. На працягу некаторага часу мы бачылі, што грамадзянаў Малдовы адпраўлялі ў Маскву на самалётах праз Грузію. І кожны з гэтых людзей вяртаўся і вёз па €10 тысяч. Апошнім часам мы бачым, што яны прывозяць банкаўскія карткі, выпушчаныя ў Дубаі. Яны проста раздаюць тысячы картак. Банкаўскія карткі для людзей, якіх яны спрабуюць падкупіць», – заявіла прэзідэнтка Малдовы.
Заява Санду прагучала праз некалькі дзён пасля таго, як Уладзімір Зяленскі падчас выступу ў Бруселі на пасяджэнні Еўрапейскай рады, распавёў, што праінфармаваў Санду, як украінскай разведцы «удалося перахапіць дэталёвы расейскі план дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў Малдове».
Марыя Міхалевіч belsat.eu